Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран: да пратэстаў далучаюцца школьніцы і студэнткі


Іранскія школьніцы здымаюць хусткі на знак пратэсту, 3 кастрычніка 2022
Іранскія школьніцы здымаюць хусткі на знак пратэсту, 3 кастрычніка 2022

Антыўрадавыя пратэсты ў Іране, выкліканыя сьмерцю маладой жанчыны пасьля затрыманьня паліцыяй, працягваюцца 17-ы дзень. Да акцыі далучыліся студэнты ўнівэрсытэтаў і старшаклясьнікі.

У сацыяльных сетках распаўсюджваюцца відэазапісы беспарадкаў у Тэгеране, Караджы, Шыразе і Ісфахане, на якіх дэманстранты скандуюць лёзунг «Сьмерць дыктатару».

Прэзыдэнт Ірану Ібрагім Раісі падчас сэсіі парлямэнту прызнаў «слабасьці і недахопы» ў краіне, але, як і духоўны лідэр аятала Алі Хамэнэі, абвінаваціў у пратэстах вонкавыя сілы.

Маштаб беспарадкаў, самых працяглых за апошняе дзесяцігодзьдзе, цяжка праверыць, бо ўрад блякуе доступ да сацыяльных сетак і Інтэрнэту.

Відавочцы паведамлялі пра стыхійныя сходы па ўсёй краіне, якія суправаджаліся актамі непадпарадкаваньня. Напрыклад, пратэстоўцы выкрыквалі лёзунгі з дахаў дамоў, жанчыны спальвалі абавязковыя хусткі.

Студэнты-мэдыкі ўнівэрсытэту Гілан пратэставалі 4 кастрычніка супраць выкарыстаньня сіламі бясьпекі машын хуткай дапамогі для здушэньня дэманстрацый.

Пратэсты ў Іране пачаліся ў сярэдзіне верасьня пасьля сьмерці 22-гадовай Махсы Аміні. Яе затрымала паліцыя за няправільнае нашэньне хіджаба. Афіцыйныя асобы заявілі, што яна памерла ад сардэчнага прыступу, але яе сваякі і некаторыя праваабарончыя групы адпрэчылі гэтыя заявы, падкрэсьліўшы, што Аміні была пабітая падчас затрыманьня.

Паводле паведамленьняў з роднага гораду Махсы Аміні, Сакез у іранскай правінцыі Курдыстан, настаўнікі страйкуюць у школах, а студэнткі і школьніцы пратэстуюць на вуліцах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG