Беларускага амбасадара Анатоля Калініна выклікалі ў Міністэрства замежных спраў і эўрапейскай інтэграцыі Малдовы праз выказваньні Аляксандра Лукашэнкі на форуме «Гэта наша гісторыя» на мінулым тыдні ў Менску.
Паводле інфармацыі мясцовага выданьня Ziarul de Garda («Штодзённая газэта»), ад дыплямата запатрабавалі тлумачэньняў у сувязі са словамі Лукашэнкі аб тым, што нібыта «ЗША падштурхоўваюць Эўропу да ваеннай канфрантацыі з Расеяй», а наступнымі ўцягнутымі ў канфлікт могуць быць Малдова, Польшча, Румынія ці краіны Балтыі.
Міністэрства замежных спраў і эўрапейскай інтэграцыі Малдовы шкадуе аб «ролі Беларусі ў прапагандзе расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны і неаднаразовым прасоўваньні ў публічнай прасторы паведамленьняў, накіраваных на стварэньне дэзынфармацыі і фэйкаў».
Афіцыйны Кішынёў запэўніў, што «грамадзяне Рэспублікі Малдова рашуча асуджаюць вайну Расеі супраць Украіны».
Напярэдадні МЗС Румыніі ўручыў часоваму паверанаму ў справах Беларусі ноту пратэсту ў сувязі з гэтымі словамі Лукашэнкі. У дакумэнце было адзначана, што Бухарэст «катэгарычна абвяргае такія недапушчальныя заявы, якія падсілкоўваюць рыторыку, якая грунтуецца на закліку да сілы і пагрозе сілай у міжнародных адносінах».
Румынскі бок падкрэсьліў немагчымасьць ігнараваньня «міжнароднай ролі і адказнасьці Беларусі як саўдзельніцы Расеі ў падтрымцы агрэсіўнай вайны супраць Украіны».
Як паведамлялася, на форуме 17 верасьня Лукашэнка заявіў, што яшчэ «адной мэтай заакіянскіх гаспадароў» зьяўляецца Эўропа:
«Амэрыка зьяўляецца адзінай краінай-выгадатрымальніцай ад таго, што адбываецца тут. І Эўропу на месца паставіць, і канкурэнтаў прыбраць».
Паводле яго сьцьвярджэньня, «сёньня Ўкраіна, заўтра будзе Малдова ці Прыбалтыка, Польшча ці Румынія».
«Штаты разьдзімаюць вайну ў Косаве, спрабуючы ціснуць на Сэрбію. Падкідваюць вугольле ў тлеючыя супярэчнасьці ў Карабаху. Муцяць ваду ў Сырыі. Аб Украіне я ўжо сказаў. Ня ўсё проста ў Афганістане», — сказаў ён.