Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу Бурэль выказаў прагноз наконт візавых абмежаваньняў расейцам і беларусам


Жузэп Бурэль
Жузэп Бурэль

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль у інтэрвію аўстрыйскаму тэлеканалу ORF выказаў сумневы, што ідэя забароны на выдачу віз будзе мець аднагалосную падтрымку.

«Я ня думаю, што спыненьне адносін з цывільным насельніцтвам Расеі дапаможа, і ня думаю, што гэта ідэя будзе мець аднагалосную падтрымку», — цытуе яго агенцтва Reuters.

31 жніўня ў Празе адбудзецца сустрэча кіраўнікоў МЗС краін Эўразьвязу, на якой міністры абмяркуюць магчымую забарону выдачы турыстычных віз расейцам.

Як пісаў раней Financial Times, большасьць кіраўнікоў дыпляматычных ведамстваў зьбіраюцца прагаласаваць за прамежкавы варыянт, пры якім для грамадзян Расеі і Беларусі адменяць спрошчаны парадак выдачы шэнгенскіх віз. Калі гэтае рашэньне будзе прынята, расейцам і беларусам давядзецца плаціць больш высокія візавыя зборы (80 эўра замест 35) і даўжэй чакаць разгляду дакумэнтаў.

Пытаньне аб магчымай забароне на ўезд у Эўразьвяз для грамадзян Расеі і Беларусі абмяркоўваецца на Захадзе ўсё часьцей пасьля закліку прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Прапанову ўжо ўнесьлі на абмеркаваньне ў ЭЗ.

Адной зь першых прапанову Зяленскага наконт забароны наведваць ЭЗ грамадзянам Расеі падтрымала прэм’ер Эстоніі Кая Калас, заявіўшы, што «наведваньне Эўропы — гэта прывілей, а ня права». Сама Эстонія не выдае турыстычных візаў расейцам зь вясны. Парлямэнт Латвіі заклікаў краіны ЭЗ прыпыніць выдачу турыстычных і ўязных візаў ня толькі грамадзянам Расеі, але і Беларусі. «Сказаць выразнае „не“ турыстам з Расеі і Беларусі» запатрабаваў і кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс. У Польшчы ўжо працуюць над канцэпцыяй, якая дазволіць не выдаваць візы расейцам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG