20 кастрычніка выйшаў на волю палітвязень Уладзіслаў Гуліс, паведамляе ініцыятыва дапамогі палітвязьням Dissident.by.
Гуліса затрымалі ў верасьні 2020 году за нанясеньне на асфальце каля мэмарыялу Аляксандру Тарайкоўскаму, які загінуў падчас пратэстаў каля станцыі мэтро «Пушкінская», надпісу «Не забудзем».
Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 339 КК (Хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў) і прысудзілі 2 гады калёніі.
Тэрмін палітвязень адбываў у папраўчай калёніі № 9 у Горках.
Палітвязьня Арцёма Калашука асудзілі паўторна
Прычынай для новай крымінальнай справы стаў пост у адным з Telegram-чатаў з выявай Вольгі Чамаданавай і тэкстам пад ім:
«Мы не камэнтавалі і ня будзем камэнтаваць фэйкі. Задачамі МУС зьяўляецца ахова грамадзкага парадку, гарантаваньне бясьпекі і барацьба са злачыннасьцю. У сваёй дзейнасьці мы кіруемся законам».
Гэта рэакцыя Чамаданавай пасьля таго, як у інтэрнэце быў разьмешчаны аўдыёзапіс, на якім голас, падобны да голасу экс-кіраўніка ГУБАЗіКу Мікалая Карпянкова, расказвае пра новую траўматычную зброю, забойства Аляксандра Тарайкоўскага і лягеры для пратэстоўцаў.
Пад варту паводле гэтай крымінальнай справы Арцём быў узяты 27 верасьня. На той момант ён знаходзіўся ў ізалятары пасьля вынясеньня прысуду паводле папярэдняй крымінальнай справы.
У сваім камэнтары Арцём выкарыстоўваў слова «ідыёты», якое лінгвістычная экспэртыза прызнала абразьлівым. Аднак сваю віну мужчына не прызнаў, тлумачачы гэта тым, што ня меў мэты абразіць Чамаданаву і выкарыстоўваў выраз для агульнай характарыстыкі.
Аднак судзьдзя Натальля Панасенка гэтыя аргумэнты не палічыла пераканаўчымі.
З улікам папярэдняга пакараньня, у выглядзе 8 месяцаў калёніі агульнага рэжыму, канчатковы прысуд — 2 гады калёніі. З дня затрыманьня, 5 траўня, Калашуку будуць залічаны дні знаходжаньня ў СІЗА — дзень за паўтара.
Аляксандра Целяшмана працягваюць трымаць у ШЫЗА
Праваабаронцам стала вядома, што адміністрацыя наваполацкай калёніі цісьне на палітвязьня Аляксандра Целяшмана. У ПК-1 ён быў накіраваны ў студзені. За гэты час яго тройчы зьмяшчалі ў штрафны ізалятар. Апошні раз яго зьмясьцілі туды 16 жніўня — хлопец правёў там 40 сутак. Пасьля выхаду адтуль Целяшмана перавялі ў іншы атрад — там яго зноў зьмясьцілі ў штрафны ізалятар. Гэтым разам — на 20 сутак.
Аляксандра абвінавацілі ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» у Берасьці 9–10 жніўня 2020 году паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Яму прызначылі 4 гады і 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму.