У выніку абстрэлу расейскімі войскамі чыгуначнай станцыі паселішча Чапліна Днепрапятроўскай вобласьці 24 жніўня загінулі 25 грамадзян, у тым ліку 2 дзяцей, яшчэ 31 атрымаў раненьне.
«Чапліна — наш боль сёньня», — заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў традыцыйным вячэрнім відэазвароце да ўкраінскага народу.
Паводле яго, пошукава-ратавальныя работы на чыгуначнай станцыі, куды трапілі расейскія ракеты, працягваюцца.
«Абавязкова прымусім акупантаў адказаць за ўсё, што яны нарабілі», — заявіў кіраўнік украінскай дзяржавы.
Як удакладніў Кірыла Цімашэнка, намесьнік кіраўніка Офісу прэзыдэнта, 11-гадовы хлопчык загінуў пад заваламі будынку, а яшчэ 6-гадовае дзіця згарэла ў аўтамабілі каля чыгуначнай станцыі.
Вайсковы экспэрт Раман Сьвітан паведаміў, што расейцы атакавалі Чапліна тры разы — раніцай, па абедзе і ўвечары, калі ракета пацэліла ў цягнік.
«Вось гэтага, вядома, ніхто не чакаў. Удар па пасажырскім цягніку — адна з тых атак, якія ўжо паўгода Ўкраіна прымае па аб’ектах, мірных, па месцах масавага знаходжаньня людзей… Гэта подласьць расейская», — сказаў ён у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.
Сьвітан удакладніў, што ўдараў па інфраструктурных аб'ектах і так званых цэнтрах ўхваленьня рашэньня, як чакалася, не адбылося. Паводле яго, расейцы пераважна запускалі ракеты тыпу Х-22, Х-59. У прыватнасьці, чатыры ракеты Х-22 прыляцелі ў Міргарад Палтаўскай вобласьці.
«Частку ракет над тэрыторыяй Украіны зьбілі сілы СПА. Х-22 мы прапусьцілі», – дадаў Раман Сьвітан.
Расея прызнала атаку Чапліна, але сьцьвярджае, што пацэлілі ў вайсковы цягнік
Міністэрства абароны Расеі прызнала абстрэл чыгуначнай станцыі ў Чапліне Днепрапятроўскай вобласьці. Але там пераконваюць, што ракета «Іскандэр» ударыла па вайсковым эшалёне, а ў выніку ўдару нібыта «зьнішчана больш як 200 вайскоўцаў рэзэрву Ўзброеных сіл Украіны і 10 адзінак вайсковай тэхнікі, якая накіроўвалася ў зону баявых дзеяньняў на Данбасе».
Пракуратура Ўкраіны завяла крымінальную справу
У Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны паведамілі аб пачатку крымінальнага расьсьледаваньня паводле факту парушэньня Расеяй законаў і звычаяў вайны. Сьледчыя адзначаюць, што расейскія ракеты трапілі ў прыватныя будынкі, пасажырскі цягнік і адміністрацыйнае памяшканьне чыгуначнага вакзала ў паселішчы. Паводле Офісу генэральнага пракурора Ўкраіны, на месцы знайшлі рэшткі ракет «Сьмерч» і С-300, а ў прыватны будынак запусьцілі ракету «Іскандэр».
У ноч на 25 жніўня расейцы абстралялі і Вышгарадзкі раён Кіеўскай вобласьці. Як паведамілі абласныя ўлады, ахвяр і параненых няма, але інфармацыя ўдакладняецца. Паводле іх, няма пажараў і разбурэньняў жылых будынкаў і інфраструктуры.
Украінскія тэлеграм-каналы паведамляюць, што абстрэлы ажыцьцяўляліся нібыта з паветранай прасторы Беларусі. Але афіцыйнага пацьвярджэньня няма.
У Дзень Незалежнасьці Расея абстраляла 58 населеных пунктаў Украіны
24 жніўня па ўсёй Украіне абвяшчалі паветраную трывогу 189 разоў — гэта найбольшая колькасьць пагроз за ўвесь час ад пачатку вайны.
Як паведаміў першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Яўген Енін у эфіры тэлеканалу «1+1», за мінулыя суткі расейцы абстралялі 58 населеных пунктаў Украіны.
«Гэта істотна большая колькасьць абстрэлаў, чым мы звычайна фіксуем», — адзначыў Яўген Енін.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.