Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка на форуме, прысьвечаным Дню народнага адзінства, заявіў, што ЗША штурхаюць Эўропу да ваеннага супрацьстаяньня з Расеяй ва Ўкраіне. Паводле яго, Вашынгтон гэтым не абмяжуецца і ў далейшым такое магчымае і ў шэрагу іншых краін, уключаючы Румынію.
МЗС Румыніі абурыла заява Лукашэнкі. Паверанаму Беларусі заявілі, што на думку Бухарэста такія заявы «падсілкоўваюць рыторыку, заснаваную на закліку да сілы і пагрозе сілай у міжнародных адносінах», у сувязі з гэтым лічыць іх недапушчальнымі і рашуча адкідае. «Таксама нельга ігнараваць ролю і міжнародную адказнасьць Беларусі як памагатага Расеі ў падтрымцы агрэсіўнай вайны супраць Украіны», – заявіў міністар замежных справаў Румыніі.
Беларускаму паверанаму таксама нагадалі, што Румынія зьяўляецца сябрам NATO і карыстаецца ўсімі гарантыямі бясьпекі, якія вынікаюць з гэтага статусу.