Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебскіх цепласетках стварылі штаб апавяшчэньня на выпадак мабілізацыі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Чытач выданьня «Зеркало» распавёў, што ў Віцебску на прадпрыемстве кацельняў і цеплавых сетак «ВПКіЦС» ствараюць штаб апавяшчэньня на выпадак мабілізацыі. У выпадку, калі яе аб’явяць, супрацоўнікі, якія ўвайшлі ў падразьдзяленьне, будуць выконваць шэраг функцый: напрыклад, раздаваць позвы ваеннаабавязаным работнікам.

Паводле інфармацыі чытача, штаб стварылі паводле рашэньня Віцебскага гарвыканкаму ад 19 ліпеня 2022 году № 758 «Аб забесьпячэньні комплексу мерапрыемстваў па мабілізацыйнай падрыхтоўцы і ў пэрыяд правядзеньня мабілізацыі грамадзян і транспартных сродкаў на тэрыторыі горада».

Суразмоўца патлумачыў, што ў штаб увайшлі некалькі дзясяткаў чалавек. «Запусьціць» яго можа ваенны камісарыят, як толькі адтуль паступіць сыгнал — ва ўказаны тэрмін структура павінна прыступіць да працы.

Асноўная задача штабу — своечасова апавясьціць ваеннаабавязаных работнікаў прадпрыемства: на працы ці па месцы жыхарства ўручыць ім пад росьпіс позвы. Падчас апавяшчэньня начальнікі падразьдзяленьняў павінныя адпусьціць ваеннаабавязаных з працы і прасачыць, каб яны анакіраваліся туды, дзе будуць уручаць позвы, а потым — дадому за рэчамі.

У спакойны час штабу трэба толькі штогод удакладняць у ваенкамаце плян трэніровак для ўдзельнікаў і адпрацоўваць, як дзейнічаць у выпадку мабілізацыі, патлумачыў чытач.

Пад выглядам жонкі аднаго з супрацоўнікаў «Зеркало» патэлефанавала ў цеплавыя сеткі, каб удакладніць, ці сапраўды на прадпрыемстве ствараюць такі штаб. «Так, дакумэнт аб стварэньні штабу апавяшчэньня ёсьць. Такое было і раней», — адказалі ў цеплавых сетках. Навошта штаб апавяшчэньня патрэбен зараз, растлумачыць не змаглі.

У ваенным камісарыяце горада Віцебска, Віцебскага і Лёзьненскага раёнаў журналістаў традыцыйна супакоілі: «Мабілізацыі няма», «у нас пакуль праходзяць плянавыя зборы».

Інфармацыяй пра тое, ці сапраўды на прадпрыемстве можа стварацца нейкі штаб апавяшчэньня, дзяжурны не валодаў, але дадаў, што калі «ня дай Бог, [нешта здарыцца], на дырэктара прадпрыемства ўскладзены абавязак апавясьціць асабісты склад прадпрыемства». Паводле дзяжурнага ваенкамату, такія штабы «былі і раней пры Савецкім Саюзе, а цяпер па спрошчанай схеме».

  • 4 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка сабраў нараду па пытаньнях ваеннай бясьпекі, дзе абверг чуткі наконт мабілізацыі ў Беларусі. Пры гэтым ён даручыў правесьці праверку ваеннаабавязанага складу, але «без усялякага гвалту, бяз шуму».
  • 7 кастрычніка міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што краіна пры неабходнасьці можа выставіць рэсурс у 500 тысяч вайсковабавязаных.
  • 13 кастрычніка «Нашай ніва» са спасылкай на свае ананімныя крыніцы паведаміла, што Аляксандар Лукашэнка нібыта прыняў рашэньне аб правядзеньні схаванай мабілізацыі ў Беларусі для даўкамплектацыі баявых частак, якая будзе ісьці пад выглядам праверкі баяздольнасьці. На першым этапе яна нібыта ня будзе закранаць вялікіх гарадоў, мабілізоўваць будуць найперш сельскае насельніцтва.
  • Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч 13 кастрычніка на сустрэчы з работнікамі ААТ «Беларуськалію» паведаміў, што ніякай мабілізацыі ў Беларусі не плянуецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG