Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністрам Італіі ўпершыню можа стаць жанчына


Матэао Сальвіні, Сыльвіё Бэрлюсконі і Джорджа Мэлёні
Матэао Сальвіні, Сыльвіё Бэрлюсконі і Джорджа Мэлёні

На выбарах у парлямэнт Італіі перамагаюць правыя партыі. Паводле папярэдніх зьвестак, на якія спасылаецца DW, правая нацыяналістычная кааліцыя набрала 43,3% галасоў.

У нядзелю, 25 верасьня, у Італіі адбыліся датэрміновыя выбары ў парлямэнт. Выбарчыя ўчасткі закрыліся а 23:00. Выбары праходзілі ў Палату дэпутатаў і Сэнат. Як зазначае агенцтва AFP, яны могуць стаць гістарычнымі. Выбарнікі павінны былі вызначыць, ці зьявіцца ў краіне ўпершыню з часоў Другой сусьветнай вайны ўрад правых нацыяналістычных сіл.

Паводле папярэдніх дадзеных, якія прыводзіць дзяржаўная тэлекампанія Rai, правыя сілы сабралі 43,3% галасоў — у адпаведнасьці з італьянскім выбарчым заканадаўствам, пры зьмяшаных выбарах гэта дазваляе атрымаць абсалютную большасьць у парлямэнце.

Першыя даныя па выніках галасаваньня паказалі, што наперадзе партыя «Браты Італіі», якая набрала 24,6 працэнта. Яе лідэр — 45-гадовая Джорджа Мэлёні — можа ўзначаліць кааліцыйны ўрад.

Чакаецца, што ў яго таксама ўвойдуць партыі «Ліга» на чале з Матэо Сальвіні і «Наперад, Італія» былога прэм’ер-міністра Сыльвіё Бэрлюсконі, якія атрымалі, паводле папярэдніх зьвестак, 8,5 і 8% галасоў адпаведна. Паводле разьлікаў тэлекампаніі Rai саюз правацэнтрысцкіх сіл атрымае ад 227 да 257 з чатырохсот месцаў у Палаце дэпутатаў і ад 111 да 131 месца з двухсот у Сэнаце.

Левая «Дэмакратычная партыя» Энрыка Леты, паводле папярэдніх зьвестак, набрала 19,4% галасоў, папулісцкі рух «Пяць зорак» — 16,5%.

Яўка ў параўнаньні з папярэднімі ўсеагульнымі выбарамі ў Італіі істотна зьнізілася. Паводле дадзеных італьянскага Міністэрства ўнутраных спраў, станам на вечар 25 верасьня яна склала 50 працэнтаў.

Мэлёні можа стаць першай жанчынай-прэм’ерам у Італіі.

Калі па выніках выбараў партыя «Браты Італіі» атрымае перамогу, яе лідэр Джорджа Мэлёні стане першай жанчынай на пасадзе прэм’ера ў гісторыі Італіі. Мэлёні называе сябе прыхільніцай NATO і падтрымлівае санкцыі Эўразьвязу супраць Расеі за ўварваньне ва Ўкраіну.

«Браты Італіі» прытрымліваецца правакансэрватыўных нацыяналістычных поглядаў. Адна зь яе партый-папярэдніц была нэафашысцкай. Ультраправая партыя «Ліга» (раней «Ліга Поўначы») і правацэнтрысцкая «Наперад, Італія» вядомыя цеснымі сувязямі з Крамлём.

Верагодны новы прэм’ер-міністар Італіі, паводле Reuters, абяцае падтрымаць пазыцыю Захаду па Ўкраіне.

Нават калі вынік будзе адназначным, наступны ўрад наўрад ці пачне працаваць раней за канец кастрычніка, паколькі новы парлямэнт зьбярэцца не раней за 13 кастрычніка.

Новаму прэм’ер-міністру давядзецца сутыкнуцца з шэрагам праблем, у прыватнасьці, з ростам цэн на энэрганосьбіты.

Афіцыйныя вынікі парлямэнцкіх выбараў у Італіі будуць абвешчаныя сёньня, 26 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG