Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 8 верасьня: 2,5 года «хіміі» за бел-чырвона-белы і ўкраінскі сьцягі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю.

Жыхара Новалукомля асудзілі на 2,5 года «хіміі» за выявы сьцягоў

Жыхара Новалукомля асудзілі на 2,5 года «хіміі» за графіці. Прысуд вынес суд Чашніцкага раёну, паведамляе пракуратура. Маладому чалавеку інкрымінавалі апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці.

Паведамляецца, што ў сакавіку 2022 году ён нанёс «надпісы экстрэмісцкага зьместу» на трубаправод Лукомскай ДРЭС, а ў траўні намаляваў бел-чырвона-белы і ўкраінскі сьцягі на гармаце, якая стаіць на тэрыторыі вайсковага пахаваньня ў вёсцы Старыя Лаўкі Чашніцкага раёну.

Былога дырэктара па маркетынгу менскай крамы «Снікерхэд» адправілі на «суткі»

Учора на праўладных каналах зьявілася відэа з затрыманым дырэктарам крамы красовак «Снікерхэд» Сяргеем Калядой і былым дырэктарам па маркетынгу гэтай жа крамы Ўладзімірам Стасевічам. Іх затрымалі 5 верасьня.

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», 6 верасьня ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску прайшоў суд над Стасевічам. Судзьдзя Тацяна Палулех прызнала Ўладзімера вінаватым паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) і прысудзіла яму 13 дзён адміністрацыйнага арышту. Лёс Сяргея Каляды высьвятляецца.

Палітвязьню Алегу Канавалаву прысудзілі 5 гадоў калёніі

У Гомельскім абласным судзе 7 верасьня вынесьлі прысуд 27-гадоваму палітзьняволенаму гамельчуку Алегу Канавалаву. Яго асудзілі на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама прызначылі штраф у памеры 3200 рублёў і кампэнсацыю маральнай шкоды на карысьць пацярпелага міліцыянта 5000 рублёў, паведамляюць праваабаронцы.

Канавалаў — уладальнік ютуб-каналу «Третий регион Беларусь». Яго затрымалі па вяртаньні ў Беларусь з Украіны 10 студзеня 2022 году.

Палітвязьня абвінавацілі ў тым, што ён дэананімізаваў сілавікоў і ўжо пасьля ад’езду ва Ўкраіну працягваў «разьмяшчаць у сацсетцы інфармацыю антыдзяржаўнага толку, прапагандаваць супраціў прадстаўнікам улады». Мужчына загружаў на свой канал відэа з акцый салідарнасьці беларусаў у Кіеве. Таксама яму ў віну паставілі «цынічныя камэнтары» пра загінулага супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і абразу прэзыдэнта.

Тры гады «хіміі» — за абразы «прадстаўнікоў улады» і Лукашэнкі

Палітзьняволенага Дзьмітрыя Дзямешку асудзілі на тры гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — так званай «хіміі», паведамляе «Вясна». Падчас суду стала вядома, што месяц таму яму замянілі меру стрыманьня падчас сьледзтва са зьняволеньня на хатні арышт.

Дзьмітрыя прызналі вінаватым паводле арт. 368 («Абраза Лукашэнкі») і арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») Крымінальнага кодэксу. На этапе сьледзтва яму таксама прад’яўлялі арт. 130 Крымінальнага кодэксу («Распальваньне варожасьці ці варажнечы»), але абвінавачаньні па ім зьнялі яшчэ да суду.

Таксама палітвязень мусіць выплаціць 100 базавых велічынь штрафу і чатыры тысячы рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

Дзямешку затрымалі год таму ў Новалукомлі па крымінальнай справе, узбуджанай за камэнтары ў інтэрнэце пасьля гібелі ў менскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і IT-спэцыяліста Андрэя Зельцара.

У Менску затрымалі студэнта БДМУ

7 верасьня ў Менску быў затрыманы студэнт 5 курса лячэбнага факультэту Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Аляксей Жыбуртовіч, паведамляе тэлеграм-канал Рупар БДМУ. Пра затрыманьне стала вядома з «пакаяльнага відэа» на праўладным тэлеграм-канале. Пакуль не вядома, па якіх артыкулах яму прад'яўляюць абвінавачваньні.

Кіроўцу з Гомля асудзілі на два гады калёніі

На закрытым судовым пасяджэньні жыхара Гомля Міхаіла Касякова асудзілі на два гады пазбаўленьня волі ў калёніі паводле арт. 368 («Абраза Лукашэнкі») і арт. 370 («Зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў») Крымінальнага кодэксу. Прысуд агучыў судзьдзя Яўген Шаршнёў.

Да затрыманьня Касякоў працаваў кіроўцам на прадпрыемстве «Гомельшкло». У праўладных пабліках зьяўлялася відэа яго затрыманьня, дзе сам мужчына распавядае, што нібыта выклаў у «Одноклассниках» фота Лукашэнкі ў «непрыстойнай форме».

Палітзьняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк зноў зьмясьцілі ў ШЫЗА

Пра гэта паведаміў муж Паліны Андрэй Шарэнда:

«Толькі тры дні пратрымалася Паліна ў атрадзе пасьля мінулых 20 дзён ШЫЗА, як яе зноў кінулі ў падвал. Гэта ўжо 50 дзён катаваньняў за апошнія два з паловай месяцы, што Паліна знаходзіцца ў жаночай папраўчай калёніі № 24 (Зарэчча)».

У гомельскай калёніі 7 красавіка Паліну асудзілі паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы). Суд прызначыў ёй, на дадатак да 2 гадоў зьняволеньня, яшчэ адзін год у калёніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG