Пра гэта паведаміла ў сераду дзяржаўнае сырыйскае інфармацыйнае агенцтва SANA са спасылкай на крыніцу ў МЗС Сырыі, піша Reuters.
Гэта адбылося 29 чэрвеня, адразу пасьля рашэньня саміту краін NATO аб пачатку працэдуры прыняцьця ў члены Альянсу Швэцыі і Фінляндыі, а таксама аб выдзяленьні маштабнага пакета абарончай дапамогі Ўкраіне.
Сырыя ў лютым падтрымала рашэньне Расеі прызнаць ДНР і ЛНР і пацьвердзіла намер наладжваць адносіны зь дзьвюма сэпаратысцкімі рэспублікамі, якія ад 2014 году знаходзяцца пад кантролем Расеі.
Да гэтага ДНР і ЛНР, акрамя Расеі, прызнавалі толькі часткова прызнаныя рэспублікі Абхазія і Паўднёвая Асэтыя.
«Гэта краіна, якая падтрымлівае агрэсара і зьяўляецца шэрай зонай», — кажа пра Сырыю ў інтэрвію Свабодзе першы намесьнік міністра аграрнай палітыкі і харчаваньня Ўкраіны Тарас Высоцкі. Ён расказаў, што Сырыя пагадзілася прымаць ад Расеі ўкраінскае збожжа, скрадзенае з акупаваных тэрыторыяў.
«Сёньня тэрыторыі Сырыі выкарыстоўваюцца як пэўны аграрны хаб для скрадзенага ўкраінскага збожжа. І, уласна, Расея, паводле дамоваў, якія яны маюць паміж сабой, абавязаная пастаўляць у Сырыю каля 1 мільёна тон збожжавых. Таму Расея выконвае гэта за кошт Украіны, рабуючы і вывозячы ўкраінскае», — расказвае намесьнік старшыні грамадзкага саюзу «Ўсеўкраінская аграрная рада» Дзяніс Марчук.