Пуцін павіншаваў Асада зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах і дадаў, што нягледзячы на ўсе складанасьці і трагедыі папярэдніх гадоў, сырыйцы давяраюць Асаду і зьвязваюць зь ім працэс аднаўленьня і вяртаньня да нармальнага жыцьця. Пуцін таксама падкрэсьліў неабходнасьць дыялёгу з апанэнтамі сырыйскай улады.
Галоўнаю ж праблемай Сырыі прэзыдэнт Расеі назваў незаконную прысутнасьць замежных вайскоўцаў, але не ўдакладніў, якіх менавіта краінаў.
Асад падзякаваў Пуціну за дапамогу і падтрымку, але сказаў, што палітычныя працэсы, у тым ліку дыялёг з апазыцыяй, спыніліся тры гады таму. Ён таксама адзначыў, што шэраг дзяржаваў наклалі на Сырыю санкцыі, якія можна клясыфікаваць «як антычалавечыя, антыдзяржаўныя, антылегітымныя».
Апошні раз прэзыдэнты Расеі і Сырыі сустракаліся ў студзені 2020 году ў Дамаску, калі Пуцін і Асад наведалі камандны пункт расейскай групоўкі ў Сырыі.
- Прэзыдэнцкія выбары ў Сырыі адбыліся 26 траўня. Як і чакалася, перамог 55-гадовы Башар Асад, які кіруе краінай з 2000 году. Гэта ягоны чацьвёрты прэзыдэнцкі тэрмін — да 2028 году.
- Грамадзянская вайна ў Сырыі пачалася вясной 2011 году з грамадзянскіх пратэстаў, якія перарасьлі ў паўстаньне супраць рэжыму Башара Асада.
- Ахвярамі вайны сталі каля 400 тысяч чалавек, мільёны сталі ўцекачамі.
- Бакі канфлікту атрымліваюць вайсковую дапамогу ад іншых дзяржаваў. Падтрымку ўрадавым сілам аказваюць Расея і Іран, тады як сырыйская апазыцыя атрымлівае дапамогу заходніх краінаў, Турэччыны і краінаў Пэрсыдзкай затокі.