Афіцыйны дакумэнт апублікаваны на сайце Эўракамісіі.
Консульствам краін ЭЗ рэкамэндавана правяраць просьбітаў шэнгенскіх віз на прадмет пагрозы бясьпецы Эўразьвязу і міжнародных адносін. Прыярытэтам выдачы шэнгенскіх віз расейцам стануць гуманітарныя прычыны.
Цягам апошніх тыдняў гучалі прапановы абмежаваць або спыніць выдачу візаў і для грамадзянаў Беларусі.
«Сёньня ўжо афіцыйна: з дакумэнтаў аб адмене спрошчанага візавага рэжыму і візавых абмежаваньнях выключана згадка беларусаў. Дзякуй усім, хто дапамагаў. Беларусы не агрэсары. Беларусы змагаюцца за сваю свабоду і падтрымліваюць Украіну!», — напісаў у сваім тэлеграм-канале дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
Краіны Балтыі, Польшча і Фінляндыя ўзначалілі рух за больш строгія забароны на выдачу віз расейскім турыстам. Паколькі ЭЗ забараняе паветраныя зносіны на рэйсах з Расеі, большасьць падарожнікаў выкарыстоўваюць свае сухапутныя межы для паездак у іншыя краіны Эўразьвязу, дзе правілы не такія строгія. Пасьля атрыманьня візы ў краіну ЭЗ уладальнік дакумэнта можа свабодна падарожнічаць па Шэнгенскай зоне Эўразьвязу.
Нямеччына і Францыя ўзначалілі іншы бок у дыскусіі, заявіўшы, што абмежаваньне віз для расейцаў было б контрпрадуктыўным, паколькі Эўразьвяз спрабуе змагацца за «сэрцы і розумы» тых расейцаў, якія не падтрымліваюць агрэсію Масквы супраць Украіны.
Кіеў заклікаў блёк забараніць выдачу віз усім расейцам, акрамя палітычных дысыдэнтаў. Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў у інтэрвію РС 30 жніўня, што «называць гэтую вайну праблемай Пуціна», а не праблемай расейскага грамадзтва, якое ў асноўным падтрымлівае свайго прэзыдэнта, — гэта самападман".
Усе 27 чальцоў ЭЗ павінны былі пагадзіцца на любую прынятую меру, якая абмяжоўвае выдачу віз.