Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік ЭЗ пра Лукашэнку: «Ён крыніца і прычына ўсіх праблем, якія ёсьць у Беларусі»


Прадстаўнік ЭЗ у зьнешнепалітычных пытаньнях Пэтэр Стана
Прадстаўнік ЭЗ у зьнешнепалітычных пытаньнях Пэтэр Стана

Прэсавы сакратар Эўразьвязу ў зьнешнепалітычных пытаньнях Пэтэр Стана ў інтэрвію Deutsche Welle пракамэнтаваў магчымую амністыю ў Беларусі, імавернасьць адмены санкцый і тое, ці ёсьць шанцы на дыялёг Беларусі з Эўразьвязам.

З нагоды магчымай амністыі, паводле якой у Беларусі могуць выйсьці на волю каля 8 тысяч чалавек, Пэтэр Стана заявіў, што якія б заявы ні рабіў Лукашэнка, «трэба глядзець, як гэта падмацоўваецца дзеяньнямі», бо пакуль у ЭЗ бачаць толькі заявы, а на справе рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

«Вызваленьне некаторых людзей — гэта, вядома, важны крок, мы з самага пачатку заклікалі вызваліць усіх, хто быў арыштаваны, затрыманы і асуджаны па палітычных матывах. Але 8 тысяч чалавек — гэта ня ўсе, хто апынуўся ў зьняволеньні ці быў затрыманы з прычыны рэпрэсій. Таму для таго, каб ЭЗ зьмяніў сваю пазыцыю, сваю палітыку ў адносінах да санкцый, нам трэба ўбачыць канкрэтныя дзеяньні», — сказаў Пэтэр Стана.

Паводле яго, хоць Лукашэнка ня мае ніякай легітымнасьці, ЭЗ «па-ранейшаму трымае адкрытымі каналы сувязі зь Беларусьсю», бо па-ранейшаму верыць у магчымасьць дыялёгу.

Пэтэр Стана заявіў, што «многія крокі Лукашэнкі за апошнія два гады істотна падарвалі незалежнасьць і сувэрэнітэт краіны» і ён «сапраўды адбірае сувэрэнітэт у беларускага народа, адымае сувэрэнітэт у Рэспублікі Беларусь і аддае яго Маскве». Паводле Стана, Лукашэнка «стаў закладнікам імпэрскіх амбіцый Пуціна».

«Ён крыніца і прычына ўсіх праблем, якія сёньня ёсьць у Беларусі. Але, канешне, паколькі ён зьяўляецца праблемай, ён таксама зьяўляецца часткай рашэньня. Таму найперш гэта ён павінен прыняць рашэньне аб правядзеньні новых незалежных выбараў. Менавіта ён павінен дазволіць распачаць зьмястоўны, інклюзіўны агульнанацыянальны дыялёг», — сказаў Стана пра Аляксандра Лукашэнку.

Таксама Пэтэр Стана расказаў, ці чакае беларусаў у пэрспэктыве — візавыя абмежаваньні, падобныя да тых, што краіны Эўразьвязу ўвялі ў дачыненьні да грамадзян РФ.

«Візавую палітыку і яе філязофію можна апісаць наступным чынам: мы хочам пераканацца, што ўяжджаюць ня тыя людзі, якія могуць стаць праблемай для нас, ці людзі, якія гэтага не заслугоўваюць, але тыя людзі, якія маюць у гэтым патрэбу. Напрыклад, студэнты ці тыя, хто атрымаў гуманітарную візу.

Апазыцыянэры, незалежныя экспэрты, актывісты — усе, хто мае ў гэтым патрэбу, павінны мець магчымасьць атрымаць візу. Такая лёгіка візавага рэжыму. І якія б меры ні прымаліся на нацыянальным узроўні, гэта меры ў рамках існага візавага кодэксу, проста больш жорсткія ўмовы, якія ўзмацняюць жорсткасьць праверак, каб пераканацца, што візу атрымліваюць тыя, каму яна сапраўды патрэбна, а не тыя, хто зьвязаны з рэжымам і проста спрабуе скарыстацца сваімі прывілеямі», — сказаў Пэтэр Стана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG