Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Сэрбіі: «Мы выратуем сэрбскі народ у Косаве ад перасьледу і пагромаў, калі гэтага ня зробіць NATO»


Аляксандар Вучыч
Аляксандар Вучыч

Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч заклікаў NATO «рабіць сваю працу» ў Косаве, інакш Сэрбія сама прыме меры для абароны сваёй меншасьці. Ён чарговы раз абвінаваціў у канфлікце альбанцаў і Захад.

Тэлезварот прэзыдэнта Аляксандра Вучыча да сваёй нацыі адбыўся пасьля правалу палітычных перамоваў паміж лідэрамі Сэрбіі і Косава ў пачатку тыдня пры пасярэдніцтве Эўрапейскага зьвязу ў Брусэлі. 21 жніўня Вучыч і некаторыя іншыя члены сэрбскага кіраўніцтва, у тым ліку прэм’ер-міністарка Ана Брнабіч, міністар фінансаў і іншыя сустрэліся з прадстаўнікамі косаўскіх сэрбаў.

«Для нас важна тое, што сёньня адбылася сустрэча з прадстаўнікамі косаўска-мэтохійскіх сэрбаў, яна была кароткай і апэратыўнай. Рубікон пройдзены. Мы ведаем, што нават калі нейкім цудам да 1 верасьня адбудзецца кампраміс, то 31 кастрычніка паўстане нейкая іншая праблема... Мы ведаем, што праблемы для сэрбаў ня спыняцца. Адзінае, чаго хочуць альбанцы, гэта пакласьці канец існаваньню сэрбскай дзяржавы і народу», — заявіў Вучыч, ягоныя словы прыводзіць выданьне N1.

Сэрбія разам са сваімі хаўрусьнікамі Расеяй і Кітаем адмовіліся прызнаць абвешчаную ў 2008 годзе незалежнасьць Косава. Інтэрвэнцыя пад кіраўніцтвам NATO ў 1999 годзе паклала канец вайне паміж сэрбамі і альбанцамі ў Косаве і спыніла крывавыя рэпрэсіі Бялграда супраць альбанцаў, якія складалі большасьць насельніцтва Косава і патрабавалі незалежнасьці.

Эўразьвяз назіраў за шматгадовымі беспасьпяховымі перамовамі аб нармалізацыі сувязяў, заяўляючы, што гэта адна з галоўных перадумоў канчатковага членства Косава і Сэрбіі ў палітычным блёку.

«Нам няма куды ісьці, мы загнаныя ў кут», — сказаў Вучыч у тэлезвароце 21 жніўня. «Мы выратуем наш народ ад перасьледу і пагромаў, калі гэтага ня зробіць NATO».

Ён таксама заявіў, што косаўскім альбанскім «бандам» неабходна спыніць пераход на поўнач Косава, дзе жыве большасьць косаўскіх сэрбаў. Аднак ён не прадставіў ніякіх доказаў такім пераходам.

«Яны сказалі, што ўсё прымуць, але паставілі нам нейкія чырвоныя лініі, пра якія я зараз ня буду казаць. У якасьці гарантыяў яны прасілі, што пагромаў ня будзе, і ад мяне іх атрымалі. Мне паведамілі, што калі гэты перасьлед сэрбаў ня будзе спынены, то ў наступным месяцы ўсе інстытуты Косава будуць пакінутыя палітыкамі, а да канца верасьня брусэльскі парадак, устаноўлены Брусэльскім пагадненьнем, будзе дэмантаваны. Паліцыя, судзьдзі пакінуць свае пасады», — падкрэсьліў Вучыч.

На Захадзе шырока распаўсюджаныя асьцярогі, што Расея можа заахвоціць свайго саюзьніка Сэрбію да ўзброенага ўмяшаньня ў паўночнае Косава, што яшчэ больш дэстабілізуе Балканы і адцягне частку ўвагі сьвету ад вайны Масквы супраць Украіны.

Акрамя таго, Вучыч у тэлезвароце заявіў, што ў мінулым месяцы Косава нібыта наведвалі праціўнікі кіраўніка пракрамлёўскай улады Чачэніі Рамзана Кадырава, якія спадзяюцца на аддзяленьне сваёй рэспублікі ад Расеі. Паводле сэрбскага прэзыдэнта, чачэнцы і чаркесы нібыта прыехалі вэрбаваць косаўскіх альбанцаў для вайны за Ўкраіну, а таксама дасьледавалі настроі на пераважна сэрбскай па насельніцтве поўначы Косава.

Амаль 4000 міратворцаў пад кіраўніцтвам NATO разьмешчаны ў Косаве пасьля вайны 1998-99 гг., і любое ўзброенае ўмяшаньне туды з боку Сэрбіі ці Расеі азначала б сур’ёзную эскаляцыю старога канфлікту. Пасьля зрыву перамоваў пры пасярэдніцтве ЭЗ міратворчыя войскі былі разгорнутыя на галоўных дарогах на поўначы Косава, заявіўшы, што яны гатовыя абараняць свабоду перамяшчэньня для ўсіх бакоў.

Напружанасьць паміж Сэрбіяй і Косавам зноў абвастрылася ў мінулым месяцы, калі ўрад Косава на чале з прэм’ер-міністрам Альбінам Курці абвясьціў, што сэрбскія дакумэнты, якія сьведчаць асобу, і нумарныя знакі транспартных сродкаў больш ня будуць сапраўднымі на тэрыторыі Косава. Сэрбія цягам апошніх 10 гадоў прымяняе такія ж меры для грамадзян Косава, якія перасякаюць тэрыторыю Сэрбіі.

Сэрбская меншасьць у Косаве з гневам адрэагавала на прапанаваныя зьмены, выставіўшы блёкпосты на дарогах, уключыўшы сырэны паветранай трывогі і страляючы са зброі ў паветра і ў бок косаўскіх паліцыянтаў. Пацярпелых у тыя дні не было.

Пад ціскам Захаду Курці адклаў выкананьне меры на месяц да 1 верасьня, тады чакаюцца новыя праблемы, калі да таго часу ня будзе дасягнуты кампраміс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG