Шэраг былых вязьняў турмы Сэдная расказалі пра катаваньні «салянымі пакоямі», якіх у турме як мінімум два. Ім давалі мала ежы і бяз солі, а празь нейкі час запускалі ў пакой, запоўнены сольлю. Там людзі знаходзілі «забальзамаваныя» целы людзей, інфармуе тэлеканал RTL.
Саляныя пакоі — прымітыўныя моргі, прызначаныя для захаваньня целаў у адсутнасьць моргаў-халадзільнікаў. Так бальзамавалі целы ў Старажытным Эгіпце.
Па дадзеных брытанскай маніторынгавай групы Сырыйскай абсэрваторыі правоў чалавека, з 2011 году ў турмах рэжыму Башара Асада загінулі да 100 000 чалавек, што складае пятую частку ад агульнай колькасьці загінулых падчас вайны.
Абдо, якому пашанцавала выжыць і выйсьці на волю, апісаў саляны пакой на першым паверсе як прастакутнік памерам прыкладна 6×8 мэтраў з просьценькай прыбіральняй у куце. Як і дзясяткі тысяч іншых, яго зьняволілі па агульных абвінавачваньнях у «тэрарызьме». Мужчыну вызвалілі ў 2020 годзе, але ён кажа, што перажытае ў пакоі з трупамі нанесла яму шнар на ўсё жыцьцё.
Лічыцца, што толькі ў турме Сэдная з пачатку ваеннага канфлікту трымалі каля 30 тысяч чалавек. Вызвалілі пры гэтым толькі 6 тысяч. Большасьць астатніх афіцыйна лічацца зьніклымі бязь вестак, бо пасьведчаньні аб сьмерці рэдка даходзяць да сем’яў, калі сваякі ня плацяць вельмі высокага хабару, што стала буйным рэкетам пры рэжыме.
На думку стваральнікаў ініцыятывы, у пакоі часта прыносілі ўжо мёртвыя целы, зазвычай гэта былі закатаваныя або памерлыя ад розных хвароб вязьні. Прычым трупы на некалькі дзён пакідалі ў камэрах з жывымі людзьмі, і толькі потым выносілі іх у саляныя пакоі.
«Саляныя пакоі былі прызначаныя для «захаваньня целаў, стрымліваньня смуроду... і абароны ахоўнікаў і турэмнага пэрсаналу ад бактэрый і інфэкцый», — растлумачыў прызначэньне пакояў стваральнік ініцыятывы ADMSP Дыяб Сэрыя.
Жывых вязьняў закідвалі ў пакоі для таго, каб застрашыць іх выглядам трупаў, закапаных у соль.
Амэрыканскі прафэсар анатоміі Джой Балта, які апублікаваў шмат работ аб мэтадах захаваньня чалавечага цела, патлумачыў, як соль можна выкарыстоўваць як простую і танную альтэрнатыву халодным камэрам.
«Соль валодае здольнасьцю абязводжваць любую жывую тканку ... і таму можа быць выкарыстана для значнага запаволеньня працэсу раскладаньня цела», — сказаў ён AFP.
Грамадзянская вайна ў Сырыі пачалася вясной 2011 году з пратэстаў, якія перарасьлі ў паўстаньне супраць рэжыму Башара Асада.
Ахвярамі вайны сталі каля 400 тысяч чалавек, мільёны сталі ўцекачамі.
Бакі канфлікту атрымліваюць вайсковую дапамогу ад іншых дзяржаваў. Падтрымку ўрадавым сілам аказваюць Расея і Іран, тады як сырыйская апазыцыя атрымлівае дапамогу заходніх краінаў, Турэччыны і краінаў Пэрсыдзкай затокі. Сырыя шмат гадоў зьяўляецца адной з самых бедных і небясьпечных краін сьвету для жыцьця.