Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У банках, у крамах, у турыстычных месцах. Як расейцы «акупавалі» Беларусь


Архіўнае фота. Расейскія турысты ў Менску падчас Чэмпіянату сьвету ў хакеі у 2014 годзе
Архіўнае фота. Расейскія турысты ў Менску падчас Чэмпіянату сьвету ў хакеі у 2014 годзе

У студзені 2022 году ў Беларусь пачалі масава прыбываць расейскія салдаты (па розных ацэнках, да пачатку красавіка празь беларускую тэрыторыю іх прайшло некалькі дзясяткаў тысяч). Улетку 2022 году вайскоўцаў замянілі цывільныя грамадзяне РФ.

Банкаўскія карткі

З пачаткам вайсковага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну заходнія кампаніі пачалі масава ўводзіць санкцыі супраць РФ. Закранулі яны і банкаўскую сфэру: у Расеі перасталі працаваць карткі самых папулярных міжнародных сыстэм — Visa i Mastercard. Праблемы ўнутраных плацяжоў расейцы хутка вырашылі — там існуе ўласная плацежная сыстэма з плястыкавай карткай «Мир». А вось за мяжой, а таксама для плацяжоў у інтэрнэце на замежных сайтах, яна ўжо не працуе. Выйсьце знайшлося ў суседніх краінах, банкі якіх адкрываюць грамадзянам РФ рахункі і выдаюць карткі міжнародных сыстэм. У тым ліку ў Беларусі.

Пра тое, як у Беларусі адкрываюць банкаўскія рахункі расіянам, паведамляюць расейскія СМІ са спасылкай на прэс-службы банкаў. Завесьці рахунак можна як асабіста, так і дыстанцыйна. Для гэтага дастаткова мець унутраны пашпарт грамадзяніна РФ. Каштуе такая паслуга ў раёне 100 беларускіх рублёў (грамадзянам РБ рахункі заводзяць, як правіла, альбо бясплатна, альбо за значна меншыя грошы. — РС). Атрымаць картку Visa ці Mastercard можна толькі асабіста. Як паведамляе нямецкае выданьне Deutsche Welle, праз гэта ў чэрвені ў беларускіх банках нават утварыліся чэргі з расейцаў. На «чэргі з суайчыньнікаў» наракаюць і расейскія сайты, якія склалі падрабязныя інструкцыі аб адкрыцьці грамадзянамі РФ рахункаў у беларускіх банках.

Зарабляюць на расіянах пераважна камэрцыйныя беларускія банкі, якія пакуль яшчэ ня трапілі пад заходнія санкцыі. У блогах і на расейскіх сайтах найбольш часта згадваюцца беларускія «Прыёрбанк» і «МТБанк». Свае беларускія рахункі расейцы папаўняюць з дапамогай SWIFT-пераводаў альбо са схемай зь некалькімі расейскімі і беларускімі карткамі.

Нягледзячы на заходнія санкцыі, Беларусь пакуль застаецца краінай з адной з самых лібэральных банкаўскіх сыстэм у дачыненьні да замежных грамадзян. Адкрыць рахунак тут можа грамадзянін любой краіны, дастаткова толькі мець пашпарт і беларускі мабільны нумар. Тыя ж Казахстан і Ўзбэкістан пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне абмежавалі магчымасьць адкрываць рахункі ў банках для грамадзян замежных краін, у тым ліку Расеі.

Шопінг і «МакДональдс»

У першыя месяцы пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне Расею пакінулі дзясяткі сусьветных брэндаў. Сярод іх папулярныя Bershka, Zara, Reserved, H&M, Nike, Adidas і мноства іншых. Адток заходніх кампаній зь Беларусі таксама адбыўся. У прыватнасьці, як і з Расеі, зь Беларусі сышла швэдзкая Ikea. Кампанія хоць і ня мела беларускіх крамаў, але актыўна супрацоўнічала зь мясцовымі вытворцамі. Аднак H&M, Nike і Adidas працягваюць афіцыйна працаваць у Менску і іншых беларускіх гарадах. Не было навінаў і пра закрыцьцё беларускіх рэстаранаў MacDonalds. Усё гэта актыўна прываблівае ў Беларусь грамадзян Расеі.

Як паведамляе расейская Асацыяцыя турапэратараў, арганізацыя шопінг-тураў з Расеі ў Беларусь ужо стала новым трэндам. Уплывае на сытуацыю і тое, што ў Беларусі амаль паўсюль можна разьлічыцца карткамі расейскай плацежнай сыстэмы «Мир».

«Доля сіці-тураў (паездак на выходныя ў выбраны беларускі горад. — РС) дзякуючы такой шопінг-аўдыторыі складае ў продажах „Мультитура“ (буйная расейская турыстычная кампанія. — РС) ужо 10–15% ад усіх рэзэрваваньняў па кірунку, — паведамляе сайт Асацыяцыі. — А ў турапэратараў FUN&SUN і PAC Group доля сіці-тураў у Беларусь сёлета яшчэ вышэйшая: 45–50%».

Некаторыя расейскія турапэратары нават распрацавалі новую паслугу — паездка ў Беларусь па пакупкі і адначасовае афармленьне беларускай банкаўскай карткі. Такія туры выходнага дня зь пералётамі і банкаўскімі кансультацыямі абыходзяцца расейцам прыкладна па 500 даляраў з чалавека.

Турызм

Акрамя беларускіх банкаў і гандлёвых цэнтраў, цікавяць грамадзян Расеі і турыстычныя адметнасьці Беларусі. Калі да пандэміі каранавірусу «нашэсьці» з Усходу назіраліся ў асноўным падчас доўгіх выходных у Расеі, то цяпер падобная сытуацыя амаль бесьперапынная.

«Турыстаў з Расеі стала вельмі шмат, — расказала Свабодзе адна з супрацоўніц невялікай турыстычнай фірмы. — Яны пачалі масава прыяжджаць прыкладна з траўня. Калі раней ехалі ў санаторыі, у Менск, у Берасьцейскую крэпасьць, на травеньскія сьвяты ехалі, то цяпер яны тут увесь час. Вельмі шмат груп, экскурсій, практычна па ўсёй тэрыторыі краіны».

Па словах суразмоўцы, адным з фактараў, які моцна прыцягвае расіян у Беларусь, сталі цэны. Нягледзячы на высокую інфляцыю, для грамадзян Расеі яны застаюцца прывабнымі. Асабліва ў параўнаньні з цэнамі на адпачынак у Турэччыне альбо Эгіпце. Да таго ж падчас турыстычнай паездкі можна вырашыць пытаньні з адкрыцьцём рахункаў і набыцьцём рэчаў заходніх брэндаў.

Асацыяцыя турапэратараў Расеі пацьвярджае вялікую цікавасьць расейцаў да адпачынку ў Беларусі. Паводле яе зьвестак, асноўную масу расейскіх турыстаў у Беларусі сёньня складаюць «платаздольныя людзі ва ўзросьце ад 25 да 45 гадоў».

«Дзякуючы гэтай аўдыторыі расьце попыт на экскурсійныя туры, туры выходнага дня, — цытуе сайт Асацыяцыі дырэктарку адной з расейскіх турфірмаў. — Павялічваецца і працягласьць паездак у Беларусь. Калі раней гэта былі туры на 3-4 дні, то сёньня мы бачым павелічэньне колькасьці заездаў па экскурсійных праграмах ад 5 да 7 дзён».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG