Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістку дзяржаўнага агенцтва БелТА асудзілі на 3 гады калёніі ў «справе Зельцара»


 Іна Можчанка
Іна Можчанка

7 верасьня ў Берасьцейскім абласным судзе агучылі вырак журналістцы Іне Можчанцы, якая да затрыманьня працавала ў дзяржаўным інфармацыйным агенцтве БелТА, дзе займала кіроўную пасаду, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Як стала вядома ад праваабаронцаў, справу разглядала судзьдзя Вера Філонік. Іну Можчанку абвінавачвалі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і ч. 1 арт. 130 («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасьці»).

З абвінавачаньня, якое ў судзе прадстаўляў пракурор Аляксандар Бацюшка, вынікала, што Іна Можчанка пакідала публічныя камэнтары ў пэрыяд з 9 жніўня 2020-га па 28 верасьня 2021 году пра загінулага супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка, пра яго маці і ў цэлым пра супрацоўнікаў КДБ. У некаторых камэнтарах, паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, былі прыкметы абразы, а ў іншых угледзелі прыкметы наўмыснага распальваньня варожасьці ў стаўленьні да праваахоўнікаў.

Аднак, як заўважаюць праваабаронцы, у судова-лінвістычнай экспэртызе, далучанай да справы, згадваліся толькі паведамленьні Іны Можчанкі, напісаныя 29 верасьня 2021 году. Пракурору давялося на стадыі судовых спрэчак карэктаваць абвінавачаньне: канчаткова жанчыну абвінавацілі толькі за «абразьлівыя, якія распальваюць варожасьць» паведамленьні менавіта 29 верасьня 2021 году.

Якія менавіта допісы былі абразьлівыя, дакладна не вядома, бо на судзе яны цалкам не агучваліся. Разам з тым з праведзенай у рамках справы судовай экспэртызы вынікае, што аўтарка допісаў спрычынілася да «фармаваньня нэгатыўнага стэрэатыпу ў дачыненьні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў».

Але пракурор Бацюшка ў канчатковым абвінавачаньні трактаваў паведамленьні куды шырэй. Паводле яго, нібыта Іна Можчанка мела на ўвазе і ўхваленьне ўчынку Андрэя Зельцара, і «падбухторвала да гвалтоўных дзеяньняў над праваахоўнікамі». Такім чынам, паводле пракурора, ёсьць склад злачынства паводле артыкулу аб распальваньні варожасьці.

У выніку 7 верасьня 2022 года судзьдзя Вера Філонік агучыла менавіта тое пакараньне для Іны Можчанкі, аб якім прасіў пракурор Аляксандар Бацюшка: тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму і штраф памерам 100 базавых велічынь (3200 рублёў).

Пра Іну Можчанка вядома, што яна ўваходзіць у праўладны Саюз пісьменьнікаў Беларусі і да затрыманьня ў верасьні 2021 году працавала ў БелТА, дзе займала пасаду начальніцы сэктару працы з электроннай інфармацыяй аддзелу падтрымкі і разьвіцьця інтэрнэт-рэсурсаў.

Іна Можчанка актыўна вяла сацыяльныя сеткі, дзе ў тым ліку пакідала пратэставыя камэнтары і іранізавала над музыкамі, якія выступаюць у савецкай вайсковай форме.

Падставай для затрыманьня Іны Можчанкі зьявіліся падзеі 28 верасьня 2021 году, зьвязаныя з так званай справай «Андрэя Зельцара». На гэтую гісторыю Можчанка адрэагавала допісамі ў сацсетках, і ўжо 29 верасьня да яе прыйшлі сілавікі. З таго часу жанчына сядзіць за кратамі і там сустрэла свой 45-ы дзень народзінаў.

Дагэтуль незразумела, чаму справу Іны Можчанкі разглядалі менавіта ў Берасьці, куды жанчыну прывезьлі з жодзінскага ізалятара, а ня ў Менску (дзе яна жыла і працавала).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG