«Спарта II» належыць падкантрольнай Міністэрству абароны Расеі кампаніі «Оборонлогистика». Яна пад санкцыямі ЗША. У ліпені гандлёвы вадаплаў бесьперашкодна прайшоў Басфор па шляху з сырыйскага порту Тартус і прыбыў у Новарасійск, на ім было прынамсі 11 адзінак вайсковай тэхнікі, сьцьвярджае агенцтва.
Паводле апошніх зьвестак сыстэмы сачэньня за вадаплавамі MarineTraffic, «Спарта II» дагэтуль у порце Новарасійску.
Крыніцы Bloomberg сьцьвярджаюць, што Расея ня раз выкарыстоўвала гандлёвыя караблі для перавозкі зброі і вайсковай тэхнікі па Чорным моры ў абыход турэцкіх санкцыяў.
Прадстаўнік турэцкага боку сказаў, што вадаплаў можна праверыць, толькі калі яго падазраюць у парушэньні заканадаўства. Белы дом ня стаў камэнтаваць сытуацыю.