Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Калесьнікава напісала ў гадавіну свайго выкраданьня: «Сёньня ў нас спрабуюць выкрасьці краіну»


Марыя Калесьнікава за кратамі суду. Менск, верасень 2021
Марыя Калесьнікава за кратамі суду. Менск, верасень 2021

Праваабарончы цэнтар «Вясна» афіцыйна прызнаў палітзьняволенымі ў Беларусі 1321 чалавека. Аднак іншыя ініцыятывы дапамогі палітвязьням паведамляюць, што перасьледаваных у палітычна матываваных справах значна болей.

Марыя Калесьнікава ў другія ўгодкі свайго выкраданьня напісала зварот, які апублікаваў тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі:

«Ёсьць такія дні, пасьля якіх жыцьцё дзеліцца на „да“ і „пасьля“. 7 верасьня стаў менавіта такім днём для мяне і маіх блізкіх. У гэты дзень а 10-й раніцы мяне выкралі ў цэнтры любімага Менску каля любімага музэя і беспасьпяхова паспрабавалі сілком выгнаць з краіны.

За 2 гады шмат што зьмянілася — адбываецца катастрофа. Нас выкрадаюць адно ў аднаго, у нас выкрадаюць гісторыю і будучыню, у нас спрабуюць выкрасьці краіну.

Нават у часы самага апраметнага жаху пачуцьцё ўласнай годнасьці, свабоду, дабро і любоў выкрасьці, адабраць або забіць немагчыма.

Я дзякую і захапляюся ўсімі: маімі роднымі, блізкімі і беларусамі, зь якімі мы разам праходзім гэтае пекла. Нашы падтрымка, любоў, сьмех і ўсьмешкі — і ёсьць наша перамога! Сёньня я буду, як і заўсёды, гучна сьмяяцца і зь велізарнай любоўю думаць пра тату, сястру і ўсіх блізкіх! Любоў мацнейшая за страх!».

Сьлепянок у апошнім слове: «Хачу называцца беларусам, жыць у гэтай краіне»

6 верасьня ў Гомельскім абласным судзе мясцовага жыхара Мікіту Сьлепянка пакаралі 3 гадамі калёніі за адміністраваньне культурна-гістарычнага тэлеграм-каналу Rezystans. Сам канал, у якім менш за 250 падпісчыкаў, прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Палітвязень Мікіта Сьлепянок
Палітвязень Мікіта Сьлепянок

Напярэдадні прысуду Сьлепянок выступіў з апошнім словам. Яго публікуе Праваабарончы цэнтар «Вясна»:

«Я за кратамі ўпершыню. Даводзіцца бачыць у гэтай клетцы маладых людзей: мне 22 гады, а ім па 20, па 18. Іх лічаць тэрарыстамі, экстрэмістамі, дэструктыўнымі элемэнтамі. Як чалавек, які знаходзіцца тут, я магу сказаць, што мы такія ж беларусы, як і тыя, хто па той бок кратаў — маладое пакаленьне, каму жыць у гэтай краіне і будаваць яе, рабіць нешта для яе, ствараць свае сем’і, захоўваць сваю незалежнасьць — сапраўдную і нефармальную, захоўваць сваю мову, культуру, гісторыю. Для гэтага нам даводзіцца сядзець тут, бо мы проста выказалі сваю думку.

Я хацеў бы сказаць, што ёсьць і іншая моладзь — прагрэсіўная, шчасьлівая, якая абсалютна ня бачыць ніякіх праблем. Але пры гэтым, ведаючы большасьць сваіх знаёмых, я так разумею, што большасьць людзей ня мае асаблівых плянаў і ня ведае, чаго хоча ад гэтага жыцьця.

Але калі размова пра мяне, то я дакладна ведаю: я хачу называцца беларусам, жыць у гэтай краіне і сапраўды нешта рабіць для яе. Ня толькі для самога сябе, але і для сваёй краіны, якую я сапраўды люблю і зьяўляюся патрыётам. Ці будзе ў мяне такая магчымасьць, гэтага я ведаць не магу. Хацелася б верыць, што так. І хацелася б верыць, што, калі я выйду адсюль, Беларусь будзе заставацца Беларусьсю. Нягледзячы ні на што».

BySol адкрыў тэрміновы збор для фігурантаў «справы анархістаў»

6 верасьня судзьдзя Сяргей Хрыпач прысудзіў фігурантам справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня» наступныя тэрміны:

  • Аляксандру Францкевічу – 17 гадоў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
  • Акіхіра Гаеўскаму-Ханаду – 16 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
  • Марфе Рабковай – 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
  • Аляксею Галаўко – 12 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
  • Паўлу Шпетнаму, Мікіту Дранцу, Аляксандру Казлянку, Андрэю Чапюку – па 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў, або звыш 6300 даляраў);
  • Андрэю Марачу, Данілу Чулю – па 5 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў, або звыш 6300 даляраў).

Фонд BySol адкрыў тэрміновы збор для палітзьняволеных на перадачы і адвакатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG