У праўладных каналах зьявілася інфармацыя пра затрыманьне 32-гадовага Дзьмітрыя Стасевіча. Сілавікі называюць мужчыну «актывістам аднаго з дваравых чатаў» і адзначаюць, што ён пачаў «спаміць» там «экстрэмісцкімі пастамі».
Паводле праваабронцаў, Стасевічу могуць быць прад’яўленыя абвінавачаньні паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»): сілавікі кажуць, што знайшлі ў тэлефоне Дзьмітрыя фотаздымкі, якія пацягнулі за сабой крымінальную справу за ўдзел у «масавых беспарадках у 2020 годзе».
Сам Стасевіч прызнаецца ў відэа, што хадзіў на Маршы, а таксама быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.
Палітзьняволеную Веру Валністую другі раз асудзілі да «хатняй хіміі», але вызвалілі пасьля суда
8 верасьня суд Цэнтральнага раёну Менску разгледзеў справу 31-гадовай палітзьняволенай Веры Валністай, якую абвінавацілі па арт. 342 КК «Удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», паведамляе «Вясна».
Веру Валністую затрымалі 6 чэрвеня. 8 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску Веру прызналі вінаватай у абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 КК і прызначылі ёй 2 гады «хатняй хіміі», а таксама абавязалі выплаціць 1000 рублёў матэрыяльнай кампэнсацыі пацярпеламу. Пасьля суда Веру зноўку зьмясьцілі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе ёй давялося чакаць наступнага суда, які адбыўся роўна празь месяц.
8 верасьня Веру Валністую прызналі вінаватай ва ўдзеле ў пасьлявыбарчых акцыях пратэсту і з улікам выраку па першай крымінальнай справе канчаткова пакаралі трыма гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Веру вызвалілі ў залі суда.
Палітзьняволенага рабочага Аляксея Сянько асудзілі да 2 гадоў калёніі па «справе Зельцэра»
Сёньня ў Горадзенскім абласным судзе вынесьлі прысуд 37-гадоваму палітвязьню Аляксею Сянько. Судзьдзя Анатоль Заяц абвінаваціў мужчыну паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці) Крымінальнага кодэкса. Прысуд — 2 гады калёніі агульнага рэжыму.
Палітвязьня затрымалі дома ў Слоніме 29 верасьня 2021 года.
«Стала трывожна. Я пазваніла мужу, ён спачатку не браў, пасьля кажа: „Не магу размаўляць“. Мы пайшлі дадому, падыходзім, а там тыя трое яго ўжо выводзяць. Ён пасьпеў мне шапнуць: „Гэта КДБ“», — распавядала пра дзень затрыманьня жонка Аляксея.