Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы Кіргізстану і Таджыкістану ідуць узброеныя сутыкненьні, бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў правакацыях


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Бішкек абвінаваціў Душанбэ ў парушэньні дамоўленасьцяў і «вераломнай атацы». У Душанбэ сьцьвярджаюць, што кіргіскія вайскоўцы абстралялі шэраг таджыцкіх населеных пунктаў.

Міністэрства замежных спраў Кіргізстану ўручыла Таджыкістану ноту пратэсту.

Узброеныя сутыкненьні ідуць па ўсім пэрымэтры кіргіска-таджыцкай дзяржаўнай мяжы, паведаміла памежная служба ДКНБ Кіргізстану.

Паводле інфармацыі прэс-службы ведамства, таджыцкі бок пачаў абстрэл мясцовасьцяў Кулунду, Максат і Джаны-Джэр Лейлецкага раёну Баткенскай вобласьці. Вайскоўцы памежнай службы вядуць агонь у адказ, зазначаецца ў паведамленьні. Зь сёлаў прымежнага Баткенскага раёну Кіргізстану эвакуююць мясцовых жыхароў, перадае кіргіская служба Радыё Свабода.

Кіргіскі бок абвінаваціў Таджыкістан у парушэньні дамоўленасьцяў і «вераломным нападзе».

«Улады Таджыкістану ня ў стане кантраляваць абстаноўку, больш за тое, садзейнічаюць эскаляцыі ўзброеных сутыкненьняў», — падкрэсьлілі ў ДКНБ.

Памежная служба заклікала Таджыкістан «спыніць агонь і накіраваць усе намаганьні на дээскаляцыю ўзброенага канфлікту».

Памежныя войскі ДКНБ Таджыкістану, у сваю чаргу, усклалі адказнасьць за пачатак канфлікту на кіргіскі бок. Паводле іх зьвестак, каля 4:50 кіргіскія памежнікі з выкарыстаньнем цяжкай зброі абстралялі памежную заставу «Душанбэ».

Агенцтва «Ховар», спасылаючыся на памежныя войскі Таджыкістану, паведаміла, што вайскоўцы Кіргізстану з прымяненьнем цяжкай зброі ўчынілі ўзброены напад на сем паселішчаў у межах гораду Ісфар, Ісфарынскага і Гафураўскага раёнаў.

Бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў тым, што, нягледзячы на дамову аб спыненьні агню, на мяжы працягваецца страляніна.

З кіргіскага боку паведамляецца сама меней пра 11 пацярпелых. Іх шпіталізавалі ў Баткенскі абласны абʼяднаны шпіталь. З таджыцкага боку, паводле зьвестак таджыцкіх СМІ, загінулі два вайскоўцы, атрымалі раненьні 11 чалавек — 6 памежнікаў і 5 мясцовых жыхароў.

Гэта другое з пачатку тыдня абвастрэньне сытуацыі на мяжы Кіргізстану і Таджыкістану. 14 верасьня перастрэлка адбылася на трох розных памежных участках — у мясцовасьцях Булак-Башы, Як-Сай і Паскы-Арык. Бакі абвінавацілі адзін аднаго ў разьвязваньні інцыдэнту.

Працягласьць мяжы Кіргізстану з Таджыкістанам складае 970 кілямэтраў, 519 зь іх удакладненыя, астатняя частка застаецца неапісанай. Спрэчнымі застаюцца ўчасткі паміж Баткенскай вобласьцю Кіргізстану і Сагдыйскай вобласьцю Таджыкістану, дзе вёскі, а часам і дамы жыхароў дзьвюх рэспублік разьмешчаны побач, што абцяжарвае работу ў вызначэньні лініі мяжы. Праз гэтую нявызначанасьць паміж жыхарамі і памежнікамі суседніх дзяржаў часта адбываюцца сутыкненьні за права доступу да вады, зямлі і камунікацый. Пры гэтым нярэдка прымяняецца і зброя, што прыводзіць да чалавечых ахвяр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG