24 лютага Эстонія адзначае Дзень Незалежнасьці. У гэты дзень у 1918 годзе ў Таліне, які тады называўся Рэвэль, была прынятая Дэклярацыя аб незалежнасьці краіны
Якія пункты дотыку маюць Эстонія і Беларусь? Паспрабуем пералічыць.
1. Сівая лінгвістычная даўніна
Сьляды ўзаемных уплываў можна ўбачыць, напрыклад, у эстонскім слове «sõber», якое сугучнае беларускаму «сябар» і значыць тое самае. Сустракаюцца нейкія блізкія архаічныя тэрміны, напрыклад народная назва Млечнага Шляху — Птушыная Дарога — выглядае як даслоўны пераклад эстонскага Linnutee. Або наадварот.
2. Цьвяток радзімы
У наборы нацыянальных сымбаляў абодвух народаў ёсьць адзін супольны — кветка. Дзякуючы Багдановічу, у беларусаў гэта адназначна валошка, сіні васілёк. У эстонцаў васілёк згадваецца ў апісаньні дзяржаўнага сьцяга 1918 году, які складаецца з трох палосаў — васількова-сіняй, чорнай і белай. У 1968 годзе Таварыства аховы прыроды Эстоніі, правёўшы ўсенароднае апытаньне, афіцыйна зацьвердзіла васілёк у якасьці нацыянальнай кветкі.
3. Беларускае студэнцтва ў Дэрпце
Дэрпцкі (Юр’еўскі, Тартускі) унівэрсытэт быў у Расейскай імпэрыі адным з самых прэстыжных, вучыліся там і беларусы. Сярод выпускнікоў — менскі гарадзкі галава Караль Чапскі, гісторык і палітык Усевалад Ігнатоўскі. Вучыўся, але не давучыўся там і Антон Луцкевіч. Прынамсі для іхнага вуха эстонская мова была не чужая. А можа, пару словаў і навучыліся самі.
4. Клясык эстонскай літаратуры жыў у Віцебску
Оскар Лутс, аўтар самай папулярнай у гісторыі эстонскай літаратуры дзіцячай кнігі — раману «Вясна» (Kevade, 1912–1913, пасьля перавыдавалася 21 раз) у гады Першай сусьветнай вайны жыў у Віцебску, дзе працаваў фармацэўтам і ажаніўся зь беларускай Валянцінай Крывіцкай, дачкой віцебскага паліцэйскага прыстава. У 1919 годзе пераехаў у незалежную Эстонію.
5. Паўночны фарпост БНР
У 1919 годзе беларускія палітыкі шукалі дыпляматычнага прызнаньня ў бліжэйшых і далейшых суседзяў. З дыпляматычнай місіяй ў Эстонію прыяжджалі Кузьма Цярэшчанка, Кляўдыюш Душэўскі, Кастусь Езавітаў. У сьнежні 1919 году ў Рэвэлі (Талін) быў адкрыты рэгістрацыйна-пашпартны аддзел місіі БНР. Праз Рэвэль у 1920 годзе БНРаўскія палітыкі вялі дыялёг з бальшавіцкай Расеяй.
6. Ковенскі «Крывіч» чыталі ў Эстоніі
У сьпісе рассылкі часопіса «Крывіч», які выдаваў у 1923–27 гадах у Коўне Вацлаў Ластоўскі, ёсьць і эстонскія адрасы. Чытачамі былі ўжо згаданы пісьменьнік Оскар Лутс, а таксама прафэсар Тартускага ўнівэрсытэту, этноляг і фальклярыст Вальтэр Андэрсан. Прафэсар (сам, дарэчы, родам зь Менску) актыўна ліставаўся з Ластоўскім на этнаграфічныя тэмы, публікаваўся і ў самім «Крывічы».
7. Эстонская школа пад Лёзнам
У 1920–1930-х гадах у БССР існавалі школы для этнічных меншасьцяў краю. Была сярод іх і эстонская — у вёсцы Горбава Лёзьненскага раёну, якая налічвала паўтара дзясятка вучняў і настаўніцу Эмілію. Сьціплую інфармацыю пра яе можна знайсьці ў ... «Картатэцы Сталіна» Радыё Свабода:
ЯНЗЕН-ЯНЗОН Эмілія Аўгустаўна-Густаваўна, нар. 1906 у в. Горбава Лёзьненскага р-ну Віцебскай вобл., эстонка, настаўніца Эстонскай пачатковай школы ў в. Горбава. Арыштаваная 38.09.03. Асуджаная 38.06.21 «асобай нарадай» за к/р дзейнасьць паводле арт. 72, 76 КК на 10 гадоў ППЛ, Ныраблаг. 57.11.14 справа пераглядалася ВТ БВА. УКГБ Віцебскай вобл. 6917-п
Мабыць, чытала настаўніца Эмілія з сваімі дзеткамі і тую Лутсаву «Вясну»... А нацыянальныя школы ў 1938 годзе ўсе пазачынялі і перарабілі на расейскія і беларускія.
8. Разам развальвалі СССР
У гады распаду СССР Эстонія была ў авангардзе. Матэрыялы Эстонскага народнага фронту ў 1988 годзе перакладаліся і пашыраліся ў Беларусі. Беларусы езьдзілі ў Талін, дзе ўдзельнічалі ў масавых мітынгах і сьвятах, прыяжджалі і эстонцы ў Менск, напрыклад, на скандальны зьезд «Тутэйшых». З дапамогай сяброў зь Беларусі ў Эстоніі ўтварыліся беларускія нацыянальныя культурна-грамадзкія суполкі і нават выдалі пару дыхтоўных нумароў газэты «Грунвальд».