Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У раёнах Гомельскай вобласьці камісарыяты пачалі праверку стану вайсковага ўліку


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Гомельскім раёне з 17 кастрычніка па 4 лістапада будзе праходзіць «праверка стану вайсковага ўліку ў мясцовых выканаўчых і распарадчых органах, у арганізацыях», паведамляе газэта Гомельскага райвыканкаму.

Як паведаміў газэце «Маяк» вайсковы камісар Гомельскага раёну Дзьмітры Калесьнікаў, цяпер ваенкамат Гомельскага раёну выконвае плянавыя захады па актуалізацыі сыстэмы ўліку і аналізу прызыўнікоў і вайсковаабавязаных.

Паводле камісара, кампанія складаецца з 2 этапаў. Першы заключаецца ў сыстэматызацыі стану воінскага ўліку. Яе арганізуюць вясковыя выканаўчыя камітэты на сваіх адміністрацыйных тэрыторыях і арганізацыі. Яны выклікаюць вайсковаабавязаных для зьверкі ўліковых дадзеных. Пасьля зьвесткі перадаюцца ў вайсковы камісарыят, дзе зьвяраюць карткі першаснага ўліку вайсковаабавязаных з уліковымі дадзенымі камісарыяту.

Пра другі этап камісар нічога не сказаў.

Удакладненьне сьпісу прызыўнікоў цяпер адбываецца і ў Калінкавіцкім раёне: 18 кастрычніка ў рэдакцыю «Флагштока» трапіў ліст Калінкавіцкага вайсковага камісарыяту ад 14 кастрычніка 2022 году з патрабаваньнем прадставіць сьпісы вайсковаабавязаных работнікаў у тэрмін да 28 кастрычніка.

«Флагшток» на ўмовах ананімнасьці ўдакладніў у кіраўніка адной з буйных арганізацый гораду Калінкавічы, ці звычайная гэта практыка, што ваенкамат рассылае такія лісты. Той паведаміў, што прадпрыемства раней ліста з падобным зьместам не атрымлівала.

Як адзначае выданьне, імаверна, удакладненьне сьпісаў вайсковаабавязаных грамадзян закране ўсе раёны Гомельскай вобласьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG