Як сьцьвярджае нямецкае выданьне Bild, адмовіцца ад візыту парэкамэндавалі МЗС, МУС і органы бясьпекі Нямеччыны, пастанова была прынятая 18 кастрычніка. У Кіеве, па дадзеных Bild, былі гэтаму зьдзіўленыя. Адзначаецца, што 20 кастрычніка сталіцу Ўкраіны павінен наведаць кіраўнік адной зь дзяржаў (хто менавіта, не называецца).
10 кастрычніка пасьля перапынку ў некалькі тыдняў Кіеў зазнаў расейскі ракетны ўдар. Некалькі наступных дзён па сталіцы Украіны таксама наносіліся ўдары, ёсьць ахвяры сярод мірнага насельніцтва.
Агенцтва DPA адзначае, што Штайнмаер усё ж спадзяецца ажыцьцявіць візыт ва Ўкраіну «ў найбліжэйшы час».
Яшчэ ў траўні прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі запрасіў прэзыдэнта Нямеччыны прыехаць ва Ўкраіну. Гэтаму папярэднічала непаразуменьне паміж дзьвюма краінамі вакол магчымага візыту — Штайнмаер сьцьвярджаў, што зьбіраўся прыехаць у Кіеў яшчэ ў красавіку, пасьля таго, як расейскія войскі пакінулі навакольлі сталіцы Украіны, аднак нібыта не атрымаў згоды ўкраінскага боку.
Нямецкія СМІ сьцьвярджалі, што Зяленскі не хацеў бачыць Штайнмаера, якога да шырокамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну крытыкавалі за цесныя сувязі з Расеяй. Пасьля ўварваньня 24 лютага прэзыдэнт Нямеччыны заявіў, што памыляўся ў сваіх палітычных ацэнках, у прыватнасьці ён назваў памылкай тое, што падтрымліваў будаўніцтва газаправода «Паўночны паток — 2».
Тым часам прэзыдэнт Швайцарскай канфэдэрацыі Ігнацыа Касіс прыехаў з візытам ва Ўкраіну. Ён апублікаваў у сваім твітэры фатаграфію з чыгуначнага вакзала Кіева.
«Вярнуўся ва Ўкраіну праз год пасьля майго апошняга візыту. Мэта: атрымаць уяўленьне аб ваеннай сытуацыі, гуманітарнай сытуацыі і падрыхтоўчай працы па аднаўленьні краіны», — пракамэнтаваў Касіс здымак.