Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі я казаў, што мне ня трэба грошай, бачыў зьдзіўленьне ў вачах». Беларус стварыў ініцыятыву ўзаемадапамогі на дарогах Літвы


Павал Філіповіч
Павал Філіповіч

Валянтэр зь Беларусі Павал Філіповіч стварыў ініцыятыву ўзаемадапамогі на дарогах Літвы. Празь яе аўтамабілісты дапамагаюць адзін аднаму ў цяжкіх сытуацыях. У тэлеграм-канале ініцыятывы Павал публікуе шмат карыснай інфармацыі для кіроўцаў.

«Хтосьці стаў пасярод дарогі і ня ведае, што рабіць»

Ідэя праекту «Ўзаемадапамога на дарогах Літвы» ўзьнікла ў сьнежні 2021 году, калі ў Вільні была моцная завіруха, а Павал выехаў на дапамогу аўтамабілістам.

«Гэтая звычка дапамагаць на дарозе засталася яшчэ пасьля „Хаўеру“ ў Менску. У мяне машына, якая добра праходзіць, і недзе апоўначы, калі пачаўся вельмі моцны сьнегапад, я вырашыў, што магу камусьці дапамагчы. Я прыехаў на запраўку ў Вільні і спытаў апэратара, ці ёсьць тут нейкая суполка, куды людзі зьвяртаюцца па дапамогу. Мне сказалі, што такога ня ведаюць, таму я проста паехаў калясіць па Вільні, ваколіцах гораду і даехаў амаль да мяжы Беларусі, дзе было вельмі шмат машын, якія захрасьлі. Я проста дапамагаў людзям. Была дзяўчына, якая прабіла кола і не магла паставіць запаску, бо яна вельмі цяжкая. І вось у той момант зьявілася ідэя, што было б клясна стварыць такую суполку ўзаемадапамогі», — кажа Павал Філіповіч.

Хлопец кажа, што людзі зьдзіўляліся ягонай прапанове дапамагчы.

«Людзі пыталі, колькі будзе каштаваць такая дапамога. Калі я казаў, што мне ня трэба грошы, што я проста хачу дапамагчы, то бачыў зьдзіўленьне ў вачах», — усьміхаецца Павал.

У ініцыятыву таксама зьвяртаюцца людзі, у якіх ёсьць цяжкасьці зь фінансамі, яны ня могуць выклікаць эвакуатар.

«Я часта атрымліваю просьбы, што разрадзіўся акумулятар і трэба пад’ехаць „прыкурыць“ аўтамабіль. Калі зьвярнуцца ў службу, то за такую паслугу прыйдзецца аддаць каля 50 эўра. У кагосьці дэфіцыт часу і трэба тэрмінова ехаць, хтосьці стаў пасярод дарогі і ня ведае, што рабіць. Таму я вырашыў стварыць такую супольнасьць аўтавалянтэраў».

Мэханізм дзеяньня ініцыятывы такі:

«Чалавек піша, напрыклад: „Я знаходжуся па такім і такім адрасе, у мяне разрадзіўся акумулятар, дратоў няма. Мне патрэбна дапамога“. Ён пакідае кантакт для сувязі, і тыя, хто можа дапамагчы, зьвязваюцца і дапамагаюць».

За паўгода існаваньня ініцыятывы ўдалося дапамагчы 50–60 чалавекам. Павал — дасьведчаны аўтамэханік, таму публікуе ў канале шмат карысных пастоў для кіроўцаў.

«Я ведаю розныя нюансы, таму пэрыядычна выкладаю пасты. Вось зараз рыхтую матэрыял, як правільна падабраць зімовую гуму, бо там таксама ёсьць тонкасьці. Я стараюся расказваць пра гэта кіроўцам і павышаць іхную дасьведчанасьць».

«Патраціў пару хвілін, а чалавек шчасьлівы паехаў на аўтамабілі»

Самыя частыя выпадкі, якія здараюцца на дарозе, — разраджаныя акумулятары, кажа Павал.

«Хтосьці забывае выключыць сьвятло, у кагосьці акумулятар мае слабую ёмістасьць і летам працуе добра, але з надыходам першых халадоў машына пастаіць 2–3 гадзіны — і ня можа запусьціцца. Бывае, прыходзяць запыты, што кагосьці трэба адбуксаваць на станцыю. Некаторым трэба, каб параілі, дзе купляць запчасткі, куды зьвярнуцца па рамонт. І вось так усе пытаньні, зьвязаныя з аўтамабілямі, абмяркоўваюцца ў суполцы, людзі дзеляцца сваім досьведам і парадамі».

На дарозе здараліся і незвычайныя выпадкі, прыгадвае Павал.

«Быў выпадак, калі хлопец ехаў на старэнькай машыне, у яго скончылася дызэльнае паліва, ён неяк даштурхаў яе да запраўкі. Але машына не заводзілася, бо ў паліўнай сыстэме ўтварыўся паветраны корак. Ён праваждаўся каля 4 гадзін, але нічога не ўдавалася, яшчэ і акумулятар разрадзіўся. Ягоны знаёмы расказаў пра наш тэлеграм-канал. Я да яго прыехаў, мы ўзялі запальную вадкасьць і пырснулі ў калектар, каб справакаваць іскру выбуху ў рухавіку, — і ўсё атрымалася! На гэта пайшло пару хвілін, а чалавек шчасьлівы паехаў на аўтамабілі».

Павал шмат піша пра свае назіраньні, дзе і які сэрвіс найбольш спадабаўся.

«Напрыклад, я абслугоўваў свой аўтамабіль, прыехаў на станцыю і глядзеў, як мэханікі выконваюць сваю працу. І вось адна станцыя мне вельмі спадабалася, было ўдвайне прыемна, што гэта нашы беларусы, таму я напісаў пра іх у канале. Гэта не рэкляма, а карысныя парады».

Таксама да Паўла зьвяртаюцца з просьбамі прарэклямаваць розныя аўтамабільныя паслугі.

«Я шмат маю зносінаў з аўтамабільнымі бізнэсамі. Але рэкляма за грошы мяне не цікавіць, я ня маю мэты зарабляць на гэтай ініцыятыве. Вось да мяне зьвярнуліся хлопцы, якія адкрылі аўтахімчыстку, і прасілі расказаць пра іх. Я ім прапанаваў правесьці розыгрыш сэртыфікату, і той, хто выйграў, сам напісаў поўны, сумленны водгук пра гэтую кампанію, пра паслугу. Таксама прапанаваў зрабіць праграму ляяльнасьці для ўдзельнікаў нашай суполкі».

«У Беларусі ўсе кіроўцы заўсёды кудысьці сьпяшаюцца»

Бывае, удзельнікі суполкі спрабуюць пісаць пра радары хуткасьці ці паліцыю ў розных месцах, але Павал супраць такіх паведамленьняў.

«Я кантралюю гэтую сытуацыю. І ў правілах напісана, што мы камунікуем у суполцы толькі ў пытаньнях, зьвязаных з тэхнічнай часткай аўтамабіляў. Каб не ператварыць гэтую ініцыятыву ў месца, дзе будзе абмяркоўвацца паліцыя, могуць узьнікаць спрэчкі, канфлікты. Мой асноўны пасыл — гэта ўзаемадапамога на дарозе ў тэхнічным пляне».

Хлопец кажа, што з свайго досьведу аўтамабіліста і валянтэра на дарозе заўважыў розьніцу ў культуры кіраваньня аўтамабілем.

«У Беларусі ўсе кіроўцы заўсёды некуды сьпяшаюцца. Ад гэтага яны больш у стрэсе, больш адбываецца канфліктаў на дарозе. А ў Літве ўсе кіроўцы едуць даволі спакойна, канфлікты я вельмі рэдка заўважаю, ну і сама манера кіраваньня больш спакойная».

Павал хоча арганізаваць жывую сустрэчу з удзельнікамі суполкі.

«Магчыма, наступным летам зраблю: каб усе выбраліся, актыўна адпачылі, пагулялі ў футбол, баскетбол, пазнаёміліся між сабой. Я хачу больш зьяднаць супольнасьць, унесьці яскравыя моманты».

Мужчына дадае, што хацеў бы пашырыць ініцыятыву ўзаемадапамогі на дарогах іншых краін, але пакуль на ўсё не стае часу.

«У мяне ёсьць досьвед, таму я з задавальненьнем падзяліўся б ім зь іншымі людзьмі, каму цікава такое рабіць, дапамагаў бы ў тым, каб гэтыя праекты былі ў іншых краінах. Я думаю, гэта клясная ідэя, якая павышае згуртаванасьць і культуру кіроўцаў».

На што варта зьвярнуць увагу аўтамабілістам перад пачаткам зімовага сэзону?

Самае важнае — абслужыць аўтамабіль да зімы, каб мінімізаваць небясьпечныя сытуацыі, кажа Павал.

«Гэта абавязковая праверка вадкасьцяў, цечы радыятара. Вельмі важна зьвярнуць увагу на стан гумы, якую будзеце выкарыстоўваць, яе год выпуску. Важна, каб у машыне заўсёды ляжалі драты, трос, невялікая рыдлёўка — яны дапамогуць справіцца з рознымі сытуацыямі самому або аказаць камусьці дапамогу. Важна праверыць ахаладжальную вадкасьць. Напрыклад, чалавек ня можа выехаць, хутка расьце тэмпэратура рухавіка, і калі ахаладжальная вадкасьць будзе мець слабую шчыльнасьць, то матор пачне перагравацца, трэба будзе глушыць аўтамабіль, а чалавеку прыйдзецца мерзнуць. Абавязкова праверце ёмістасьць акумулятара, стан батарэі, каб ня здарылася так, што вы пакінулі машыну, прыйшлі праз паўгадзіны, а яна ўжо не заводзіцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG