Менчука асудзілі на 2,5 года калёніі ў «справе Зельцара»
У Менскім гарадзкім судзе вынесьлі чарговы прысуд за распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу, а таксама за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369).
Абвінавачаны — палітвязень Цімур Хайрулін.
Да суду Цімура трымалі ў сьледчай турме № 8 у Жодзіне, паведамляюць праваабаронцы.
Нядаўна стала вядома, што судзьдзя Алена Ананіч прысудзіла Хайруліну 2,5 года калёніі агульнага рэжыму.
7 гадоў калёніі за камэнтары у Telegram
Па інфармацыі тэлеграм-канала Mayday, 5 верасьня ў Горадзенскім абласным судзе разгледзелі крымінальную справу Марыны Санкевіч.
28-гадовую ўраджэнку Старых Дарог затрымалі сёлета 24 лютага ў Горадні. Вядома, што падставай для крымінальнай справы сталі камэнтары ў некалькіх «забароненых» тэлеграм-каналах.
У віну Санкевіч ставілі наступныя артыкулы Крымінальнага кодэксу:
- 342 ч. 1 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх);
- 368 ч. 1 (Абраза Лукашэнкі);
- 293 ч. 1 (Масавыя беспарадкі);
- 130 ч. 1 (Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці).
З моманту затрыманьня Санкевіч знаходзіцца ў СІЗА-1 г. Горадні.
Працэс узначальваў судзьдзя Зьміцер Бубенчык, вядомы сваімі «палітычнымі» прысудамі задоўга да выбараў у 2020 годзе, паведамляюць праваабаронцы. Менавіта ён выносіў прысуды палітвязьням — Аляксею Забірану, Юрыю Жукоўскаму, Сяргею Кірыковічу.
3,5 года «хатняй хіміі» — паводле «народнага» артыкула
6 верасьня ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску агучылі вырак 38-гадовай Алене Мяхціевай. Яе прызналі вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і асудзілі на 3,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — «хатняй хіміі». Прысуд вынесла Ала Скуратовіч, паведамляе «Вясна».
Вядома, што Алену затрымлівалі ў чэрвені, але адпусьцілі пад заклад, да суду яна была на волі.
Новы прысуд па «справе Зельцара» — 2 гады калёніі за камэнтар пра супрацоўніка КДБ
Праваабаронцам сталі вядомыя вынікі судовага разбору па справе палітвязьня Яўгена Ракевіча, якога абвінавачвалі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт.369 КК) і распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК). Справу разглядала судзьдзя Цяплова.
У верасьні 2021 году ў адным з тэлеграм-чатаў Яўген пакінуў камэнтар пра супрацоўніка КДБ, які загінуў разам з айцішнікам Зельцарам падчас перастрэлкі ў кватэры апошняга. Як сьцьвярджае бок абвінавачваньня, у камэнтары Ракевіч абразіў супрацоўніка КДБ і ў цэлым нэгатыўна выказаўся пра супрацоўнікаў праваахоўнага блёку.
Падчас судовага пасяджэньня абвінавачаны прызнаў сваю віну часткова, патлумачыўшы, што камэнтары напісаў, паддаўшыся эмоцыям.
24 жніўня Магілёўскі абласны суд прысудзіў Ракевічу 2 гады папраўчай калёніі агульнага рэжыму і штраф у памеры 100 базавых велічынь.
Яшчэ аднаго менчука асудзілі па «справе Зельцара»
У Менскім гарадзкім судзе вынесьлі прысуд Мікалаю Сергіеню, які быў абвінавачаны ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэксу), а таксама ў распальваньні расавай, нацыянальнай, сацыяльнай альбо іншай варожасьці і варажнечы (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу). Судовы працэс вяла судзьдзя Тацяна Фалькоўская.
Мужчыну прызналі вінаватым і асудзілі на адзін год і 8 месяцаў калёніі агульнага рэжыму, а таксама прысудзілі яму 100 базавых велічыняў штрафу, паведамляе «Вясна».
«Дыскрэдытаваў Рэспубліку Беларусь»: жыхара Гомля асудзілі на 2 гады калёніі
Суд Навабеліцкага раёну Гомля вынес прысуд па справе Мікалая Дземчанкі, абвінавачанага ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 Крымінальнага кодэксу). Судовы працэс вёў судзьдзя Аляксандар Зінчук, паведамляе «Вясна».
Палітвязьня затрымалі 29 верасьня 2021 году ў Гомлі па крымінальнай справе, заведзенай за камэнтары ў інтэрнэце пасьля гібелі ў менскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і IT-спэцыяліста Андрэя Зельцара. Напачатку Мікалай праходзіў па крымінальнай справе паводле артыкулаў 369 Крымінальнага кодэксу (абраза прадстаўніка ўлады) і 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці).
У выніку суд пакараў яго пазбаўленьнем волі ў калёніі агульнага рэжыму тэрмінам на два гады, а таксама штрафам у памеры 100 базавых велічынь.
Тры гады калёніі і вялікі штраф за «абразьлівыя» камэнтары прысудзілі жыхару Салігорску
У судзе Цэнтральнага раёну Менску за камэнтары ў інтэрнэце на тры гады зьняволеньня і 200 базавых велічыняў штрафу асудзілі 41-гадовага жыхара Салігорску Аляксандра Адзярыху. Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК), старшыні КДБ Івана Тэртэля, старшыні ЦВК Людмілы Ярмошынай, дэпутатаў, міністраў замежных спраў і па надзвычайных сытуацыях, а таксама пракурора (арт. 369 КК). Прысуд вынес судзьдзя Дзьмітры Карсюк, паведамляе «Вясна».
Паводле вэрсіі абвінавачваньня, Аляксандар з траўня па лістапад 2021 году «разьмяшчаў на розных рэсурсах у інтэрнэце абразьлівыя камэнтары ў адрас Лукашэнкі».
У судовым пасяджэньні мужчына сваю віну прызнаў цалкам.
Насту Лойку і Данілу Кашэўскага адправілі за краты
Праваабаронцам стала вядома, што Данілу Кашэўскага сёньня арыштавалі на 12 дзён. Судзьдзя Фрунзенскага раёну Менску Андрэй Млечка прызнаў яго вінаватым паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за рэпосты з тэлеграм-каналаў, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі».
Таксама вядома, што праваабаронца Наста Лойка была арыштаваная на 15 дзён.
За «нацысцкую» татуіроўку затрымалі менчука Максіма Галавінскага
На «пакаяльным відэа» 36-гадовы мужчына кажа, што ў маладосьці зрабіў «нацысцкую» татуіроўку. У канцы відэа Максім паказвае, што замаляваў татуіроўку, піша «Вясна».
Затрымалі дырэктара і былога кіраўніка маркетынгу вядомай менскай крамы «Снікерхэд»
7 верасьня на праўладных каналах зьявілася відэа з затрыманым дырэктарам крамы красовак «Снікерхэд» Сяргеем Калядой і былым дырэктарам па маркетынгу гэтай жа крамы, якога, папярэдне, клічуць Уладзімер Стасевіч — ён нейкі час жыў у Грузіі, а пасьля вярнуўся ў Беларусь, заўважыла «Наша Ніва».
Мужчын абвінавачваюць у данатах на дапамогу пацярпелым падчас пратэстаў. Магчыма, да іх прыйшлі праз тое, што яны ў свой час адкрыта выклалі пост пра гэта — іншых «зачэпак» сілавікі не прадставілі.
BySol адкрыў тэрміновы збор для фігурантаў «справы анархістаў»
6 верасьня судзьдзя Сяргей Хрыпач прысудзіў фігурантам справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня» наступныя тэрміны:
- Аляксандру Францкевічу — 17 гадоў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
- Акіхіра Гаеўскаму-Ханаду — 16 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
- Марфе Рабковай — 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
- Аляксею Галаўко — 12 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
- Паўлу Шпетнаму, Мікіту Дранцу, Аляксандру Казьлянку, Андрэю Чапюку — па 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў, або звыш 6300 даляраў);
- Андрэю Марачу, Данілу Чулю — па 5 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў, або звыш 6300 даляраў).
Фонд BySol адкрыў тэрміновы збор для палітзьняволеных на перадачы і адвакатаў.
Заблякавалі доступ да сайта незалежнай газэты «Вечерний Бобруйск»
Пра гэта паведамляе @euroradio са спасылкай на чытачоў. Сайт ужо некалькі дзён не адчыняецца ў Беларусі. З-за мяжы адкрываецца праз раз. Само выданьне на сайце і ў сацсетках пра блякаваньне не паведамляе.
Грамадзкае аб'яднаньне «Wspólnota Polaków» ліквідуюць праз суд
Паседжаньне аб ліквідацыі пройдзе ў Вярхоўным Судзе. Пазоўнік — Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Судзьдзя — Ганна Сакалоўская, паведамляе @nebovkletku.
«Wspólnota Polaków» зьявілася ў 2019 годзе. Яе ўзначаліў Мечыслаў Яскевіч, які раней быў старшынём непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў. Калі на пасадзе яго зьмяніла Анжаліка Борыс, Яскевіч вырашыў стварыць уласную арганізацыю.