«Сёньня я пачынаю мой візыт у Талін. Я запрошаная міністрам замежных справаў Урмасам Рэйнсалу. Ён сапраўдны змагар за свабоду і адвакат дэмакратычнай Беларусі. Удастоена гонару выступіць з прамовай на пленарным паседжаньні Рыйгікогу з прамовай аб нашай барацьбе за свабоду і супраць расейскага рэваншызму», — паведаміла Ціханоўская ў Twitter.
Падчас сустрэчы Ўрмас Рэйнсалу уручыў Сьвятлане Ціханоўскай копію знойдзенага ў архівах дакумэнта аб прызнаньні незалежнасьці Эстоніі Радай БНР. Урачыстая перадача граматы адбылася ў будынку Міністэрства замежных справаў Эстоніі.
Урмас Рэйнсалу таксама паведаміў, што Эстонія накіруе ў Вільню дыпляматычнага прадстаўніка, які будзе працаваць з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Ён таксама пацьвердзіў, што Эстонія не прызнае рэжыму Лукашэнкі, падзяляе беларусаў і рэжым, а таксама беларускі і расейскі народы.
Падчас двухдзённага візыту ў Эстонію Ціханоўская правядзе шэраг іншых сустрэч. Сярод іх:
- сустрэча з прэзыдэнтам Аларам Карысам;
- сьпікерам эстонскага парлямэнту Юрыем Ратасам;
- з рэктарам Талінскага ўнівэрсытэту Тыну Війкам;
- з рэктарам Талінскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту Тыйтам Ландам;
- зь сябрамі групы беларускіх палітвязьняў і падтрымкі дэмакратыі Рыйгікогу
- зь беларускай грамадой.
Таксама Ціханоўская наведае Мэмарыял ахвярам камунізму ў Эстоніі 1940–1991 гг.