Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераходны кабінэт: «Гарматнае мяса і ядзерныя грыбы — рэцэпт перамогі „русского мира“»


Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў справе транзыту ўлады Павал Латушка
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў справе транзыту ўлады Павал Латушка

Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі ў пытаньнях транзыту ўлады выступіў з заявай адносіна частковай мабілізацыі, якую абвясьціў Уладзімір Пуцін.

Кабінэт заявіў, што цяпер «вельмі шмат залежыць ад хуткасьці прыняцьця рашэньняў і рашучасьці нашых сумесных дзеяньняў па падтрымцы Ўкраіны і адстойваньні незалежнасьці Беларусі».

«Сёньня Міжнародны дзень міру, і пуцінская Расія жадала б, каб ён увайшоў у гісторыю як дзень „рускага міру“. Пра гэта б марылі ў звар’яцелай ад крыві Расеі. Пра гэта б марыў і прарасейскі рэжым крамлёўскай марыянэткі Лукашэнкі. Гарматнае мяса і ядзерныя грыбы — такім у сваёй хворай сьвядомасьці яны ўяўляюць рэцэпт перамогі.

Але гэтага ня здарыцца. Сёньняшні дзень ня зьменіць хаду гісторыі. Гучныя заявы кіраўніка крыважэрнай імпэрыі не адменяць яе паразы і падзеньня. Гучныя заявы не адменяць перамогу Ўкраіны, яны не адменяць падтрымку Ўкраіны з боку ўсяго цывілізаванага сьвету, якая няўхільна расьце.

Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі. Дзеяньні краіны-агрэсара Расеі і марыянэткавага рэжыму Лукашэнкі ўяўляюць для Беларусі прамую пагрозу страты незалежнасьці і сувэрэнітэту», — гаворыцца ў заяве.

Кабінэт, сярод іншага, прапанаваў:

  • Уступаць у шэрагі беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне і ў плян «Перамога»;
  • Сабатаваць любыя віды мабілізацыі, абвешчанай Лукашэнкам, у тым ліку ў сфэры эканомікі;
  • Ажыцьцяўляць любыя дзеяньні, накіраваныя на барацьбу з расейскімі акупантамі, падтрымку Ўкраіны і адхіленьне рэжыму Лукашэнкі ад улады.

Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:

  • Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
  • Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
  • І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.

Гэтага патрабавалі ад яе многія іншыя апазыцыйныя фігуры.

У складзе Кабінэту, сярод іншых, працуюць:

  • Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
  • Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
  • Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
  • Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
  • Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG