Тры працэнты — папулярны мэм лета 2020 году. А вось зусім новы загаловак апошніх дзён: «Тры працэнты беларусаў падтрымліваюць увядзеньне арміі Беларусі ва Ўкраіну». І яшчэ загаловак, да гадавіны незалежнасьці: «Тры працэнты дэпутатаў не галасавалі за незалежнасьць Беларусі».
Цяперашнія і ранейшыя падзеі ў Беларусі часта складаюцца ў заканамернасьці, якія дазваляюць зазірнуць у будучыню. Магічная, на першы погляд, лічба ўвесь час нагадвае пра сябе і наводзіць на пэўныя высновы.
Напэўна, калі зло ня ўзброенае і пастаўленае ў роўныя ўмовы з праўдай, яго заўсёды толькі тры працэнты.
Апазыцыю «зло — праўда» я ўзяў у Янкі Купалы, бо ў такім практычным і распазнавальным варыянце яно ўспрымаецца і вельмі па-беларуску, і вельмі дакладна. Пагатоў хлусьня — таксама распазнавальнае і дакладна вызначанае зло, ці будзе тут гаворка пра «агрэсію» Захаду супраць Беларусі або пра тое, што «ня ўсё так адназначна», ці даволі даўняе «ня ўсё толькі дрэннае было ў Нямеччыне пры Гітлеру».
Я заўважыў, што лічба магічная на першы погляд, бо насамрэч яна цалкам рацыянальная, у процівагу цалкам ірацыянальным 80 працэнтам перамогі зла, пра якія гаворыць цалкам ірацыянальная прапаганда.
Інакш кажучы, у абсалютных лічбах і ў чыстым выглядзе, і па адчуваньні ў Беларусі сапраўды тры працэнты гэтага самага зла. Зусім ня шмат. Забяры толькі ў іх зброю — і яны адразу перастануць што-небудзь значыць. Што да праўды або дабра, дык у такіх абсалютных лічбах дабро не вылічваецца. Яго не 97 працэнтаў, як можна было б падумаць. Бо ёсьць шырокая паласа людзей, якія вымушаныя рознымі спосабамі ратавацца, ёсьць і такія, хто зусім ня ў тэме. Але так ці інакш, 97 адсоткаў беларусаў гатовыя з рознай ступеняй адкрытасьці жыць нармальным, людзкім, неганебным жыцьцём.
Такая выснова настройвае на аптымістычны лад, хоць гэта першая і добрая навіна зь дзьвюх розных: давядзецца сказаць і пра дрэнную.
Былы пасол Украіны ў Беларусі трапна заўважыў, што беларусы — нацыя (і ў 2020-м, маўляў, яны гэта даказалі), але нацыя безь дзяржавы, якая б гэтую нацыю прадстаўляла. Функцыі дзяржавы са зброяй у руках захапілі тыя самыя 3%. Але і гэта яшчэ ня самая дрэнная навіна. Гэтыя 3% амаль цалкам зьліліся з расейцамі, з Расеяй. А бяда ў тым, што расейцаў як нацыі няма. Іх няма як такіх у рацыянальным, прадказальным, распазнавальным полі. Панятак нацыі яны падмяняюць прыдуманым і эфэмэрным «русским миром», тады як натуральныя характарыстыкі — ці то мысьленьне тэрыторыяй сваёй краіны, ці то ўяўленьне сваёй краіны ў шэрагу іншых, ці то адчуваньне адзінства лёсу — гэта ўсё, наадварот, падаецца як выдумка іншых, «нягодных» нацыяў, мерацца зь якімі ў адной гарызантальнай прасторы расейцы не жадаюць.
І гэта самая дрэнная навіна. Бо для таго, каб у расейцаў на месца вайны, пыхі і сьмерці прыйшла нармальнасьць, усьведамленьне сябе адной з нацый (а менавіта з роўнае зь іншымі нацыі пачынаюцца чалавечыя каштоўнасьці), трэба, каб нехта гэты праект хоць бы прагназаваў і плянаваў гэтую палітычную нацыю. А ўсё, што мы бачым у пляне рацыянальных ідэй, гэта фантазіі пра раскол Расеі на мноства асобных нацыяў, хоць нават намёку на такую хаду падзеяў не відаць. Не прабіваюцца рацыянальныя ідэі ў пастаноўку той страшнай казкі, якая цалкам апанавала суседнюю імпэрыю.
Тым часам у Беларусі няма ніякай казкі, ёсьць панылая, як агратрэш на дажынках, «карціна сьвету» тых трох працэнтаў, якая даўно зьнерухомела ў сваёй ірацыянальнасьці, а пры тым іншыя карціны сьвету, рухомыя і жывыя, яны лічаць варожымі (экстрэмісцкімі) і падлеглымі вынішчэньню. Тысячны раз задумляесься, навошта змагацца супраць чалавечнасьці, узаемадапамогі, прыгажосьці, калі гэта найлепшае, што ёсьць у людзях? Усяго толькі каб утрымаць уладу? Бесчалавечную, бескультурную, безгустоўную ўладу нават не чагосьці, ідэі нейкай, а пэрсанальнага каго.
Лёгіка лічбаў падказвае, што колькі б мёртвы ні хапаў жывога, перамагаць будзе апошні. Беларусы, як і раней у гісторыі, будуць існаваць на мяжы ірацыянальнага сьвету, але галоўнае, што яны ўрэшце сфармаваліся як нацыя, сталі суб’ектам свайго ўласнага жыцьця, пазбавіліся прапагандысцкіх ілюзій і ў сваім імкненьні да нармальнага жыцьця ня бачаць альтэрнатывы.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.