Уначы Расея бамбіла Запарожжа і Мікалаеў. Раніцай — Дніпро, Жытомір і Кіеў.
У Кіеве пашкоджаны энэргетычны аб’ект на левым беразе Дняпра
У Кіеве небясьпека атак трымалася зь невялікім перапынкамі ўсю ноч і раніцу. На пачатку 10-й гадзіны мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў аб пашкоджаньні на левым беразе Дняпра аб’екта крытычнай інфраструктуры.
Напэўна, вядзецца аб цеплаэлектрацэнтралі ў Дзясьнянскім раёне — гэта найбольшы ў сталіцы раён у колькасьці насельніцтва, бо адразу пасьля вубуху ў жылым масіве адключылася энэргазабесьпячэньне.
У Кіеве расказалі аб наступствах ранішніх абстрэлаў
Першы намесьнік кіраўніка Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі Мікола Паварозьнік заявіў, што сытуацыя з аднаўленьнем пашкоджанай ранішнімі абстрэламі крытычнай інфраструктурай застаецца вельмі складанай.
«Адмыслоўцы цяпер працуюць над аднаўленьнем вода- і энэргазабесьпячэньня. У частцы будынкаў па левым беразе сьвятло аднавілі, працы трываюць, але сытуацыя надзвычайна складаная, таму што пашкоджаны аб’ект уваходзіць у пералік крытычных аб’ектаў інфраструктуры горада», — сказаў Мікола Паварозьнік на брыфінгу ў Кіеве 18 кастрычніка.
Прадстаўнік адміністрацыі заклікаў жыхароў Кіева эканоміць ня толькі электраэнэргію, але і ваду.
«Што датычыць адключэньняў, яны магчымыя, таму мы мусім максымальна зьнізіць спажываньне, каб яна была хаця б у мінімальным доступе», — дадаў ён.
Мікола Паравозьнік удакладніў, што з-пад завалаў разбуранага дронам жылога будынку ў Шаўчэнкаўскім раёне сталіцы выратавальнікі дасталі цела яшчэ адной загінулай. «Ад учорашніх абстрэлаў загінулі 5 грамадзян», — паведаміў прадстаўнік кіеўскай адміністрацыі.
Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што ў выніку абстрэлаў раніцай 18 кастрычніка загінулі 2 грамадзян.
Прэсавы афіцэр Дзяржаўнай службы Ўкраіны ў пытаньнях надзвычайных сытуацый Аляксандар Харунжы на брыфінгу ў Кіеве паведаміў, што ў выніку ранішняга абстрэлу 18 красавіка ва Ўкраіне загінулі пяць грамадзян і яшчэ пяцёра атрымалі траўмы.
«З 7 кастрычніка, калі пачаліся масавыя абстрэлы, ва Ўкраіне загінулі 70 грамадзян, траўмаваныя больш як 245 грамадзян, пашкоджана звыш 380 аб’ектаў», — сказаў ён.
Аляксандар Харунжы ўдакладніў, што ў Кіеве пасьля абстрэлу ў Дзясьнянскім раёне пажар ахапіў 1400 квадратных мэтраў пашкоджанага аб’екта.
«Па жылых будынках ня маем інфармацыі, але, улічваючы, што яны на адлегласьці, то максымум, што магло быць, — гэта павыляталі шыбы», — паведаміў ён. Паводле яго, двое загінулых, якіх знайшлі пад заваламі, былі супрацоўнікамі ЦЭЦ.
На Днепрапятроўшчыне няма сьвятла і праблемы з вадой
У выніку ранішняй ракетнай атакі безь сьвятла застаўся і горад Дніпро. Паводле абласных уладаў, без электрычнасьці засталося некалькі раёнаў абласнога цэнтру і некалькіх навакольных населеных пунктаў. Абясточана адна з помпавых станцый мясцовага водаканалу, таму шмат спажыўцоў засталіся без вады.
Ад выбухаў у жылых будынках побач з атакаванымі інфраструктурнымі аб’ектамі павыляталі шыбы.
Пра ахвяры таксама пакуль нічога невядома. Паветраная трывога працягваецца.
Улады Жытоміра заклікалі забраць дзяцей з адукацыйных устаноў
У Жытоміры расейцы таксама ўдарылі па аб’ектах, якія забясьпечваюць горад электрычнасьцю і вадой. Горад цалкам абясточаны.
Мэр абласнога цэнтру Сяргей Сухамлін паведаміў, што мэдычныя ўстановы ўдалося перавесьці на рэзэрвовае забесьпячэньне электраэнэргіяй. «Інфармацыю аб пацярпелых і пашкоджаньні дамо пазьней. Усе службы пачнуць працу адразу па завяршэньні новых атак», — паведаміў кіраўнік горада.
Улады заклікалі бацькоў пасьля завяршэньня трывогі забраць сваіх дзяцей са школ і дзіцячых садкоў. Праз адсутнасьць электраэнэргіі там ня могуць прыгатаваць дзіцячыя абеды. Навучаньне зноў плянуюць перавесьці на дыстанцыйны рэжым.
Дроны даляцелі да Запарожжа
Запарожжа расейцы атакуюць ня толькі з тэрыторыі акупаваных раёнаў Запароскай і Херсонскай абласьцей. Уначы ішла атака дронамі. У выніку адной з такіх атак загарэўся інфраструктурны аб’ект і разбураны склад.
Паводле ўладаў, у абодвух выпадках абышлося без пацярпелых.
У Мікалаеве цалкам зруйнавалі жылы дом
У Мікалаеве, нягледзячы на сталыя пагрозы і атакі, улады змаглі аднавіць энэргазабесьпячэньне.
У ноч на 18 кастрычніка расейская ракета цалкам разбурыла двухпавярховы жылы дом у цэнтры гораду. З-пад завалаў пакуль дасталі цела аднаго мужчыны.
Мікалаеў і Мікалаеўскую вобласьць атакавалі спачатку дронамі, а потым яшчэ і ракетамі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.