Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка палітвязьня Паўла Мажэйкі атрымала першы ліст з-за кратаў


Павал Мажэйка
Павал Мажэйка

Зьняволены журналіст Павал Мажэйка атрымаў першы ліст і даслаў першы адказ, напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку жонка палітвязьня Ірына Чарняўка.

Яна апублікавала фрагмэнт ліста з наступнымі словамі: «Дарагія мае! Просьба да ўсіх дарослых: адпусьціце гэтую сытуацыю, не нагнятайце, ня думайце пра яе шмат, іначай яна зьесьць вас знутры. Жыцьцё ідзе далей; працягвайце яго так, каб было што мне расказаць, калі мы сустрэнемся :)»

«Гэтыя словы мне дадаюць сілаў», — напісала Ірына.

Кіраўніка горадзенскага «Цэнтру гарадзкога жыцьця» журналіста Паўла Мажэйку затрымалі 30 жніўня. Празь нейкі час яго перавялі ў СІЗА.

Перавод у СІЗА азначае, што яму выставілі абвінавачаньне і выбралі меру стрыманьня — зьмяшчэньне ў сьледчы ізалятар.

20 верасьня праваабарончы цэнтар «Вясна» прызнаў Паўла Мажэйку палітзьняволеным. Адзначаецца, што яго ўзялі пад варту за рэалізацыю свабоды выказваньня думак.

У сакавіку 2021 году Паўла Мажэйку ўжо затрымлівалі разам з мастаком Алесем Пушкіным. Тады журналіста вызвалілі пасьля 72 гадзін.

Павал Мажэйка — вядомы горадзенскі журналіст, адзін зь лідэраў грамадзка-культурнага жыцьця гораду. У 2002 годзе яго асудзілі на два гады «хіміі» за «паклёп» на Лукашэнку ў артыкуле ў газэце «Пагоня» пра зьнікненьне Захаранкі, Ганчара ды іншых апанэнтаў уладаў. Мажэйка кіраваў «Цэнтрам гарадзкога жыцьця» Горадні, які ўлады зьліквідавалі летам 2021 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG