Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У верасьні падчас пратэстаў у Іране загінулі прынамсі 23 непаўналетнія


Дзеці і падлеткі, якія загінулі падчас пратэстаў у Іране
Дзеці і падлеткі, якія загінулі падчас пратэстаў у Іране

Падчас антыўрадавых пратэстаў у Іране толькі ў верасьні загінулі як найменей 23 непаўналетнія.

Пра гэта паведамляюць Amnesty International і іншыя праваабарончыя групы, якія працуюць у рэгіёне. Самым юным з загінулых было 11 гадоў. Яны былі забітыя пры разгонах паліцыяй дэманстрацый і мітынгаў.

Amnesty International удакладняе, што сярод загінулых непаўналетніх — 20 падлеткаў мужчынскага полу ад 11 да 17 гадоў і тры дзяўчыны 16–17 гадоў. Каля паловы зь іх належалі да этнічных меншасьцяў і загінулі ў «крывавую пятніцу» 30 верасьня — дзень найбольш жорсткіх разгонаў дэманстрантаў сіламі правапарадку.

У цэлым, паводле зьвестак Amnesty International, з пачатку пратэстаў па 3 кастрычніка ў Іране загінулі 144 чалавекі. Пратэсты ў краіне працягваюцца, як і жорсткія дзеяньні паліцыі.

Пратэсты ў Іране пачаліся ў сярэдзіне верасьня пасьля гібелі 22-гадовай абаронцы правоў жанчын Махсы Аміні з курдзкай меншасьці. Яе затрымала і зьбіла паліцыя нораваў за распушчаны хіджаб. Праз тыдзень пратэсты ахапілі больш за трыццаць іранскіх гарадоў, уключаючы сталіцу краіны — Тэгеран.

Пратэстоўцы патрабуюць абароны правоў жанчын, спыненьня паліцэйскага свавольства, дэмакратызацыі Ірану і адстаўкі ўраду. Жанчыны на мітынгах зрываюць зь сябе хіджабы і абразаюць свае валасы ў знак барацьбы супраць прыгнёту.

Вярхоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі, сыходу якога патрабуюць пратэстоўцы, абвінаваціў у арганізацыі беспарадкаў ЗША і сіяністаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG