На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае сацыёляг, былы дырэктар Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі Генадзь Коршунаў.
Коршунаў
Ці зьмянілася падтрымка Лукашэнкі?
- Шчырая падтрымка Лукашэнкі цяпер ніжэйшая, чым тыя 28–20%, якія фігуруюць у апытаньнях нямецкага цэнтру ZOiS i брытанскага Chatham House.
- Сярод прыхільнікаў улады яму няма ніякай альтэрнатывы.
- Падчас апытаньняў у такіх умовах, якія цяпер у Беларусі, людзі крыху прыхоўваюць свае меркаваньні, нават не заўжды сьвядома.
- Нават падчас онлайн-апытаньняў, якія больш бясьпечныя, уключаецца ўнутраны цэнзар.
- З улікам гэтага фактару я мяркую, што яго падтрымка цяпер складае 20–25%.
- Каб зразумець, што адбылося ў Беларусі ў 2020 годзе, трэба глядзець гадоў на 10 назад.
- Улада стала кансэрвавацца, а грамадзтва разьвівацца — у першую чаргу дзякуючы лічбавізацыі і разьвіцьцю сацыяльных сетак.
- Стварылася прастора, дзе людзі маглі разьвівацца без уладаў, а часам і насуперак уладам.
Ці патрэбная ўладзе сацыялёгія?
- Дырэктар Інстытуту сацыялёгіі НАН, які быў да мяне, выключыў пытаньне аб даверы прэзыдэнту з маніторынгавай анкеты інстытуту.
- Як той казаў, ня ведаеш — і галава не баліць.
- Дынаміку можна адсачыць паводле дадзеных НІСЭПД, якія, на шчасьце, яшчэ ёсьць у вольным доступе.
- І там усё адэкватна.
- Цікава, што ў адміністрацыі Лукашэнкі дадзенымі Інстытуту сацыялёгіі не карысталіся.
- Дадзеныя ішлі наверх, але недзе праз год, калі я быў дырэктарам інстытуту, тэлефануе чалавек з адміністрацыі, пытаецца, што яны азначаюць.
- Я тлумачу, спрабую даць дадатковую інфармацыю, чую ў адказ — «Ды ня трэба».
- Тое самае было з ІАЦ [Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі прэзыдэнта], які зьнішчылі ў 2019 годзе.
- Вынішчалася ня толькі незалежная сацыялёгія, але і праўладная, уладам была нецікавая і непатрэбная інфармацыя пра тое, што адбываецца ў грамадзтве.
Ці ёсьць раскол у беларускім грамадзтве?
- Адзінадушша ў меркаваньнях няма ў ніводным грамадзтве.
- Я мяркую, што тэза пра раскол у беларускім грамадзтве — гэта перабольшаньне.
- Раскол ёсьць паміж грамадзтвам і ўладай, унутры грамадзтва ёсьць падзелы.
- Галоўны падзел — каштоўнасны, цывілізацыйны, гэта падзел паміж эпохамі.
- Частка грамадзтва ўвайшла ў лічбавую, постындустрыяльную стадыю разьвіцьця, іншая частка толькі ўваходзіць, а яшчэ адна ня хоча нікуды ўваходзіць, яна сядзіць у індустрыяльнай эпосе і ёй там добра.
- У апытаньні Chatham House падтрымка патрабаваньняў пратэсту значна шырэйшая, чым доля прыхільнікаў пратэсту.
- Па некаторых патрабаваньнях там падтрымка 60–70%, амаль удвая большая, чым падтрымка пратэсту як такога.
- Тых, хто апраўдвае гвалт, усяго 15%.
- У носьбітаў традыцыйных каштоўнасьцяў локус кантролю вынесены вонкі, яны аддаюць права кіраваць сабой Лукашэнку, уладзе.
У што ператварыўся вулічны пратэст?
- Варта ўлічваць таксама дадзеныя «Народнага апытаньня», якое апытвае праз Viber больш пратэставае грамадзтва.
- Вулічныя пратэсты сваю ролю ўжо адыгралі.
- Зараз цана выхаду на вуліцу неймаверная.
- Небясьпека для сябе і сваёй сям’і — гэтую прычыну людзі пераважна называюць у «Народным апытаньні», калі тлумачаць, чаму яны не выходзяць на вуліцу.
- Паводле апытаньняў і ZOiS, і Chatham House, за год незадаволенасьць уладамі і жаданьне зьменаў амаль не зьмяніліся.
«Падзеі 2020-га— пачатак „гістарычнай рэвалюцыі“»
- Калі б улада дала магчымасьць людзям некуды сысьці ад палітыкі, яны б, можа, туды і сышлі.
- Але зараз сысьці няма куды, акрамя сваёй кухні.
- 2020 год даў людзям неймавернае адчуваньне еднасьці.
- Тады велізарная колькасьць людзей казала, як Бандарэнка, — «Я выходжу».
Ці павялічваецца доля прыхільнікаў нямірных шляхоў пераменаў?
- Доля прыхільнікаў нямірнага пратэсту не павялічваецца.
- Дадзеныя нямецкага ZOiS у гэтым пытаньні пацьвярджаюцца і дадзенымі «Народнага апытаньня».
- Асноўныя стратэгіі, якія людзі падтрымліваюць, гэта стратэгіі мірнага пратэсту.
- Я падзяляю такі падыход.
- Калі б у жніўні пратэст ня быў мірны, улады б аддалі загад страляць не гумовымі, а баявымі кулямі.
- Тады ж Пуцін сфармаваў сілавую рэзэрву і папярэдзіў, што ў выпадку чаго расейскія сябры беларускага АМАПу прыйдуць на дапамогу.
- Я ня бачу ані сэнсу, ані патэнцыялу эфэктыўнасьці ў гвалтоўных адказах на гвалт улады.
- Ня бачу ні ў мінулым, ні цяпер.
- Праз гвалт мы не пабудуем трывалых падмуркаў будучыні.
- Зь негвалтоўнага пратэсту вырасьце здаровае дрэва, не палітае крывёй.
- Летась гучалі заклікі да сілавых дзеяньняў з боку пратэсту, але грамадзтва гэтых заклікаў не пачула, яно рабіла тое, да чаго яно высьпела, пра што яно вырашыла само.
Што было раней
- Нямецкі Цэнтар усходнеэўрапейскіх і міжнародных дасьледаваньняў ZOiS апублікаваў вынікі онлайн-апытаньня беларусаў, праведзенага ў чэрвені 2021 году.
- На пытаньне аб найлепшым выхадзе зь цяперашняга палітычнага тупіку большасьць рэспандэнтаў назвала новыя выбары.
- 30% апытаных аказаліся прыхільнікамі рэжыму, 53,5% — праціўнікамі рэжыму.
- Chatham House Belarus Initiative правёў чарговае онлайн-апытаньне ў ліпені-жніўні сёлета.
- Паводле апытаньня Chatham House, стаўленьне да пратэстаў стабільнае са студзеня 2021 году: прыкладна 40% гарадзкіх беларусаў ставяцца да іх станоўча, яшчэ 40% — адмоўна.
- Большасьць гарадзкіх беларусаў падтрымліваюць усе патрабаваньні пратэсту (акрамя адстаўкі Лукашэнкі — за гэта выступае 46%).
- Лукашэнку ў ліпені лічылі найбольш годным прэзыдэнтам 27% апытаных.