«Интерфакс» піша, што бакі прыступілі да новага раўнду перамоваў. Яны праходзяць у вёсцы Кульканд, у Сагдыйскай вобласьці Таджыкістану.
Ноч на суботу прайшла без буйных інцыдэнтаў пасьля дасягнутага днём пагадненьня аб спыненьні агню. Раніцай 17 верасьня бакі заявілі аб аднаўленьні страляніны на мяжы, абвінаваціўшы адзін аднаго ў парушэньні дамоўленасьцяў, паведамляе Кіргізская служба Радыё Свабода.
Паводле зьвестак Міністэрства аховы здароўя Кіргізстану, ахвярамі сутыкненьняў сталі 24 чалавекі, параненыя 122 чалавекі. Больш за 136 тысяч жыхароў эвакуяаваныя. Афіцыйнай інфармацыі пра загінулых і параненых грамадзян Таджыкістану няма. Паводле зьвестак агенцтва «Азія-Плюс», забітых больш за дзесяць.
Прадстаўнік прэзыдэнта Кіргізстану ў Баткенскай вобласьці Абдзікарым Алімбаеў 17 верасьня заявіў, што ўсе захопленыя таджыкскім бокам вёскі вызваленыя.
Прэзыдэнт Кіргізстану Садыр Жапараў выказаў спачуваньні сем’ям загінулых і адзначыў, што Кіргізстан не аддасьць «ніводнага квадратнага мэтру сваёй зямлі і будзе цьвёрда абараняць нацыянальныя інтарэсы».
Сытуацыя на мяжы дзьвюх краін рэзка абвастрылася 14 верасьня: пачаліся перастрэлкі паміж вайскоўцамі ў трох месцах у Баткенскім раёне аднайменнай вобласьці Кіргізстану. Бакі ўсклалі адказнасьць за чарговы віток супрацьстаяньня адзін на аднаго.
У кіргізскай памежнай службе сьцьвярджаюць, што ў пятніцу таджыкскі бок пачаў абстрэл яе памежных нарадаў. У Бішкеку сьцьвярджаюць, што таджыкскі бок прымяняў танкі, БТР, БМП, мінамёты, а таксама ракетныя сыстэмы залпавага агню для нанясеньня ўдараў, у тым ліку, па населеных пунктах.
У памежнай службе Таджыкістану заявілі, што кіргізскі бок у пятніцу зь верталётаў і дронаў нанёс удары па некалькіх таджыкскіх населеных пунктах.
Амаль палова з прыкладна 970 кілямэтраў сумеснага ўчастка мяжы Кіргізстану і Таджыкістана да гэтага часу афіцыйна не разьмежаваная, на гэтым фоне пэрыядычна адбываюцца канфлікты і сутычкі.