Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Капуста +50%, рыба +36%. Улады рапартуюць аб зьніжэньні цэнаў, а як папраўдзе?


Крама гародніны, архіўнае фота
Крама гародніны, архіўнае фота

Харчовыя тавары за год падаражэлі на 18,9%, нехарчовыя — на 20,9%. Што падаражэла, а што патаньнела ў Беларусі ў жніўні.

Згодна з падлікамі Белстату, за месяц у Беларусі харчовыя тавары патаньнелі на 0,7%, нехарчовыя падаражэлі на 0,9%, паслугі падаражэлі на 0,3%.

Найбольш сярод прадуктаў паводле статыстычнага ведамства ў цане вырасьлі малако і малочныя прадукты (+1,9%), а вось гародніна патаньнела аж на 34,1%, садавіна — на 7,7%.

Сярод паслуг за месяц найбольш падаражэў чыгуначны транспарт (+9,6%).

Ці праўдзівыя цэны агучвае Белстат

Глядзім сярэднія цэны на прадукты, якія публікуе Белстат, і параўноўваем іх з цэнамі ў крамах. Літар малака, паводле Белстату, у жніўні каштаваў 1,76 рубля, e-dostavka прапануе літар малака тлустасьці 1,7% за 1,54 рубля.

Бульба, паводле Белстату, каштавала ў жніўні 1,21 рубля за кіляграм, e-dostavka прадае нават па 1,19 рубля за кіляграм.

Агуркі, паводле Белстату, каштавалі ў жніўні 1,52 рубля, у краме знаходзім па цане 3,49 рубля за кіляграм, ці ў 2,2 раза даражэй. На менскай Камароўцы агуркі можна знайсьці таньней — па 3 рублі за кіляграм.

Памідоры, паводле Белстату, каштавалі ў жніўні 2,2 рубля за кілю, сапраўды, знаходзім у краме памідоры па такой цане — 2,25 рубля за кілю.

Перац, паводле падлікаў Белстату, каштаваў у жніўні 6,67 рублёў за кіляграм, у краме яго знаходзім за 6 рублёў.

Бяскосткавая сьвініна, паводле статыстычнага ведамства, каштавала ў жніўні 14 рублёў за кіляграм, у краме сьвініну знаходзім па 14,2 рубля за кіляграм.

Як бачым, у цэлым зьвесткі Белстату адпавядаюць рэчаіснасьці (яны бяруць сярэднія цэны на тавары па ўсёй краіне).

Ці заўсёды гародніна так таньнее ў жніўні?

Каб зразумець, чаму так патаньнела гародніна за месяц, параўнаем цэны ў такі ж леташні пэрыяд.

  • За месяц (ліпень-жнівень) летась перац патаньнеў у 1,4 раза, памідоры на 24%, агуркі на 1,29%, цыбуля на 10%.

Як бачым, зьніжэньне цэнаў у жніўні супраць ліпеня на гародніну — сэзонная зьява.

Як зьмяніліся цэны за год

Рост цэнаў, то бок інфляцыю, звычайна вылічваюць у гадавым вымярэньні, і ў Беларусі яна даволі высокая. У жніўні гадавая інфляцыя склала 17,9%. Глядзім, як зьмяніліся цэны на некаторыя харчовыя тавары за год.

  • Напрыклад, бяскосткавая сьвініна за год падаражэла на 17,3%, бяскосткавая ялавічына — на 16,8%.
  • Жывая рыба вырасла ў цане на 36,4%, кураціна падаражэла на 11,3%.
  • Капуста за год вырасла ў цане на 50%, памідоры на 14%, перцы на 25,7%, цыбуля на 32%.
  • Бананы падаражэлі на 28%, яблыкі — на 15,5%, грушы — на 21,7%.
  • Малако за год вырасла ў цане на 7,3%, цьвёрды сыр на 15,2%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG