Пасьля глухой двухгадовай міжнароднай ізаляцыі, калі Лукашэнка сустракаўся толькі з Пуціным і расейскімі губэрнатарамі (нават саміты АДКБ і ЭАЭС праходзілі ў рэжыме онлайн), цяпер дзяржаўныя мэдыя пішуць пра «дыпляматычны прарыў».
Месяц таму Лукашэнка ўзяў удзел у саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) у Самаркандзе, дзе сустрэўся з шэрагам кіраўнікоў азіяцкіх дзяржаў, у тым ліку са старшынём КНР Сі Цзіньпінам. (Там, дарэчы, было прынятае рашэньне аб пачатку працэдуры прыёму Беларусі ў члены ШАС).
Гэтым разам Лукашэнка ў Астане бярэ ўдзел у саміце Нарады па ўзаемадзеяньні і мерах даверу ў Азіі. Гэта нешта кшталту АБСЭ ў Эўропе. Беларусь там (як і ў ШАС) прысутнічае ў якасьці назіральніка. Саміты праводзяцца раз на чатыры гады.
У Астане абмяркоўваюцца тэмы супрацоўніцтва ў эканоміцы, мерах бясьпекі і іншыя праблемы азіяцкага рэгіёну, да якіх Беларусь мае вельмі адноснае дачыненьне. Але, паколькі ў Эўропе Беларусь — краіна нон-грата, то даводзіцца езьдзіць у Азію, каб там на розных форумах сядзець на прыстаўным крэсьле (статус назіральніка).
Лукашэнка ў сваім выступе ў Астане скардзіўся лідэрам краін Азіі на Захад, пужаў іх сусьветнай вайной, якую нясе, як ён лічыць, палітыка NATO, заклікаў іх падтрымаць Беларусь, даць адпор заходнім краінам і ўвогуле аб’яднацца ў супрацьстаяньні «аднапалярнаму сьвету». Казаў, што Азія становіцца цэнтрам сьвету, і гэтым апраўдваў сваю арыентаваную на ўсход дыпляматыю. Гэта быў хваласьпеў, гімн Азіі як апірышчу выратаваньня чалавечай цывілізацыі ад падступнага і вар’яцкага Захаду.
Зразумела, усе гэтыя паездкі на розныя азіяцкія форумы, кароткія перамовы ў кулюарах з кіраўнікамі дзяржаў ня будуць мець нейкіх значных практычных наступстваў у пляне эканамічным, фінансавым або вайскова-палітычным. Яны хіба што даюць багатую спажыву для дзяржаўнай прапаганды. Маўляў, глядзіце, колькі замежных лідэраў паціскаюць Лукашэнку руку, якая ж гэта міжнародная ізаляцыя?
Але тут цікава іншае. Хачу нагадаць, што Беларусь — адзіная краіна Эўропы, якая стала чальцом Руху недалучэньня. У 2016 годзе Лукашэнка ўзяў удзел у саміце Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва. Ён быў адзіным лідэрам неісламскай дзяржавы, які там прысутнічаў.
І гісторыя з далучэньнем да ШАС, і ўдзел у цяперашнім азіяцкім форуме дэманструюць, што Беларусь мяняе геапалітычную арыентацыю. Такі парадокс палітыкі часоў Лукашэнкі. Беларусь гістарычна, геаграфічна, геапалітычна, цывілізацыйна, эканамічна — частка Эўропы. Але Лукашэнка сьвядома адмаўляецца ад інтэграцыі ў эўрапейскую супольнасьць. Кіраўніцтва краіны, зыходзячы зь лёгікі палітычнага выжываньня, добраахвотна і сьвядома выбірае сваімі саюзьнікамі дзяржавы, далёкія ад Беларусі геаграфічна, зь іншымі мэнталітэтам, гісторыяй, культурай, рэлігіяй, фактычна гвалтам выштурхоўвае туды беларускі соцыюм. Ніякіх асаблівых выгод краіне, народу гэта не прыносіць. А вось выдаткаў шмат. Зьмена цывілізацыйнай матрыцы для краіны — працэс надзвычай балючы. І наўрад ці магчымы.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.