Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кіраўнік» анэксаванага Крыму прыгразіў перасьледам удзельнікам вясельляў, дзе гучалі ўкраінскія песьні


Сяргей Аксёнаў
Сяргей Аксёнаў

«Кіраўнік» анэксаванага Крыму Сяргей Аксёнаў прыгразіў крымінальнымі справамі і звальненьнямі арганізатарам і ўдзельнікам «публічных мерапрыемстваў», дзе гучаць украінскія лёзунгі, песьні і гімн.

Пра гэта ён паведаміў у сваім тэлеграм-канале.

Выданьне «Крым.реалии» паведамляе, што гэта здарылася пасьля таго, як прарасейскі крымскі блогер Аляксандар Таліпаў у сваім тэлеграм-канале апублікаваў відэа зь вясельля, якое, па яго дадзеных, прайшло 10 верасьня ў бахчысарайскім рэстаране «Арпат». На відэа госьці танцуюць пад украінскую песьню «Червона каліна».

Таксама Таліпаў апублікаваў відэа іншага вясельля ў Сімфэропалі, на якім гучала песьня Stefania украінскага гурту Kalush Orchestra, які перамог на «Эўрабачаньні».

Па словах Аксёнава, за такія дзеяньні арганізатараў і ўдзельнікаў мерапрыемстваў будуць караць, у прыватнасьці, іх будуць прыцягваць да крымінальнай адказнасьці, вызваляць ад пасад або спыняць вядзеньне бізнэсу ў Крыме. «Я лічу, што людзі, якія паступаюць такім чынам, паводзяць сябе як здраднікі сапраўдныя», — сказаў ён. Тым, хто падтрымлівае Ўкраіну, ён прапанаваў зьяжджаць «у тую краіну, якую яны так любяць».

Расейскія ўлады Крыму актыўна супрацьдзейнічаюць любым праявам антываенных настрояў. На паўвостраве назіраецца перасьлед людзей за праслухоўваньне і выкананьне ўкраінскіх песень. У Севастопалі мясцовыя ўлады нават запусьцілі спэцыяльны чат-бот для даносаў на тых, хто падтрымлівае Ўкраіну. Трактаваць як «падтрымку Ўкраіны» могуць любыя дзеяньні, ажно да выкананьня песень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG