Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артылерыяй па поўдні і дронамі па цэнтры і поўначы. Расея працягвае атакаваць інфраструктуру і сацыяльныя аб’екты Ўкраіны


Наступствы расейскіх абстрэлаў Украіны
Наступствы расейскіх абстрэлаў Украіны

Чацьвёрты дзень запар Расея тэрарызуе мірныя і прыфрантавыя гарады Ўкраіны, нацэльваючы ракеты на жылыя кварталы, аб’екты энэргетыкі і сувязі.

Ва Ўкраіне ўведзены жорсткі рэжым энэргаэканоміі, папярэдзілі аб абмежаваньні тэмпэратурнага рэжыму ацяпленьня жылога сэктару зімой.

12 кастрычніка ў выніку абстрэлаў ва Ўкраіне загінулі 17 і атрымалі раненьні 37 грамадзян.

Пад агнём 40 населеных пунктаў па ўсёй краіне

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што за мінулыя содні Расея нанесла 3 ракетныя і 21 авіяцыйны ўдар па больш як 40 населеных пунктах Мікалаеўскай, Віньніцкай, Чаркаскай, Херсонскай, Запароскай, Днепрапятроўскай, Данецкай і Луганскай абласьцей.

«Для гэтага вораг выкарыстаў крылатыя, авіяцыйныя, зэнітныя кіраваныя ракеты і бесьпілётныя лятальныя апараты іранскай вытворчасьці», — паведаміў сьпікер украінскага Генштабу Аляксандар Штупун.

Уначы моцна абстралялі Нікапальскі раён Днепрапятроўскайй вобласьці. Мясцовыя ўлады паведамілі, што ў раённым цэнтры пашкоджана амаль 30 жылых дамоў, лякарня, музэй, дзіцячы садок, сабор, газаправоды і лініі электраперадач.

У Мікалаеве ўначы ракета пашкодзіла пяціпавярховы жылы дом — 11-гадовы хлопчык шэсьць гадзін знаходзіўся пад заваламі. Яго выратавалі і цяпер аказваюць мэдычную дапамогу. Расейцы цалкам разбамбілі лодачную станцыю.

вынікрі расейскай ракетнай атакі на офіс кампаніі Samsung і электрастанцыю ў Кіеве. Фота Maxar Technologies, 12 кастрычніка 2022
вынікрі расейскай ракетнай атакі на офіс кампаніі Samsung і электрастанцыю ў Кіеве. Фота Maxar Technologies, 12 кастрычніка 2022

Дроны даляцелі да шматпакутных Макарава і Бучы на Кіеўшчыне

Увечары 12 і раніцай 13 кастрычніка ва ўсіх паўночных і цэнтральных рэгіёнах абвяшчалася паветраная трывога ў сувязі з атакай дронамі.

Улады Кіеўскай вобласьці паведамілі, што ад дронаў-камікадзэ пацярпелі Макараўскі і Бучанскі раён. У выніку абстрэлу пашкоджаны будынкі, папярэднія зьвесткі — без ахвяр.

Над Чаркаскай вобласьцю супрацьпаветраныя сілы Ўкраіны зьбілі адзін бесьпілётнік «Shahed-136», па чатыры — над Віньнічынай і Адэшчынай і два — над Мікалаеўшчынай.

Выведка Вялікай Брытаніі: дроны не эфэктыўныя

Расея пачала актыўна выкарыстоўваць іранскія дроны з 10 кастрычніка. Але, як адзначае выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі, з 86 бесьпілётнікаў, запушчаных Расеяй, украінскія СПА зьбілі больш за палову.

Паводле брытанскіх выведнікаў, іранскія дроны павольныя і лятаюць вельмі нізка. Нягледзячы на заяўленую далёкасьць палёту (да 2500 кілямэтраў), гэтыя бесьпілётнікі ня могуць пераносіць вялікія выбуховыя нагрузкі.

На Данеччыне Расея спыняе наступ?

Актыўныя баі вядуцца на Краматорскім, Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках у Данецкай вобласьці. У той жа час украінская выведка атрымала інфармацыю, што на асобных кірунках баёў у Данеччыне расейскія падразьдзяленьні пачалі атрымліваць распараджэньні ад вышэйшага кіраўніцтва часова спыніць наступальныя дзеяньні.

Паводле ўкраінскай выведкі, галоўная прычына — нізкі маральна-псыхалягічны стан вайскоўцаў, шматлікія факты дэзэртырства зь ліку мабілізаваных і невыкананьня загадаў.

У апэратыўным камандаваньні «Поўдзень» паведамілі, што расейскія войскі спрабавалі атакаваць каля вёсак Кастромка і Сухі Ставок у Херсонскай вобласьці. Але пасьля істотных страт вымушаныя былі адступіць.

На паўднёвым кірунку ўкраінская авіяцыя і артылерыя зьнішчыла 5 складоў з расейскімі боепрыпасамі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG