Дыпляматычная місія Крысьціны Юханэсан у Рэспубліцы Беларусь падыйшла да заканчэньня. На старонцы амбасады Швэцыі ў фэйсбуку амбасадарка афіцыйна разьвіталася зь беларусамі.
«Дарагія сябры, учора я пакінула Беларусь і вярнулася ў Стакгольм. Так, праляцела цэлых пяць год з моманту прыезду ў Менск, зусім ня верыцца! І тэрмін маёй дыпляматычнай службы ў якасьці Пасла Швэцыі, на жаль, падышоў да свайго завяршэньня. Хачу сказаць шчыры дзякуй усім, хто зрабіў маю працу ў краіне неверагодна цікавай, насычанай і поўнай новых адкрыцьцяў. Паўсюль, дзе я была, вы дарылі мне частку сваёй дабрыні і цяпла, дзяліліся вопытам і ведамі. І гэта сапраўды неацэнны падарунак».
Крысьціна Юханэсан адзначыла, што ёй пашчасьціла наведаць усе вобласьці Беларусі, і за гэты час яна вельмі палюбіла беларускую прыроду.
«Вашыя спакойныя і мілыя краявіды мне заўсёды нагадвалі Швэцыю, і часам нават здавалася, што ў Беларусі я амаль дома. Я палюбіла беларускую культуру, часьцінку якой я абавязкова захаваю ў сваім сэрцы. Я навучылася разумець вашую мілагучную мову і вельмі радая, што беларускія дзеткі маюць магчымасьць знаёміцца з нашай літаратурай на роднай мове».
Таксама Юханэсан напісала, што ніколі не забудзе «фэерычныя Дні Швэцыі на Плошчы Свабоды ў Менску, калі здавалася, што цэнтар гораду ператвараўся ў маленькую Швэцыю». Гэта стала магчымым дзякуючы сумесным беларуска-швэдзкім праектам.
«Нягледзячы на тое, што гэтыя пяць год не заўсёды былі захапляльнай і вясёлай вандроўкай, былі і складаныя моманты, аднак я заўсёды і паўсюль адчувала надзейную падтрымку каманды пасольства, якая дапамагла мне пераадолець усе складанасьці. Успаміны пра Беларусь, якую я за гэты час шчыра палюбіла, будуць саграваць мяне дома. І я, канечне ж, буду па вас усіх сумаваць...»
У амбасадзе Швэцыі амаль два гады пражылі грамадзяне Беларусі — Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі. Бацька і сын актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 году і ўцяклі ад міліцэйскай пагоні, схаваўшыся за плотам амбасады, што месьціцца ў цэнтры Менску. МЗС Беларусі ў сувязі з гэтым уручыў 11 ліпеня ноту пратэсту амбасадарцы Швэцыі.
На дзяржаўнай тэлевізіі ў адной зь перадач паказалі, як сілавікі нібыта былі ў курсе ўсіх перамяшчэньняў Кузьнечыкаў і насамрэч ведалі пра іх пасьпяховыя ўцёкі зь Беларусі. Самі бацька і сын заявілі, што «доўга сьмяяліся» з афіцыйнай вэрсіі ўладаў, якія той перадачай, на іх думку, паспрабавалі прыкрыць некампэтэнтнасьць сілавікоў, што ўпусьцілі іх.
Швэцыя ня стала адклікаць свайго амбасадара зь Беларусі пасьля падзей 2020 году, аднак адмовілася выдаваць Кузьнечыкаў сілавікам. Урэшце Кузьнечыкам удалося пакінуць тэрыторыю Беларусі і трапіць у Латвію.