Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адлегласьць ад Горадні да Беластоку цяпер мераецца не кілямэтрамі, а гадзінамі». Як беларусы перасякаюць мяжу з Эўразьвязам


Закрыты ў сувязі мігранкцкім крызісам польскі памежны пераход у Кузьніцы Беластоцкай з боку беларускіх Брузгоў. Ліпень 2022
Закрыты ў сувязі мігранкцкім крызісам польскі памежны пераход у Кузьніцы Беластоцкай з боку беларускіх Брузгоў. Ліпень 2022

«Калі хочаце пасьпець на самалёт, то трэба мець 5 гадзін запасу». Як беларусы перасякаюць мяжу з Эўразьвязам.

Сытуацыя на межах Беларусі застаецца напружанай. Чэргі з аўтамабіляў і рэйсавых аўтобусаў сталі крыху меншымі ў параўнаньні са жніўнем, але спазьненьні пасажырскіх аўтобусаў на 5-7 гадзін застаюцца нормай.

Пагаварылі зь беларусамі, якія нядаўна перасякалі мяжу.

«Дарога зь Менску ў Варшаву займае на 5-7 гадзін больш»

У беларускі Алены муж працуе ў Варшаве, таму ў Польшчу яна езьдзіць часта. Звычайна на сваім аўтамабілі. Гэтым разам на машыне перасякаць мяжу не рызыкнула, бо ведала пра вялізныя чэргі. Ехала рэйсавым аўтобусам Менск — Гданьск.

«Зь Менску аўтобус павінен быў адправіцца а 15-й гадзіне, яго падалі толькі а 18-й. Патлумачылі, што праз праблемы на мяжы. У Берасьце мы прыехалі апоўначы. Хуценька падселі новыя пасажыры — і паехалі на мяжу. Беларускіх памежнікаў і мытнікаў прайшлі даволі хутка. А вось палякаў — даўжэй за 3 гадзіны. Людзі ўжо прайшлі мытню, а аўтобус чакалі яшчэ гадзіну.

У выніку замест 0:20 паводле раскладу ў Варшаву прыехалі а 8-й раніцы», — расказала Алена.

Беларуска Ганна стала жыве ў Варшаве больш за 15 гадоў — пераехала разам з мужам, якога запрасілі выкладаць у прэстыжным польскім унівэрсытэце. Яна часта езьдзіць у Менск: там у яе дарослыя дзеці і ўнукі. Стамілася езьдзіць аўтобусамі, якія пастаянна спазьняюцца. Знайшла больш зручны для сябе і больш танны.

«Цягніком еду з Варшавы да Тарэспаля. Адтуль — маршруткай ці аўтобусам да Берасьця. Яны ходзяць даволі часта. Можна падсесьці на рэйсавы аўтобус, ёсьць яшчэ прыватны перавозчык „Маркус“. Зь Берасьця — цягніком да Менску (аўтавакзал і чыгуначны там побач).

Закрыты пасьля мігрантскага крызіса на мяжы Польшчы і Беларусі памежны пункт Кузьніца. Ліпень 2022
Закрыты пасьля мігрантскага крызіса на мяжы Польшчы і Беларусі памежны пункт Кузьніца. Ліпень 2022

Звычайна ўся дарога зь перасадкамі і чаканьнем займае ад 10 да 12 гадзін. Калі ехала ў Менск у канцы жніўня, на мяжы прастаяў 3 гадзіны. Давялося начаваць у Берасьці, бо цягнікоў на Менск ужо не было.

5 верасьня вярталася ў Варшаву — ехала на 5 гадзін больш, чым звычайна. Дарога заняла 17 гадзін. Перад нашым аўтобусам Берасьце — Тарэспаль у чарзе стаялі яшчэ 3 пасажырскія аўтобусы. На мой погляд, марудна працуюць і беларусы, і палякі».

Сваё падарожжа ў Варшаву ў фэйсбуку трапна апісаў і мянчук Міхась.

«Мяжа сьпякотная, потная й нудная. Нудныя й мытнікі з памежнікамі, што на беларускім баку, што на польскім. Сонца адно на ўсіх, нялітасьцівае.

Дзевяць гадзінаў — так адлегласьць ад Горадні да Беластоку цяпер мераецца: не кілямэтрамі, а гадзінамі. Калі межы закончыліся, то сонца схавалася, цягнікі на Варшаву сышлі, бліжэйшыя да вакзалу беластоцкія гостэлы не адчынялі дзьверы...

На чыгуначным вакзале, прытулку ўсіх, хто спазьніўся на ўсё, ёсьць добрыя лаўкі, дзе можна пакласьці заплечнік пад галаву і выпрастаць ногі», — піша беларус на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

За месяц — дзьве аварыі з удзелам беларускіх аўтобусаў

Ад доўгага чаканьня і чэргаў пасажыры стамляюцца, нэрвуюцца. Не дасыпаюць і кіроўцы, а гэта ўжо небясьпечна.

У ноч з 5 на 6 верасьня беларускі пасажырскі аўтобус вылецеў з трасы № 2 у Мазавецкім ваяводзтве ў Польшчы. 33 пасажыры траўмаваліся, 14 шпіталізавалі.

Аўтобус доўга стаяў на мяжы і спазьняўся. Прычыны здарэньня высьвятляюцца.

За апошні месяц гэта ўжо другая аварыя з удзелам беларускіх рэйсавых аўтобусаў. 13 жніўня а 5-й раніцы перакуліўся аўтобус Гомель — Познань з 47 пасажырамі. Кіроўца заснуў за стырном.

«Мытня добра выконвае загад: замучыць людзей, каб не бадзяліся па замежжы»

Арцём днямі вяртаўся з Польшчы ў Беларусь на аўтамабілі праз памежны пераход «Баброўнікі». Прыехаў на мяжу аб 11-й гадзіне, праз хвілін 20 заехаў на сам пераход. На польскім баку ўсё было хутка і проста. Мытня не правярала, а памежнікі паглядзелі пашпарты і пажадалі шчасьлівай дарогі.

«Пад беларускім шлягбаўмам сустракае наш памежнік і правярае наяўнасьць пашпартоў у кожнай асобы. Заяжджаем. І зноў памежнік. Ён правярае аўтамабіль (трэба адчыніць усе дзьверы і багажнік.) Далей — квэст „выберы правільны калідор — чырвоны ці зялёны“. Я схадзіў да мытніка і запытаўся: вязу ўсё ўжыванае, ці патрэбна гэта ўносіць у дэклярацыю. Ён кажа: лепш задэкляраваць. Становімся ў чырвоны калідор. Наперадзе каля 25 машын. Выглядае ня так беспэрспэктыўна, і я пляную, як правяду паўдня дома. Але ...»

Зноў пашпартны кантроль, прайшлі яго даволі хутка. А вось мытнікаў давялося чакаць некалькі гадзінаў — чарга стаіць на месцы. Пайшоў уперад паглядзець, што адбываецца.

«Мытнікі ўсе маладыя, гадоў каля 25. Працуюць нетаропка. Узяў мытнік паперу і шпацыруе па тэрмінале ўзад-уперад. Падыходзіць да машыны. Чалавек вязе толькі тэлевізар, нясе яго на вагу, распакоўвае. Мытнік аглядае з усіх бакоў, зьвярае з дэклярацыяй, ідзе да машыны, правярае, ці не схаваў той чалавек чагосьці. Уся працэдура хвілін 20. Другі вязе мірахвалёўку. Распакаваў, дастаў з каробкі, а мытнік нават дзьверцы адчыніў і ў печ зазірнуў — і зноў хвілін 30».

Калі дайшла чарга Арцёма, мытнік прыдраўся да дэклярацыі — маўляў, дрэнна запоўніў. Перарыў усе рэчы, дастаў прадукты і прымусіў ставіць усё на вагу.

«Кажа: «Пішы „прадукты харчаваньня ў асартымэнце“ і пералічвай назвы, колькасьць, мацунак напояў! Я толькі паўгадзіны дэклярацыю запаўняў. Мытнік у гэты час не агледзеў ніводнай машыны. Са мной ехаў чалавек, у якога было залішняй вагі 1 кіляграм, і яму давялося заплаціць мыта — 4 эўра.

Мытная дэклярацыя Арцёма
Мытная дэклярацыя Арцёма

У 18:00 мы выехалі з мытні. Мытня добра выконвае загад — замучыць людзей, каб не бадзяліся па замежжы, ну і шкурку апошнюю садраць за лішні кіляграм альбо штраф прызначыць», — робіць выснову Арцём.

Мытная дэклярацыя Арцёма
Мытная дэклярацыя Арцёма

Чэргі і на беларуска-літоўскай мяжы

На думку беларуса Алеся, які часта езьдзіць у Літву, прычына чэргаў на пераходзе Каменны Лог — Меднікі самая банальная. Літоўцы перабудоўваюць праезды і пункты кантролю.

Замест трох палос функцыянуюць толькі дзьве. Аўтобусы і легкавікі ідуць разам, у агульнай чарзе.

Кантроль і ў беларусаў, і ў літоўцаў працуе, як раней, даволі павольна. Могуць быць затрымкі арганізацыйныя кшталту перазьменак і падобнага. Да таго ж можна затрымацца на пару гадзін і праз пасажыраў. Напрыклад, калі ім трэба афармляць нешта, а яны «дурня строяць».

Таму Алесь раіць пасажырам, якія хочуць пасьпець у аэрапорты на самалёт у Вільні ці ў Менску, улічваць спазьненьні пасажырскіх аўтобусаў як мінімум на пару гадзін, але лепш мець запас гадзін на пяць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG