Між тым, спрабуючы ўмацаваць расейскую ваенную моц, пахіснутую нядаўнім контранаступам украінскіх войскаў пад Харкавам, Крэмль не забывае і пра больш мірныя і мяккія мэтады «працы ў тыле праціўніка», гэта значыць у краінах Эўразьвязу. Наколькі ён можа атрымаць посьпех у гэтым? Пра гэта піша Яраслаў Шымаў з расейскай службы Радыё Свабода.
Пару тыдняў таму Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, што пачынаючы з 2014 году Расея выдаткавала ня менш за 300 мільёнаў даляраў на фінансаваньне або прамы подкуп палітычных дзеячоў, партый і інстытутаў больш як у 20 краінах сьвету — каб лабіяваць зь іх дапамогай расейскія інтарэсы.
У апублікаваных матэрыялах Дзярждэпартамэнту мільгала мноства назваў, ад эўрапейскіх да афрыканскіх, накшталт Мадагаскару і Судану, і пералічваліся розныя спосабы працы ўпаўнаважаных Крамлём асоб зь іх замежнымі «партнэрамі». «Расея ўскладала спадзевы на дзяржпрадпрыемствы і буйныя кампаніі, з дапамогай якіх таемна пераводзіла сродкі [зацікаўленым суб’ектам] у Цэнтральнай Амэрыцы, Азіі, на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, а таксама фінансавала аналітычныя цэнтры і фонды ў краінах Эўропы», — адзначаецца ў дакумэнце.
За выключэньнем лічбы 300 мільёнаў, у самой гэтай інфармацыі няма нічога прынцыпова новага. Пра тое, што Масква актыўна працуе над стварэньнем сеткі сваіх агентаў уплыву ў самых розных краінах, вядома даўно. У краінах Эўропы мэтады яе працы сапраўды больш «акуратныя», чым у Афрыцы ці Лацінскай Амэрыцы. Гісторыя з крэдытам у 9 млн эўра, выдадзеным Расеяй празь нейкі банк, які збанкрутаваў неўзабаве, партыі лідэра францускіх ультраправых Марын Лё Пэн, выглядае ў гэтым кантэксьце тапорнай недапрацоўкай.
Зь іншымі сымпатызантамі Крамля, накшталт правапапулісцкай італьянскай Лігі на чале з Матэа Сальвіні, які ў свой час фатаграфаваўся на Краснай плошчы ў футболцы з партрэтам Пуціна, або аўстрыйскай Партыі свабоды, якая заключыла пагадненьне аб супрацоўніцтве з «Адзінай Расеяй», працавалі танчэй.
З Пуціным і Орбанам супраць дарагоўлі?
Аднак 24 лютага гэтага году, калі пачалося поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, усё зьмянілася. Няздольнасьць войска РФ, насуперак плянам Крамля, хутка разграміць Украіну і бесчалавечныя дзеяньні расейскіх вайскоўцаў на акупаваных тэрыторыях выклікалі хвалю салідарнасьці з украінцамі — як у эўрапейскім грамадзтве, так і ў палітычных колах.
«Дзеяньні Расеі падчас гэтай вайны значна зьменшылі ўплыў Крамля на Захадзе. Вядома, заўсёды ёсьць Вугоршчына… Дый цяперашняя зіма можа прывесьці да шэрагу пратэстаў пад антызаходнімі лёзунгамі ў Цэнтральнай Эўропе. Але я ня бачу сытуацыі, пры якой Захад пачне распадацца — так, як пра гэта марыць Пуцін», — кажа ў інтэрвію Радыё Свабода нямецкі палітоляг, віцэ-прэзыдэнт міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Ролянд Фройдэнштайн. Быць адкрыта прарасейскім у Эўразьвязе стала ня толькі «нямодна», але і палітычна небясьпечна.
Выключэньне складае хіба што згаданая Вугоршчына на чале зь нязьменным (з 2010 году) прэмʼерам Віктарам Орбанам. У гады яго праўленьня Будапэшт знаходзіцца ў амаль бесьперапынным канфлікце з Брусэлем і адначасова збліжаецца з Масквой, зь якой вугорскім урадам быў заключаны шэраг шматмільярдных кантрактаў. Орбан — адзіны зь лідэраў краін ЭЗ, які пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну адкрыта ставіць пад сумнеў эўрапейскія санкцыі супраць Крамля:
«Брусэльскія санкцыі загналі Эўропу ў энэргетычны крызіс», — піша Орбан на сваёй старонцы ў Фэйсбуку і дадае, што санкцыі варта адмяніць да канца гэтага году. Па словах вугорскага прэмʼера, у гэтым выпадку цэны на газ у Эўропе, якія цяпер растуць, неадкладна ўпадуць на 50%. Ніякімі спасылкамі ці выкладкамі Орбан гэтую заяву не пацьвярджае. Затое яна супала па часе зь дзьвюма падзеямі. Першая — рашэньне Эўракамісіі заблякаваць выдзяленьне Вугоршчыне 7,5 млрд эўра ў сувязі з тым, што Будапэшт, на думку Брусэлю, ня робіць дзейсных захадаў дзеля барацьбы з карупцыяй, а справы з грамадзянскімі свабодамі і вяршэнствам закону ў Вугоршчыне стаяць гэтак сумна, што, згодна зь нядаўняй заявай Эўрапарлямэнту, гэтую краіну ўжо нельга лічыць паўнавартаснай дэмакратыяй.
Другая падзея — пратэставая кампанія, якую пачалі ў шэрагу эўрапейскіх краін апазыцыйныя і антысыстэмныя палітычныя сілы, у тым ліку даўнія сымпатызанты Крамля накшталт нямецкіх «Альтэрнатывы для Нямеччыны» і Левай партыі. Гэтым разам яны не выказваюць наўпрост падтрымку Пуціну, а заяўляюць, што занепакоеныя ростам цэнаў і пэрспэктывай таго, што без расейскага газу эўрапейцы гэтай зімой зьмерзнуць. Менавіта гэтую тэму пэдалюе ўжо ня першы месяц расейская прапаганда:
У Празе 3 верасьня каля 70 тысяч чалавек удзельнічалі ў мітынгу пратэсту супраць дарагоўлі і росту тарыфаў на газ і электрычнасьць. Сярод патрабаваньняў удзельнікаў былі і «прамыя перамовы з Пуціным» адносна цэнаў на газ. Сярод арганізатараў мітынгу — палітыкі і актывісты, вядомыя сваёй прарасейскай пазыцыяй.
«Цяперашні ўрад — магчыма, украінскі, магчыма, брусэльскі, але ніяк ня чэскі», — заявіла адна зь іх, лідэрка нацыяналістычнай партыі «Трыкалёр» Зузана Маерава-Заграднікава. У адказ прэмʼер-міністар Чэхіі Пэтр Фіяла назваў удзельнікаў мітынгу «прарасейскай пятай калёнай». За гэта яго крытыкавалі нават у лібэральных СМІ, якія заявілі, што хто б ні былі арганізатары гэтых пратэстаў, іх удзельнікі — у асноўным сапраўды людзі, заклапочаныя перш за ўсё эканамічнай сытуацыяй, якая пагаршаецца. Сэрыя новых мітынгаў прызначаная ў чэскіх гарадах на 28 верасьня.
«Праявы нацыяналізму і эгаізму»
Эканамічныя цяжкасьці — часткова рэальныя, часткова толькі меркаваныя — становяцца, аднак, інструмэнтам у руках крамлёўскай прапаганды і яе саюзьнікаў, адзначае ў інтэрвію DW сацыяльны псыхоляг Пія Лямбэрці з бэрлінскага інстытуту CeMAS. «З досьведу мінулых гадоў мы бачым, што Расея актывізуе свае апэрацыі ўплыву ў пэрыяды сацыяльнай напружанасьці, каб яшчэ больш дэстабілізаваць дэмакратыі», — кажа яна. На думку Лямбэрці, у пэрыяд крызісаў «у грамадзтве растуць праявы нацыяналізму і эгаізму. Цяпер дэзынфармацыя вельмі ўмела працуе з псыхікай людзей, спрабуючы ўзмацніць менавіта гэтую тэндэнцыю».
Мэта такога ўзмацненьня зразумелая: перавесьці незадаволенасьць у палітычную плоскасьць, што магло б прывесьці да ўлады на найбліжэйшых выбарах сілы, прымірэнча настроеныя ў адносінах да Крамля. Пэўныя палітычныя зрухі ў некаторых краінах ЭЗ ужо заўважныя: так, на парлямэнцкіх выбарах у Швэцыі ўпершыню ў гісторыі на другое месца з 20% галасоў выйшла нацыянал-папулісцкая партыя «Швэдзкія дэмакраты», чые прадстаўнікі, мяркуючы па ўсім, увойдуць у новы ўрад.
Зрэшты, гэтаму посьпеху ў Маскве наўрад ці вельмі ўжо радаваліся: паводле зьвестак апытаньняў, 72% выбаршчыкаў «Швэдзкіх дэмакратаў» лічаць правільным нядаўняе рашэньне ўладаў краіны ўступіць у NATO. Гэтае рашэньне, якое парушыла 200-гадовую швэдзкую палітыку строгага нэўтралітэту, было прынята з адзінай прычыны: уварваньня Расеі ва Ўкраіну, якое зьмяніла ўсю архітэктуру эўрапейскай бясьпекі.
Куды больш падстаў для радасьці Крамлю могуць прынесьці выбары ў Італіі і Баўгарыі. У першым выпадку, калі верыць апытаньням, посьпех у галасаваньні 25 верасьня чакае правых папулістаў з партыі «Браты Італіі» на чале з Джорджай Мэлёні: за іх гатовыя прагаласаваць да 25% выбарнікаў. У такім выпадку Мэлёні можа сфармаваць кааліцыю зь дзьвюма іншымі падобнымі палітычнымі сіламі — Лігай Матэа Сальвіні і «Наперад, Італія!» экс-прэмʼера Сыльвіё Бэрлюсконі, даўняга прыяцеля Ўладзіміра Пуціна.
«Хоць Мэлёні таксама крытыкавала расейскую агрэсію і падтрымлівала аказаньне вайсковай дапамогі Ўкраіне, варта нагадаць, што ў 2018 годзе яна вітала пераабраньне Пуціна як «адназначную праяву волі расейскага народу», — лічыць аглядальнік выданьня Politico Мэт’ю Карнічніг. На яго думку, ва ўмовах кааліцыі з партыямі, настроенымі на карысьць супрацоўніцтва з Крамлём, «цяжка быць упэўненым у тым, што Мэлёні не пяройдзе на мякчэйшыя пазыцыі».
Яшчэ цікавей выглядае баўгарская сытуацыя. «Напярэдадні пазачарговых парлямэнцкіх выбараў 2 кастрычніка, чацьвёртых за два гады, лібэральныя колы наўпрост абвінавачваюць прэзыдэнта Румэна Радэва ў спробах ператварыць Баўгарыю ў прэзыдэнцкую рэспубліку паводле пуцінскай мадэлі. Дзякуючы асаблівасьцям баўгарскай Канстытуцыі ён мае магчымасьць кожны раз у выпадку парлямэнцкага крызісу прызначаць тэхнічны ўрад, і за апошнія два гады гэты дрэнна замаскаваны прыхільнік аўтарытарных мэтадаў амаль палову часу ў ручным рэжыме кіруе краінай», — расказвае палітычны аглядальнік Генадзь Габрыэльян, які жыве ў Баўгарыі. Радэў — адстаўны генэрал ваенна-паветраных сіл, які карыстаецца сымпатыямі прарасейскіх колаў.
Што будзе, калі пераможа Ўкраіна
Палітоляг Ролянд Фройдэнштайн, аднак, настроены вельмі аптымістычна. На яго думку, больш верагодным сцэнарам, чым рэзкі зрух эўрапейскай палітыкі ў пракрамлёўскі бок, «бачыцца вайна, прайграная Расеяй да канца будучай вясны, і вялізныя непрыемнасьці для Пуціна ў яго дома».
— Папярэдняй умовай для гэтага, вядома, павінен быць каляпс расейскага фронту, крокам да чаго можа парадаксальным чынам стаць абвешчаная 21 верасьня Пуціным мабілізацыя, — працягвае экспэрт. — Яна ж не вырашае ніводнай з вайсковых праблем Расеі — зь лягістыкай, рыштункам, кампэтэнтным камандаваньнем, баявым духам войскаў, — а толькі стварае новыя праблемы, у тым ліку ўзмацняе страх і прыгнечанасьць у грамадзтве. Гэта, дарэчы, можа прывесьці да дыскрэдытацыі «патрыятычных» радыкалаў, якія гучна патрабавалі мабілізацыі.
— Тыя заходнія палітыкі, якія карыстаюцца рэпутацыяй такіх, хто вечна спадзяецца ўразуміць Пуціна — напрыклад, канцлер ФРГ Шольц або францускі прэзыдэнт Макрон, — будуць унутрана гатовыя да такога разьвіцьця падзей?
— Калі Ўкраіна дабʼецца пераканаўчай ваеннай перамогі, у Шольца і Макрона ня будзе іншага выбару, акрамя як працягваць падтрымліваць украінцаў. Спакуса згуляць ролю пасярэднікаў і прымусіць Украіну да гнілога кампрамісу (а такая спакуса існавала да самага нядаўняга часу) у гэтым выпадку акажацца значна слабейшай і перастане быць палітычна рэлевантнай.
— Эн Эплбаўм у сваім нядаўнім артыкуле ў The Atlantic сьцьвярджае, што параза ў вайне непазьбежна стане для Пуціна як кіраўніка «пацалункам сьмерці». Ці згодныя вы з гэтым, і калі так, то што гэта будзе азначаць для Расеі як дзяржавы?
— Я згодны. Пасьля таго як у першыя тыдні вайны стала зразумела, што Расеі ня ўдасца зьнішчыць Украіну як такую, можна было меркаваць, што чым даўжэй працягнецца вайна, тым больш імаверным будзе падзеньне рэжыму Пуціна ў яе выніку. Да гэтага часу ўсё пацьвярджае такую здагадку. Хоць некаторыя заходнія і ўкраінскія назіральнікі асьцерагаюцца, што няўдачы на фронце могуць прывесьці да прыходу да ўлады ў Расеі яшчэ больш радыкальных элемэнтаў, у параўнаньні зь якімі нават Пуцін і яго асяродзьдзе здадуцца адносна памяркоўнымі, але я ня думаю, што гэта здарыцца. У тым ліку і таму, што вынікі абвешчанай мабілізацыі, цалкам верагодна, будуць катастрафічнымі.
Вядома ж, калі ўявіць сабе момант, калі Пуцін страціць уладу, то гэты момант будзе надзвычай небясьпечны. Расея, якая прайграла вайну, апынецца ў вельмі дрэнным стане, і ня выключана, што ў шэрагу яе рэгіёнаў узьнікнуць цэнтрабежныя тэндэнцыі. Усё гэта азначае, што адзіным прымальным адказам на тыя выклікі, якія ў гэтым выпадку ўзьнікнуць — магчыма, не неадкладным, але даволі хуткім адказам, — можа быць толькі радыкальны разрыў з больш як 20-гадовай эпохай пуцінізму, — кажа Ролянд Фройдэнштайн.
Рэакцыя афіцыйных эўрапейскіх колаў на пуцінскую мабілізацыю адназначная: у Брусэлі і сталіцах краін ЭЗ разьлічваюць на паразу Крамля.
«21 верасьня Расея абрала шлях канфрантацыі, абвясьціўшы частковую мабілізацыю і падтрымаўшы правядзеньне незаконных „рэфэрэндумаў“ на ўкраінскіх тэрыторыях, акупаваных у гэты момант Расеяй… Пагрозы ядзернай зброяй не пахіснуць нашай рашучасьці і адзінства ў падтрымцы Ўкраіны», — гаворыцца ў заяве шэфа эўрапейскай дыпляматыі Жузэпа Бурэля.
Ідзе абмеркаваньне новага пакету санкцый супраць Крамля. У Маскве, наадварот, спадзяюцца на тое, што пад уплывам суворай зімы, росту цэнаў і дзейнасьці відавочных і ўтоеных эўрапейскіх саюзьнікаў Пуціна гэтая эўрапейская рашучасьць рассыплецца ў пыл. Чые разьлікі апраўдаюцца, пакажуць найбліжэйшыя месяцы.