Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі затрымалі школьніцу, якую вінавацяць у спробе падпаліць ваенкамат


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Казані затрымалі вучаніцу 11-й клясы, яе падазраюць у спробе падпаліць ваенкамат. Пра гэта паведамляе Telegram-канал «База».

Паводле інфармацыі «Базы», падчас затрыманьня ў дзяўчыны знайшлі бутэльку з запальнай сумесьсю. Яшчэ дзьве яна пасьпела кінуць у бок ваенкамату — бутэлькі ня трапілі ў будынак, а, упаўшы за некалькі мэтраў ад сьцяны, запалілі траву.

Дзяўчына патлумачыла міліцыянтам, што хацела падпаліць ваенкамат, бо выступае супраць вайны і мабілізацыі, паведамляе «База». Школьніцу затрымалі.

Таксама раніцай 3 кастрычніка невядомы спрабаваў падпаліць ваенкамат у Краснаярску. Ён кінуў у будынак два «кактэйлі Молатава». У выніку расплавіўся шклопакет, памяшканьне не пацярпела, пажар ліквідаваны вартай ваенкамата.

У дачыненьні да затрыманых пачынаюць крымінальныя справы па падазрэньні ў падпалах, у тым ліку па артыкулах аб наўмысным пашкоджаньні чужой маёмасьці. У Генштабе Ўзброеных сіл Расеі заявілі, што падпалы могуць лічыцца тэрарыстычнымі актамі з пакараньнем да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну па ўсёй Расеі адбыўся шэраг падпалаў ваенкаматаў, аддзелаў міліцыі і гарадзкіх адміністрацый. Пасьля абвяшчэньня мабілізацыі колькасьць такіх нападаў вырасла. На гэты час зарэгістравана каля 50 спробаў падпалу.

3 кастрычніка ў Мардовіі па падазрэньні ў падрыхтоўцы падпалу або падрыву дзяржаўнай установы затрымалі 21-гадовага мясцовага жыхара. Паведамляецца, што дома ў яго знойдзены порах і хімічныя рэагенты. Падазраваны нібыта даў прызнальныя паказаньні, супраць яго завялі крымінальную справу.

Раніцай 21 верасьня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў мабілізацыю насельніцтва на вайну ва Украіне і падпісаў адпаведны ўказ. Пуцін назваў мабілізацыю частковай, але ніякімі парамэтрамі ў адкрытай частцы ўказу яна не абмежаваная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG