Пра гэта паведамляе партал «Зеркало».
У прадстаўніцтве ЭЗ у Беларусі «Зеркалу» пацьвердзілі інфармацыю пра затрыманьне 6 верасьня часовай паверанай у справах ЭЗ у Менску Эвэліны Шульц і назвалі гэта «недапушчальным і абуральным парушэньнем дыпляматычнага статусу».
Затрыманьне адбылося на выхадзе з будынку суду пасьля публічнага зачытваньня прысуду па «справе дзесяці», «на якім дзесяць палітвязьняў былі асуджаныя на неапраўдана працяглыя і жорсткія тэрміны», — падкрэсьліваюць у прадстаўніцтве.
— Гэтае незаконнае затрыманьне дыплямата зьяўляецца сур’ёзным парушэньнем Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных зносінах, якая гарантуе асабістую недатыкальнасьць дыпляматаў, і ставіць пад пытаньне бясьпеку дыпляматаў у Беларусі, — заявілі ў прадстаўніцтве ЭЗ у Беларусі. — Такое незаконнае затрыманьне дыпляматычнага пэрсаналу ЭЗ адбываецца ўжо другі раз. Эўрапейская служба зьнешніх дзеяньняў ужо выклікала беларускага часовага паверанага ў Брусэлі для тлумачэньня гэтага сур’ёзнага інцыдэнту.