Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масавы збой у руху цягнікоў на поўначы Нямеччыны. Кампанія Deutsche Bahn падазрае сабатаж


Цягнік Deutsche Bahn на вакзале ў Дрэздэне. Гарады ня з поўначы Нямеччыны таксама пацярпелі ад збояў на чыгунцы
Цягнік Deutsche Bahn на вакзале ў Дрэздэне. Гарады ня з поўначы Нямеччыны таксама пацярпелі ад збояў на чыгунцы

Нямецкі чыгуначны апэратар сказаў, што органы бясьпекі ўзялі на сябе расьсьледаваньне. Раней паведамлялася, што «тэхнічную няспраўнасьць» ліквідавалі.

Нямецкі чыгуначны апэратар Deutsche Bahn заявіў, што прычынай перабояў у сетцы цягнікоў на поўначы Нямеччыны стала наўмыснае ўмяшаньне.

«Сабатаж з кабэлямі, якія былі жыцьцёва важнымі для руху цягнікоў, прывёў да таго, што Deutsche Bahn раніцай у суботу быў вымушаны спыніць рух цягнікоў на поўначы краіны амаль на тры гадзіны», — сказалі ў Deutsche Bahn.

Апэратыўнай інфармацыі аб патэнцыйных падазраваных няма. Сьледчыя, аднак, заявілі, што кабэлі сувязі былі абарваныя ў адным месцы за межамі Бэрліну, а ў іншым — у зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія.

Міністар унутраных спраў Нямеччыны Нэнсі Фэйзер заявіла, што ўлады «павінны меркаваць, што за збоем чыгункі стаяць наўмысныя дзеяньні, паколькі кабэлі былі абарваны ў двух месцах».

Міністар транспарту Фолкер Вісінг дадаў: «Відавочна, што гэта была мэтанакіраваная і зламысная акцыя».

Раней у суботу Deutsche Bahn паведаміла аб «тэхнічнай няспраўнасьці на лініі» пасьля спыненьня руху цягнікоў у значнай частцы паўночнай Нямеччыны.

«Прычына таму — збой лічбавай сыстэмы радыёсувязі цягнікоў», — адзначылі ў кампаніі.

Празь некалькі гадзін Deutsche Bahn паведаміла, што праблема вырашана, але далейшыя адмены і збоі ў абслугоўваньні ўсё яшчэ магчымыя.

Кабэлі камунікацыйнай сеткі DB былі абарваныя ў двух месцах, паведамілі часопісу Der Spiegel неназваныя крыніцы ў службах бясьпекі. Часопіс першапачаткова адзначаў, што было незразумела, ці быў парэз ад рук дывэрсанта, ці гэта было выпадковае пашкоджаньне ў выніку будаўнічых работ.

Праблема закранула цягнікі ў значнай частцы паўночнай Нямеччыны, а таксама некаторыя міжнародныя маршруты. Паездкі з Гамбурга, Шлезьвіг-Гальштайна і Ніжняй Саксоніі ў напрамку Касэль-Вільгельмсхёэ, Бэрліна і Паўночнага Рэйна-Вэстфаліі прыпыніліся.

Адключэньне таксама паўплывала на высакахуткасныя цягнікі ICE паміж Бэрлінам, Гановэрам і Паўночным Рэйн-Вэстфаліяй. Цягнікі туды і назад з Бэрліну праз Амстэрдам цалкам адменены. Маршруты з і ў дацкія гарады Капэнгаген і Орхус будуць заканчвацца/пачынацца ў Падбаргу на поўдні Даніі.

Затрымкі і адмены цягнікоў сталі звычайнай зьявай у службах DB у апошнія гады. Аднак апошні збой адбыўся пасьля паведамленьняў аб дывэрсіях, нацэленых на жыцьцёва важны газаправод Nord Stream у мінулым месяцы, што прымусіла NATO і Эўрапейскі зьвяз абвясьціць трывогу па абароне крытычнай інфраструктуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG