Ціск на Вінаградава ў аршанскай калёніі
Па інфармацыі тэлеканалу «Белсат», адміністрацыя папраўчай калёніі № 12 склала тры рапарты на Паўла Вінаградава, адзін зь іх — за тое, што ад слабасьці ён прылёг на ложак. Паведамляецца, што Паўла кінулі ў штрафны ізалятар 23 жніўня. Раней яго пазбавілі працяглага спатканьня.
Нядаўна ў палітзьняволенага блогера выявілі сухоты.
У канцы ліпеня палітвязьня перавялі ў аршанскую калёнію № 12, вядомую тым, што там утрымліваюць і лечаць асуджаных, хворых на актыўную форму сухотаў. Вінаградава асудзілі на 5 гадоў калёніі за допіс у Facebook.
Прызначылі суд над адміністратарам Telegram-канала Rezystans
1 верасьня пачнуць судзіць палітзьняволенага адміністратара культурна-гістарычнага тэлеграм-каналу Rezystans Мікіту Сьлепянка. Судовае паседжаньне распачнецца а 10-й гадзіне ў Гомельскім абласным судзе. Разглядаць справу Мікіты будзе судзьдзя Васіль Бягун.
Сьлепянка абвінавачваюць паводле ч. 1 артыкула 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім) за тое, што ён нібыта «больш за паўгода разьмяшчаў нацысцкую сымболіку і экстрэмісцкія матэрыялы, якія дыскрэдытуюць органы дзяржаўнай улады і кіраваньня», паведамляе «Гомельская Вясна».
Мікіта стварыў і адміністраваў культурна-гістарычны тэлеграм-канал Rezystans. Яго выклікалі на допыт у міліцыю 6 красавіка і больш не адпусьцілі. Пазьней стала вядома, што на яго заведзеная крымінальная справа. Rezystans, у якім больш за 200 падпісчыкаў, МУС прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Aдрас: СІЗА-3, 246003, Гомель, Кніжная, 1А, Мікіта Антонавіч Сьлепянок.
Палітзьняволеную расіянку Сафію Сапегу пазбавілі віда на жыхарства ў Беларусі
Пазбавілі яе і спатканьня з роднымі — нібыта за тое, што яна падзялілася зь некім цыгарэтай, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Як паведамлялася, бацька Сапегі аплаціў прысуджаны ёй штраф у памеры 175 тыс. рублёў. Рашэньнем суду штраф быў спагнаны на карысьць больш як 70 пацярпелых — сілавікоў, чыноўнікаў і судзьдзяў. Паводле адваката палітзьняволенай Антона Гашынскага, цяпер дзяўчыну могуць памілаваць ці экстрадаваць у Расею. Прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі яна ўжо напісала.
Сафію Сапегу, а таксама блогера і актывіста Рамана Пратасевіча затрымалі 23 траўня 2021 году ў менскім аэрапорце пасьля прымусовай пасадкі самалёта авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню.
Сёлета 6 траўня Горадзенскі абласны суд засудзіў Сапегу на 6 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Дзяўчыну прызналі вінаватай ва «ўзбуджэньні сацыяльнай варожасьці, незаконным зборы і распаўсюдзе зьвестак аб прыватным жыцьці, якія пацягнулі за сабой прычыненьне шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелых».