Уладзімір Абадзінскі зь вёскі Юрʼеўка Жытомірскай вобласьці на пачатку сакавіка страціў усю сваю сямʼю. У выніку расейскага авіяўдару дзьвюма бомбамі па прыватным доме загінула яго 40-гадовая жонка Натальля, 14-гадовы сын Уладзімір, 19-гадовая дачка Іванна і двое аднагадовых унукаў, Ніколь і Дзяніс.
«Дачка, відаць, была ў ванным пакоі. Яе тут знайшлі. У гэтым радыюсе знайшлі сына. Ён быў у кухні з жонкай. А ўнукаў знайшлі на адлегласьці 60-70 мэтраў ад дома, на суседнім агародзе», — расказвае ён, зь цяжкасьцю стрымліваючы сьлёзы.
Апошні раз Уладзімір размаўляў зь сямʼёй праз тэлефон увечары 8 сакавіка. А ўжо праз гадзіну пасьля званка даведаўся ад суседа, што на вуліцы, дзе яны жывуць, двойчы прагучалі выбухі. Мужчына ў гэты момант быў на працы ў Кіеве. Праверыць, што здарылася, на месца адразу ж пайшлі ягоныя пажылыя бацькі.
«Я чую: мама крычыць, а тата кажа: „Вова, няма ні дома, нікога ў жывых“, — плача Ўладзімір. — Дзьве авіябомбы зьнішчылі ўсіх іх фізычна. А ў мяне яны маральна забілі ўсё ў душы».
Вёска Юрʼеўка на той момант была далёка ад лініі фронту, а побач з домам Уладзіміра па вуліцы не было і няма ніякіх вайсковых абʼектаў. Тым ня менш расейскі самалёт скінуў на гэты квартал дзьве пяцісоткіляграмовыя бомбы. Як пазьней высьветлілася, узьлятаў ён з тэрыторыі Беларусі, з Гомельскага аэрадрома.
«Тут адна авіябомба прыляцела. А вось тут яшчэ адна авіябомба. Проста ўсё зьмяло, на той бок зьмяло ўвесь дом», — паказвае Ўладзімір.
Жонцы Ўладзіміра Натальлі было 40 гадоў, яна працавала настаўніцай гісторыі Ўкраіны і ўкраінскай мовы. 14-гадовы сын Вова заканчваў 9-ю клясу і рыхтаваўся да выпускнога, а 19-гадовая дачка Іванка выхоўвала дваіх аднагадовых дзяцей, Ніколь і Дзяніса.
«Гэта фота ўнукаў за 10 дзён да гібелі. У нас там быў вялікі пакой, камін. Гэта наша апошняе сямейнае фота. На гадавіну ўнукаў мы фатаграфаваліся», — плача Ўладзімір. Відэа з унукамі ў тэлефоне, — адна зь нямногіх памятак, што засталіся ў яго.
Мужчына кажа, што шкадуе, што ўжо ў першыя дні вайны ня вывез сямʼю своечасова ў бясьпечнае месца і не ўратаваў іх. Паводле яго, нават праз паўгода пасьля трагедыі маральна лягчэй яму ня робіцца. Наадварот: чым далей, тым горш.
«Лягчэй ужо ня будзе. Ведаеце, яно нават яшчэ цяжэй, — плача ён. — Не адзін раз ужо бярэш тэлефон і разумееш, што няма каму патэлефанаваць. І разумееш, што ніхто ня скажа ўжо ні «тата», ні «дзеда».
Пасьля здарэньня мужчына зьехаў зь Юрʼеўкі і пераехаў у Кіеў. Жыве проста на працы: кажа, гэта дапамагае яму не зварʼяцець. Але кожны тыдзень усё роўна езьдзіць на могілкі, дзе пахаваная ўся сямʼя.
Уладзімір кажа, што пасьля страты родных ён жыве адным днём, пра будучыню ўвогуле не задумваецца. Прыходзячы на магілу да блізкіх, у думках увесь час задае ім толькі адно пытаньне:
«Пытаюся: „Вось як мне жыць далей?“ А адказу няма», — кажа ён.
Украінцы, якія страцілі родных у вайне, разьвязанай Расеяй, ужо пачалі падаваць пазовы супраць РФ у міжнародны суд у Гаазе, спадзеючыся пакараць расейскіх вайскоўцаў за ўчыненыя імі злачынствы. І хоць такія справы могуць разглядацца гадамі, сваякі загінулых гатовыя чакаць. Уладзімір — сярод іх.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.