У дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым лягеры «Зубраня» на Нарачы адкрылі мэмарыяльны куток у памяць пра Героя Беларусі Мікіту Куканенку і Героя Расеі Аляксандра Крыніна, піша «Мінская праўда». Акцыя прайшла ў рамках Дня «саюзнай дзяржавы».
У свой час абодва вайскоўцы адпачывалі ў гэтым лягеры: Куканенка — у 2012 годзе, а Крынін — у 2010-м.
Мікіта Куканенка — адзін зь пілётаў самалёта, які 19 траўня 2021 году разьбіўся каля Баранавічаў. Разам з Андрэем Нічыпорчыкам яны адвялі самалёт ад жылых будынкаў, за што абодвум пілётам пасьмяротна надалі званьні Герояў Беларусі.
Аляксандар Крынін атрымаў сваё званьне за ўдзел у агрэсіі супраць Украіны. Ён ваяваў на тэрыторыі Харкаўскай вобласьці каля населенага пункту Малая Рогань.
«28 сакавіка пры выхадзе з акружэньня ў складзе групы вайскоўцаў старшы лейтэнант Крынін атрымаў несумяшчальнае з жыцьцём аскепкавае раненьне», — піша «Мінская праўда». Пра характар гэтай вайны і тое, што яе пачала Расея, дзяржаўная газэта ня піша.