Арганізацыя дамовы калектыўнай бясьпекі, у якую ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан, у адказ на просьбу Ерэвана аб дапамозе накіраваў у Армэнію маніторынгавую групу.
Першая група місіі на чале з начальнікам Аб'яднанага штабу АДКБ Анатолем Сідаравым учора правяла назіраньне на некалькіх участках мяжы Армэніі і Азэрбайджану, паведамляе Радыё Азатутюн.
Сідараў сказаў, што на армяна-азэрбайджанскай мяжы, а таксама на таджыцка-кіргіскай мяжы «ўзьнікла непрыемная для АДКБ сытуацыя».
Першая група місіі АДКБ прыбыла ў Армэнію два дні таму, а генэральны сакратар арганізацыі, прадстаўнік Беларусі Станіслаў Зась прыбудзе на наступным тыдні.
Пасьля таго, як у пачатку тыдня пачаліся інтэнсіўныя баявыя дзеяньні на мяжы, афіцыйны Ерэван зьвярнуўся ў АДКБ, Раду бясьпекі ААН і да РФ. АДКБ прыняла рашэньне накіраваць місію для ацэнкі сытуацыі на месцы.
Празь некалькі дзён пасьля фактычнай адмовы АДКБ і Расеі аказаць ваенную дапамогу Армэніі армянскія ўлады пачалі на высокім узроўні выказваць незадаволенасьць структурай і вінаваціць блёк у бязьдзейнасьці.
Сьпікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі, якая прыбыла з візытам у Ерэван, асудзіла напад Азэрбайджану на Армэнію. У Ерэване сёньня прайшоў таксама мітынг у падтрымку прыезду Нэнсі Пэлосі.
- У ноч з 12 на 13 верасьня на мяжы Армэніі і Азэрбайджане абвастрылася абстаноўка. Бакі абвінавацілі адзін аднаго ў агрэсіі і правакацыях. Загінулі больш за 200 чалавек: у Ерэване прызналі гібель 135 сваіх вайскоўцаў, у Баку расказалі аб гібелі 77 азэрбайджанскіх вайскоўцаў. Гэта самая сурʼёзная эскаляцыя за апошнія два гады.
- У канцы 2020 году паміж Армэніяй і Азэрбайджанам аднавіўся канфлікт вакол Нагорнага Карабаху. Пасьля 44 дзён супрацьстаяньня Баку і Ерэван пры пасярэдніцтве Масквы падпісалі пагадненьне аб спыненьні баявых дзеяньняў.