Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паветраныя трывогі перашкаджаюць мне спаць».  З чым цяпер сутыкаюцца беларусы ва Ўкраіне


Беларуска з Адэсы Яўгенія Цюленева
Беларуска з Адэсы Яўгенія Цюленева

Дыскрымінацыя за «сіні пашпарт», цяжкасьці зь легалізацыяй, хэйт у сацыяльных сетках – тое, з чым сутыкнуліся беларусы ва Ўкраіне пасьля пачатку вайны. Многія беларусы мусілі другі раз пасьля падзей 2020 году мяняць месца жыхарства. Іншыя, нягледзячы ні на што, застаюцца ва Ўкраіне.

Свабода сабрала чатыры гісторыі беларусаў.

«Украіна для мяне адзіны прымальны варыянт, дзе быць у эміграцыі»

Літаратар і журналіст Алесь Мінаў атрымаў у Беларусі тры гады «хіміі» паводле «народнага» артыкулу за масавыя беспарадкі. Ён кажа, што вырашыў, што на волі зь яго будзе больш карысьці, і ў сьнежні 2021 году выехаў ва Ўкраіну.

«Украіну выбраў з ідэйных меркаваньняў, і яна для мяне была адзіным прымальным варыянтам, дзе правесьці час у эміграцыі. Тым больш у БДУ я вывучаў украінскую мову. Жыў спачатку ў Кіеве. У лютым перабраўся ў Івана-Франкоўск. У Кіеве сталі высокія цэны на арэнду жытла, ды і захацелася зьмяніць атмасфэру», — тлумачыць Алесь.

Беларускія рэдакцыі, якія пасьля закрыцьця СМІ ў Беларусі перабраліся ва Ўкраіну, прапаноўвалі супрацоўнікам пераехаць у краіны ЭЗ.

«Але я катэгарычна адмовіўся. Бо, шчыра кажучы, ня думаў, што будзе такі маштаб ваенных дзеяньняў, што будзе так фатальна. Другое — бачыў настроі ўкраінцаў, што яны не зьбіраюцца здавацца, будуць ваяваць за сваю зямлю. У першыя дні вайны я быў у Львове. Бачыў, што працуе чыгунка, што вялізная колькасьць вайскоўцаў рухаецца на ўсход. Гэта мяне супакоіла — што ідзе абарончы працэс, што няма ўцёкаў, панікі», — кажа Алесь.

Алесь Мінаў
Алесь Мінаў

Ён кажа, што рашэньне пакінуць Беларусь было для яго вельмі цяжкім.

«Другі раз некуды бегчы, празь некалькі месяцаў пасьля першых уцёкаў, я быў не гатовы», — кажа журналіст.

Яму, як і іншым беларусам, заблякавалі банкаўскі рахунак. Але з дапамогай Беларускай асацыяцыі журналістаў пытаньне было вырашана. Цяпер Алесь можа карыстацца рахункам, але зь некаторымі абмежаваньнямі.

Каб легалізавацца, з дапамогай украінскіх праваабаронцаў Алесь падаўся на статус уцекача. Гэта доўгая працэдура, але ў выніку беларус законна жыве ва Ўкраіне.

Цяпер ён чакае акрэдытацыі ад Міністэрства абароны, каб легальна працаваць з ваеннай тэмай.

Алесь сьцьвярджае, што практычна не сутыкаўся з дыскрымінацыяй за беларускі пашпарт.

«Адзіны быў выпадак, калі хацеў перакласьці пашпарт, і мне адмовілі. Сказалі, што зь беларускай і расейскай прынцыпова не перакладаем. Але з ангельскай перакладаюць. І адзін раз мяне прыходзіла правяраць служба бясьпекі. Але яны паводзілі сябе карэктна. Праверылі дакумэнты, сацыяльныя сеткі, пагутарылі — і ўсё на гэтым. Пераканаліся, што мы не дывэрсанты», — расказвае журналіст.

Ён кажа, што ўпэўнена карыстаецца ўкраінскай мовай, таму людзі часам могуць нават не здагадвацца, што ён не ўкраінец.

На бытавым узроўні ў горадзе ёсьць усе тавары, працуюць установы грамадзкага харчаваньня. Камэнданцкі час — з 23:00 да 05:00.

«Настрой украінцаў вельмі зьмянілі перамогі на ўсходзе. Людзі слухаюць і глядзяць навіны, цікавасьць вялікая. Настрой стаў больш аптымістычны», — кажа Алесь.

Алесь Мінаў
Алесь Мінаў

У Івана-Франкоўску шмат «перамешчаных асобаў» — людзей, якія ўцякаюць ад вайны на ўсходзе краіны. «Тут моцны валянтэрскі рух, людзі шмат дапамагаюць. Адкрываюцца бізнэсы, ствараюцца новыя працоўныя месцы. Да вайны ў горадзе было шмат закінутых будынкаў. Іх аднавілі, адрамантавалі для таго, каб пасяліць людзей», — кажа беларус.

Ён разважае пра тое, як паўплывае ў будучыні перамога Ўкраіны на лёс Беларусі.

«Можа быць, для некага гэта гучыць як утопія — вызваленьне Беларусі пасьля перамогі Ўкраіны. Але час паказаў, што можа адбыцца што заўгодна. Цяжка прагназаваць і зазіраць наперад. Але мы ў такім стане, што даводзіцца чапляцца за любую надзею, хоць яна вельмі слабая», — дадаў Алесь.

«Нэгатыў да беларусаў бачу ў асноўным у сацыяльных сетках»

Вядомая беларуская мадэль plus size, блогерка і валянтэрка Яўгенія Цюленева вайну сустрэла ва ўкраінскай Адэсе. Сюды яна пераехала ў 2021 годзе. Яўгенія пасьля пачатку вайны засталася ва Ўкраіне, каб валянтэрыць — дапамагаць уцекачам, арганізоўваць эвакуацыю з акупаваных рэгіёнаў.

Пасьля пачатку вайны Яўгенія выехала ў Малдову — у яе скончыўся тэрмін легальнага пражываньня, а міграцыйная служба не працавала. З Малдовы яе не пусьцілі назад ва Ўкраіну за «беларускі пашпарт». Яўгенія зьвязалася з валянтэрскай арганізацыяй з Адэсы, і ёй дапамаглі вярнуцца ва Ўкраіну.

«Я пачала валянтэрыць яшчэ ў Кішынёве. Дапамагала ўцекачам. Бо людзі прыяжджалі разгубленыя, ня мелі ніякай інфармацыі — куды ісьці, дзе пераначаваць. Мой трэнэр па плаваньні пайшоў ваяваць за Ўкраіну. Ён напісаў у чаце вучняў, што шукае генэратар. Я падключылася да пошукаў. У выніку валянтэры зь Нідэрляндаў прывезьлі 20 генэратараў. Так пачалося маё валянтэрства. Мне здаецца, што па-іншаму і нельга ў краіне, дзе ідзе вайна», — кажа Яўгенія.

Яўгенія Цюленева
Яўгенія Цюленева

У Адэсе яна пачала супрацоўнічаць як валянтэрка з дабрадзейным фондам «Пліч-о-пліч» і праваабарончай арганізацыяй «Праве діло». Апошнія дапамаглі беларусцы разблякаваць банкаўскі рахунак.

«Цяпер я ў асноўным займаюся арганізацыйнымі момантамі ў эвакуацыі людзей з акупаваных тэрыторый. Але цяпер у Адэсе спакайней, жыцьцё наладзілася, усё працуе і ідзе сваім ходам. Таму і я магу цяпер удыхнуць, заняцца „мірнымі“ пытаньнямі, напрыклад сваёй легалізацыяй. Мне да 30 верасьня працягнулі тэрмін знаходжаньня, зьбіраю дакумэнты на часовы від на жыхарства», — кажа беларуска.

Яна кажа, што з дыскрымінацыяй беларусаў сутыкаецца пераважна ў сацыяльных сетках.

«Калі я чую ў рэальным жыцьці: „Да нас зь Беларусі ракеты ляцяць“, то я адказваю: „А з Херсона не ляцяць ракеты? І што мы будзем рабіць з херсонцамі? Мы ж цяпер займаемся іхняй эвакуацыяй, дапамагаем ім“. Навучылася адказваць так. Ракеты ляцяць і на нас, беларусаў, таксама. Трэба быць неадэкватным, каб папікаць беларусаў, якія жывуць ва Ўкраіне пад тымі ж ракетамі. Я больш адэкватных людзей сустракаю. Хэйт я бачу ў сацыяльных сетках. Але, калі гляджу профілі, там ці боты, ці людзі, якія наагул не жывуць ва Ўкраіне. І чым далей яны жывуць ад Украіны, тым большы хэйт у бок беларусаў. Гэта нешта псыхалягічнае. Чалавек хоча ўдзельнічаць у нечым, фізычна ня можа, таму абвяшчае такую інфармацыйную вайну супраць беларусаў. Украінцы мне на гэта казалі, каб я не апраўдвалася. Бо, кажуць, хапае ў нас дурняў, якія будуць пісаць абы-што за грошы, і іншых дурняў, якія будуць на гэта паддавацца», — патлумачыла Яўгенія.

Яна кажа, што застаецца ва Ўкраіне, бо ацаніла рызыкі і лічыць іх невысокімі — «як трапіць у аварыю ці разьбіцца на самалёце».

«Я не хачу нікуды ўцякаць, гэта што — уцёкі дзеля ўцёкаў? Я б хацела сьвядома пераехаць, скажам, у краіну, куды я б захацела. Я тут засталася. Тут было шыкоўнае адэскае лета без турыстаў. Купацца нельга было, вядома, але людзі купаліся. І ўздоўж мора можна гуляць. Ды і цэны на жытло цяпер тут такія, што нашмат таньней, скажам, чым у Варшаве», — кажа беларуска.

Яна кажа, што калі чуе паветраную трывогу, нікуды не бяжыць, накрываецца коўдрай і сьпіць. «У надзеі, што ракета праляціць міма. Мяне напружваюць паветраныя трывогі — яны перашкаджаюць мне спаць», — кажа беларуска.

Яўгенія лічыць, што ў Адэсе лепш ставяцца як да беларусаў, так і да расейцаў, чым у іншых гарадах Украіны.

«Бо Адэса — партовы, касмапалітычны горад, тут заўсёды жылі людзі розных нацыянальнасьцяў, тут людзі талерантныя. Ёсьць нават цяпер „ватнікі“ — скажам, такія шалёныя бабулькі, якія могуць гаварыць, што „Адэса — гэта расейскі горад“, але такой бабульцы толькі скажуць: „Бабка, ідзі-ка ты падалей!“ — і ўсё», — кажа беларуска.

«З Украіны ня еду з ідэйных перакананьняў»

Станіслаў Салавей пераехаў ва Ўкраіну пасьля рэпрэсій на радзіме. Ён уладкаваўся на працу лекарам у прыватную клініку. Па спэцыяльнасьці Станіслаў — акушэр-гінэколяг і доктар ультрагукавой дыягностыкі.

Станіслаў Салавей
Станіслаў Салавей

Ён кажа, што не зьяжджаў з Украіны пасьля пачатку вайны прынцыпова, з «ідэйных перакананьняў». І бо ўпарты.

«Насамрэч я ня маю адказу на гэта пытаньне — чаму ня зьехаў. Я разумеў, што горад могуць бамбіць. І бамбілі, але я думаў, што некаму трэба ж будзе лячыць людзей. Таму застаўся», — тлумачыць Станіслаў.

Заставацца ва Ўкраіне ён лічыць абавязкам. Кажа, што хоць і цэны вырасьлі, і заробкі меншыя — але гэта натуральна для краіны, якая ў стане вайны. «Свае побытавыя патрэбы я закрываю. Бачу, што на некаторыя прадукты тут цэны ніжэйшыя, чым у Беларусі, якая не ваюе», — зазначыў лекар.

У Адэсе працуюць крамы, рынкі. Станіслаў кажа, што купіць можна ўсё, што хочаш. «Хочацца яшчэ херсонскіх кавуноў, іх не стае. Усе чакаюць, і я таксама. Менш стала рыбы мясцовай. Былі перабоі, нядоўга, з сольлю, але цяпер ёсьць усё», — кажа лекар.

З боку ўкраінскіх калег ён ня мае аніякага нэгатыву за тое, што беларус.

«Калегі ведаюць, што я „сядзеў“ у Беларусі, гэта нават было падставай жартаў. Некаторыя яшчэ да вайны казалі: „У вас жа ўсё добра, у вас добрыя дарогі“. Але пасьля маіх расповедаў, што за „падабайку“ можаш атрымаць пяць гадоў, яны па-іншаму сталі ставіцца. Я адчуваю ад іх маральную падтрымку», — кажа Станіслаў.

На побытавым узроўні ён меў праблемы празь беларускія нумары на аўтамабілі. Два разы аўтамабіль «злавіў» самарэзы пад пярэднімі коламі. Станіслаў лічыць, што наўрад ці гэта была выпадковасьць. Аднойчы на дарозе ягоную машыну прыціснуў іншы кіроўца і абклаў яго мацюкамі.

«Але, паўтаруся, і калегі, і пацыенты ставяцца да мяне добра. На мне не напісана, што я беларус, але гэта і не таямніца ніякая», — дадаў лекар.

Часовы від на жыхарства Станіслаў афармляў на падставе працы. У афармленьні папер яму дапамагала кіраўніцтва клінікі.

Банкаўскія карткі ў Станіслава, як і многіх беларусаў, дагэтуль заблякаваныя. Ён атрымлівае заробак гатоўкай.

«Калі карткі заблякавалі, кіраўніцтва клінікі прыняло рашэньне выдаць нам, беларусам, аванс, каб у нас былі грошы. Можа быць, я яшчэ раз схаджу ў банк, але я разумею, што я грамадзянін той краіны, зь якой на Ўкраіну ляцяць ракеты. І калі людзям прылятае, ім ня важна, чые гэта ракеты, беларускія ці расейскія. Цяпер любы беларус у вачах службы бясьпекі — патэнцыйны шпіён», — кажа лекар.

Ён кажа, што цяпер ва ўкраінскім грамадзтве пазытыўны настрой, асабліва пасьля перамог на харкаўскім кірунку.

«У перамозе Ўкраіны ніхто не сумняваецца. Людзі разважаюць пра тэрміны — як хутка гэта будзе, якія будуць эканамічныя наступствы. Але ніхто не гаворыць пра паразу, ніхто пра гэта ня думае», — кажа Станіслаў.

Ён дадаў, што па сваёй волі ня зьедзе з Украіны, прынамсі да канца вайны дакладна. «Там паглядзім», — кажа лекар.

«Празь дзеяньні РФ я зьехаў ва Ўкраіну, дык яшчэ мусіў і адсюль уцякаць празь іх жа?»

Беларус Леанід (прозьвішча не называем па просьбе героя. — РС) пераехаў ва Ўкраіну ў 2021 годзе.

«Не праз палітыку, як вы кажаце, а праз тое, што ў нас няма палітыкі. Былі б у нас нармальныя чалавечыя выбары прэзыдэнта, я быў бы дома. Каб не Расейская Фэдэрацыя, то беларускі народ у 2020 годзе дамогся б таго, чаго хацеў, і чалавек, які ўтрымлівае ўладу, сышоў бы. Празь дзеяньні Расеі я мусіў выехаць ва Ўкраіну. Цяпер што? Другі раз празь дзеяньні РФ некуды ўцяякаць? Не, я не хачу. Калі б расейскія войскі прыйшлі б сюды бліжэй (маю на ўвазе Дніпро, дзе я жыву цяпер), я б запісаўся, хутчэй за ўсё, у тэрытарыяльную абарону ці падобную структуру, каб бараніцца ад іх», — тлумачыць беларус.

Ён кажа, што з боку звычайных украінцаў ня бачыў перадузятага стаўленьня да беларусаў.

«Перадузятае стаўленьне з боку хутчэй дзяржавы. Тыя ж заблякаваныя банкаўскія рахункі. Ці, напрыклад, хадзіў я ў страхавую кампанію, мне там адмовіліся рабіць страхоўку. Але ў другой кампаніі зрабілі. Калі хацеў зрабіць пераклад пашпарта, таксама вагаліся — рабіць, не рабіць. Зрабілі», — кажа Леанід.

Ён кажа, што ў першыя дні вайны таксісты праяўлялі высокую пільнасьць. «Задавалі пытаньні на ўкраінскай мове, пыталіся, ці ведаю я горад. Такім чынам яны „вылічвалі нядобранадзейных элемэнтаў“. Але калі я казаў, што я беларус, праблем не было. Раілі гэта не афішаваць лішні раз. Вядома, калі на Ўкраіну ляцелі ракеты зь Беларусі, то пэўны недавер да беларусаў быў у паветры, але я з нэгатывам у свой бок не сутыкаўся», — кажа Леанід.

Ён займаецца валянтэрскай дзейнасьцю, накіраванай на дапамогу дзецям.

«Непасрэдна гэта не зьвязана з вайной, але ўскосна — так. Бо ідзе вайна, цярпяць як дарослыя, так і дзеці. Мы разьбіраемся з наступствамі вайны», — кажа беларус.

Цяпер Леанід падаў дакумэнты на падаўжэньне часовага віду на жыхарства. Дакумэнты ў яго прынялі.

Леанід кажа, што ў Дніпры ўсё працуе — крамы, сэрвісы, рынкі, дастаўка. Усё патрэбнае ёсьць.

«Горад жыве нармальна. Пра вайну нагадваюць супрацьтанкавыя вожыкі на ўзбочыне дарогі, недзе шкляныя вітрыны замянілі на фанэрныя, недзе нешта пабітае ці вокны ў людзей заклееныя скотчам, адміністрацыйныя будынкі закладзеныя мяхамі. Але воблік гораду надта не зьмяніўся», — кажа беларус.

Пра ўкраінцаў Леанід кажа, што яны «звычайныя людзі».

«З майго боку было б як? Я прыехаў у госьці сюды і буду казаць, што тут благія гаспадары? Я тут у гасьцях. Дома было б лепш, але пакуль я туды не магу паехаць», — кажа беларус.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG