У Менску затрымалі панк-рок-музыку Віктара «Мао» Жаркевіча, піша «Наша Ніва».
Затрыманага прымусілі несьці з сабой дзьверы ад лядоўні, бо на іх былі пратэставыя стыкеры і анархісцкія лёзунгі. На галаве ў Віктара была чырвоная каска з Пагоняй, рукі ягоныя закавалі ў кайданкі.
У віну мужчыну ставяць крытычныя выказваньні ў інтэрнэце, анархісцкія і панкаўскія погляды.
Жыхара Гомля асудзілі на 3 гады калёніі за адміністраваньне гістарычнага тэлеграм-канала
Мікіта Сьлепянок стварыў і адміністраваў культурна-гістарычны тэлеграм-канал Rezystans. Яго выклікалі на допыт у міліцыю 6 красавіка і больш не адпусьцілі, піша «Вясна».
Сам канал, у якім больш за 200 падпісчыкаў, прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». А хлапца абвінавацілі ў стварэньні гэтага фармаваньня і кіраваньні ім.
Майстра спорту па паўэрліфтынгу пакаралі годам калёніі за разьвешваньне бел-чырвона-белых сьцягоў
У судзе Баранавіцкага раёну вынесены прысуд мясцоваму жыхару Ўладзімеру Бранавіцкаму, якога абвінавацілі ў хуліганстве па ч.1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу, паведамляюць праваабаронцы.
Справу разглядала судзьдзя Аксана Копач, дзяржабвінаваўца — Вадзім Карачун.
54-гадовага майстра спорту па паўэрліфтынгу абвінавацілі ў тым, што са студзеня па чэрвень 2022 году ён нібыта разьвешваў «пратэставую сымболіку» на лініях электраперадач у Баранавічах, а таксама на тэрыторыях Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў.
У ходзе судовага сьледзтва абвінавачаны патлумачыў, што перасоўваўся па тэрыторыі раёну на ровары. Самастойна вырабіў адмысловае прыстасаваньне з зачэпам і шпагатам, з дапамогай якога закідаў палотнішчы на правады электраперадач.
У выніку Бранавіцкаму прысудзілі 1 год калёніі агульнага рэжыму.
Менчука асудзілі за графіці на вагоне цягніка
Згодна з матэрыяламі справы, хлопец «з выкарыстаньнем аэразольных балёнаў з фарбавальным рэчывам розных колераў нанёс графіці на вагон пасажырскага прыгараднага электрацягніка». Супраць яго завялі крымінальную справу паводле арт. 341 КК «Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці».
Паведамляецца, што абвінавачаны нанёс шкоду Беларускай чыгунцы ў памеры 52 рублёў 17 капеек. Сваю віну на судовым паседжаньні хлопец прызнаў, адзначаюць праваабаронцы. У выніку яго пакаралі штрафам у 50 базавых (1600 рублёў).
На лідчаніна завялі справу за заклікі да пратэстаў
Тэлеграм-канал «Право имеют» паведамляе пра затрыманьне жыхара Ліды, які, паводле сілавікоў, у 2020 годзе нібыта быў у пратэставым чаце «Ліда 97%», дзе актыўна пісаў. Таксама ён быццам бы зьвязваўся з плянам «Перамога».
Па вэрсіі сілавікоў, ён заклікаў да страйку, пратэстаў і дывэрсій на чыгунцы. Супраць яго распачалі крымінальныя справы за наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць шляхоў зносін і арганізацыю групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
Мазырскага праваабаронцу арыштавалі на 10 сутак
Уладзімера Целяпуна затрымалі па арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі ў фэйсбуку». Судзілі Ўладзімера за спасылку на сайт «Палескай Вясны».
Сваякі Целяпуна хацелі перадаць яму лекі, аднак супрацоўнікі адмовіліся іх узяць. У выніку Ўладзімер прапусьціў час прыёму лекаў ад ціску — на судовы працэс выклікалі хуткую дапамогу.
Экс-сьледчы Аляксей Зікееў выйшаў на волю
Праваабаронцам стала вядома, што ў канцы жніўня на волю выйшаў палітвязень Аляксей Зікееў. Ён цалкам адбыў свой тэрмін у папраўчай калёніі № 3.
Зікееў, былы сьледчы, падчас выбарчай кампаніі 2020 году быў у камандзе Валера Цапкалы.
Аляксея затрымалі 2 чэрвеня 2021 году. Па месцы яго працы і ў кватэры прайшлі ператрусы. Спачатку яго арыштавалі на 15 сутак за «непадпарадкаваньне міліцыянту», а потым затрымалі ў крымінальнай справе за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. 29 кастрычніка 2021 году ў судзе Заводзкага раёну яго абвінавацілі паводле арт. 342 КК і прысудзілі 1,5 года калёніі.